Школа Скарыны і “расонскі ідал”

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Лета — гарачая пара для археолагаў: менавіта ў гэты час яны выязджаюць на раскопкі, адшукваючы такім чынам новыя артэфакты нацыянальнай культуры. Аднак часам здараецца, што адкрыцці аказваюцца незапланаванымі, і тады новыя знаходкі можна лічыць папраўдзе цудам. Менавіта такімі нечаканкамі вызначылася сёлетняе лета для Полацка.

/i/content/pi/cult/337/6219/3-6.jpgПрынамсі, пад час будаўнічых работ старадаўні горад "вярнуў" сабе былы бернардзінскі манастыр. Да апошняга часу навукоўцам было невядома дакладнае месца, дзе ён знаходзіўся, бо не захавалася нават руін былых пабудоў. Аднак дзякуючы будаўнікам адкрыліся рэшткі фундамента, што супалі са старымі планамі манастырскага комплексу, і пераканаўчыя знаходкі, якія пацвердзілі гэтую здагадку: посуд, кафля, накладкі на кнігі, царкоўнае бернардзінскае начынне і шмат чаго іншага. Навукоўцы лічаць, што менавіта тут, у школе манахаў-бернардзінцаў, азы навукі спасцігаў, бадай, самы знакаміты палачанін- Францыск Скарына.

 Багатыя археалагічныя знаходкі з полацкіх "нетраў" чакаюць больш пільнага даследавання. Што ж да рэшткаў самога манастырскага комплексу, дык ён, як распавёў у тэлефоннай размове загадчык кафедры айчыннай і агульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Дук, які ўзначальваў раскопкі, знаходзіцца акурат на тэрыторыі будоўлі, да таго ж- у атачэнні прыватнай забудовы. Гэта значыць, што музеефікацыя знойдзеных рэшткаў манастырскага комплексу мала верагодная. Аднак сам па сабе факт адкрыцця новага гістарычнага аб'екта на тэрыторыі старажытнага Полацка толькі дадасць гораду турыстычнай прыцягальнасці.

А на Расоншчыне пры дапамозе сталічных дайвераў полацкія археолагі выявілі на дне ракі Дрысы старадаўняга язычніцкага ідала, які, па папярэдніх назіраннях, датуецца VІ - ХІІ стст. Паводле меркаванняў спецыялістаў, гэтая знаходка - унікальная ў сусветным маштабе: выява, што праляжала пад вадой прыкладна тысячу гадоў, не мае аналагаў у славянскім свеце. Цяпер гэты старадаўні ідал "прыехаў" у Мінск, дзе ў сценах Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі чакае сваёй падрабязнай экспертызы.

Фота Вячаслава РАМАНОВІЧА