Ключ да мастацтва, або Багатае сэрца Адама Шэмеша

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Той, хто лёгка валодаў пяром і пэндзлем

/i/content/pi/cult/336/6214/15-2.jpg...Менавіта ў "мінскі" перыяд раскрыўся не толькі літаратурны талент Шэмеша, але і ягоны дар бліскучага партрэтыста. Гэтаму садзейнічала і сяброўства з Людвігам Уладзіславам Кандратовічам, шырока вядомым пад псеўданімам "Уладзіслаў Сыракомля". І калі Ян Дамель быў нашмат старэйшы за Шэмеша, то Сыракомля - на 15 гадоў маладзейшы за нашага героя. Гэта значыць, сур'ёзная розніца ва ўзросце ў сяброўскіх адносінах для Шэмеша не мела значэння, бо, паўтару словы А.Валіцкага, ён "сэрца трымаў для сяброў раскрытым". Калі адбылося знаёмства Шэмеша з Сыракомлем, юны паэт быў ужо аўтарам знакамітага верша (дакладней - "народнай гутаркі") "Паштальён", які ён напісаў паводле пачутай у Міры гісторыі трагічнага кахання маладога фурмана. У рускім, вельмі акуратным, перакладзе з польскай мовы Леаніда Трэфалева верш Сыракомлі стаў адной з найпапулярных народных песень - "Ямшчык". Толькі, дадам, і сёння большасць расійскіх крыніц сцвярджае, што гэта - "старадаўняя ямшчыцкая песня на словы Трэфалева", без згадкі пра сапраўднага аўтара...

(Заканчэнне. Пачатак у № 33)

 Думаю, іх сяброўства паўстала на аснове маральнага і творчага стаўлення абодвух да лёсу Радзімы, да яе культурнай і гістарычнай спадчыны. І Шэмеш з вялікім задавальненнем дапамагаў Сыракомлю ў працы над нарысам "Мінск". Паэт не так часта бываў у Мінску, але рэгулярна атрымліваў адтуль неабходныя яму матэрыялы, у тым ліку - і ад Шэмеша. Так, апошні даслаў яму з аказіяй "Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам", падрыхтаванае Часовай камісіяй па зборы старажытных дакументаў.

Тагачасны 25-тысячны Мінск для Шэмеша і Вільня, дзе, у асноўным, жыў Сыракомля, былі больш чым проста выдатныя гістарычныя месцы. Абодва творцы марылі, каб менавіта Мінск, пасля драматычнай ліквідацыі адзінага ў краі Віленскага ўніверсітэта, стаў па-сапраўднаму духоўным цэнтрам рэгіёна, дзе можна было б рэалізаваць праграму будучага росквіту нацыянальнага мастацтва і літаратуры, "паколькі тут збіраецца даволі значнае грамадства", і жылі такія выдатныя аматары-мецэнаты, як Юрый Кабылінскі, стваральнік вялікага прыватнага музея. Адам Шэмеш піша: "...У нас ёсць прыгожыя азёры, зялёныя даліны, вялікія лясы, чароўныя мясціны і над Нёманам, і ў Інфлянтах, і ля Трокаў, і ў Падоліі; вясковы люд у маляўнічых і разнастайных народных уборах; ёсць гісторыя, поўная ўзвышаных і надзвычай прыгожых эпізодаў, здольных захапіць мастака...". А вось некаторыя віленчукі папракалі Сыракомлю ў тым, што ён у нейкім сэнсе аддае перавагу Мінску перад Вільняй. На гэта паэт адказаў: "Мінск я люблю як сталіцу правінцыі, дзе нарадзіўся, Вільню - як сталіцу майго краю. Не ўмею адрозніваць адной любові ад другой. Зрэшты, палеміка пра тое, хто больш любіць край, да дрэнных вынікаў прывесці не можа..."

 І тут я хачу згадаць словы этнографа, журналіста, літаратара, аднаго з першых бытапісцаў Мінска сярэдзіны XIX ст. Паўла Шпілеўскага: "Мінск пры сённяшняй сваёй упарадкаванасці і абноўленым выглядзе пасля пажару 1835 года можа быць названы сталіцай Беларусі. Ён больш вялікі і больш фарсісты, чым Магілёў ды Віцебск... Распасцёрты на гарах і стромах, Мінск амаль з усіх трактаў уяўляе цудоўны від". І ў той жа час, Шэмеш вельмі крытычна выказваецца пра нялёгкае жыццё мастакоў Мінска: "Якая сіла волі, якая закаханасць у мастацтва патрабаваліся, каб застацца верным сваёй справе, прадоўжыць самаўдасканальвацца ў такім антыэстэтычным, празаічным месцы, якім, з-за абыякавасці жыхароў да любой працы душы, да якой бы там ні было прыгажосці, з-за недахопу неабходнай мастаку дапамогі, з'яўляецца Мінск!.."

Паводле слоў Міхала Грабоўскага, Шэмеш распрацоўваў ідэю ўласнага праекта. Ён марыў "адкрыць пастаянную выстаўку карцін пад апекай аднаго або некалькіх аматараў мастацтва, дзе кожны мог бы бясплатна альбо за невялікі кошт бачыць работы жывапісцаў нашага краю, і каб пра гэтыя выстаўкі з'яўляліся справаздачы ў альманаху "Аthenaeum"...

Што і казаць, актыўнасці і нястрымнай энергіі Шэмешу было не займаць. Недарма ў "імправізацыі" Уладзіслава Сыракомлі "У коле знаёмых у Мінску" Шэмеш прыгаданы як "адзін з самых высакародных людзей". Дадзеныя словы з поўным правам можна аднесці і да самога Сыракомлі, пра што вельмі красамоўна сведчыць яго поўны ўзнёсласці партрэт пэндзля ягонага сябра. Гэты партрэт паэта "на пленэры" цалкам увасабляе пункт гледжання Шэмеша на сутнасць гуманістычных ідэалаў чалавека сярэдзіны XIX ст. Здаецца, твор - традыцыйны паводле класічнай кампазіцыі і колеру. Згадваюцца пластычныя ўзоры італьянскага Адраджэння і некаторыя іншыя эпохі. Але ў Шэмеша вобраз Сыракомлі ахутаны такім прыўзнята-рамантычным флёрам, што мімаволі праводзіш паралелі з бліскучай партрэтнай творчасцю яго сучасніка Брулова, а таксама Трапініна.

Што ў Шэмеша? Простая кампазіцыя, умоўнае асвятленне, пэндзаль няспешна праходзіць усю паверхню палатна, са стараннасцю вымалёўваючы складкі тканіны на цёмна-сіняй вопратцы, белую манішку, чорны бант пад каўнерыкам на шыі, счэпленыя пальцы рук паэта... Фон - фрагмент сцяны цаглянага замка, рамантычнае неба з сонечным прасветам скрозь аблокі і з правага боку - крона зялёнага дрэва. Погляд паэта - горды, пранізлівы, упэўнены. Па вялікім рахунку, гэта жывапісны помнік Творчасці./i/content/pi/cult/336/6214/15-1.jpg

 Мабыць, трэба трошкі распавесці і пра самога Сыракомлю, чалавека вялікага таленту і складанага лёсу, які пражыў усяго 38 гадоў, тым больш, што ён быў адным з самых блізкіх сяброў і паплечнікаў Адама Шэмеша. Нарадзіўся паэт у вёсцы Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер - Любанскі раён). У юнацтве вучыўся ў дамініканскіх школах Нясвіжа і Навагрудка, працаваў у Нясвіжскай канцылярыі ў Радзівілаў, быў арандатарам фальварка Залучча пад Стоўбцамі, дзе шмат і плённа працаваў. А ўвосень 1852 г. пераехаў з жонкай Паўлінай (цёзкай жонкі Шэмеша!) у арандаваны фальварак Барэйкаўшчына, што пад Вільняй. Але, на вялікі жаль, у рэшце рэшт сваё жыццё спаліў у алкаголі. Гэта ніхто з біёграфаў паэта не ўзгадвае, але ж куды падзецца ад сумнага факта... Гарэлка аслабіла арганізм, і розныя хваробы пастаянна даймалі паэта, асабліва- сухоты. І ўсё ж у 1861 г. ён, незалежны па сваіх поглядах, за ўдзел у варшаўскай дэманстрацыі супраць рэпрэсій з боку самаўладдзя трапіў на месяц у віленскую турму, а потым - "пад хатні арышт" (пад нагляд жандармаў) - у Барэйкаўшчыну.

Аднак, нягледзячы на душэўныя і фізічныя пакуты, Сыракомля пісаў незвычайныя вершы. Пра "Паштальёна" я ўжо казаў. Сярод іншых твораў паэта - вершаваны цыкл "Мелодыі з вар'яцкага дома", паэмы "Янка-далакоп", "Маргер" (паводле яе была створана аднайменная опера К.Горскага), п'еса "Хатка ў лесе", мноства лірычных апавяданняў ("гавенды"), вершы рэзка сацыяльнай, антыцарскай накіраванасці ("Гетманская начоўка", "Улас", "Мазурка", "Вызваленне сялян"), пераклады з лацінскай мовы сярэднявечных паэтаў, гісторыка-краязнаўчыя працы "Манаграфія ракі Нёман", "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" і "Нёман ад вытокаў да вусця", а таксама колькі грунтоўных водгукаў пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў Сыракомля па-польску, але два вершы напісаў і на беларускай мове: "Добрыя весці" і "Ужо птушкі пяюць усюды". Марыў выдаць кнігу беларускамоўных вершаў. Не паспеў... Але практычна ўся літаратурная дзейнасць "вясковага лірніка" Сыракомлі звязана з Беларусю, чым ён і быў духоўна блізкі Шэмешу.

У "Энцыклапедычным слоўніку" Бракгаўза і Эфрона пра Сыракомлю сказана: "Кожнаму твору Кандратовіч аддаваў частку самога сябе і пасля працэсу творчасці быў нервова ўзбуджаны, пакутаваў нясцерпна. Ён жыў, як сапраўдны паэт, бестурботна, не клапаціўся пра заўтрашні дзень, шмат зарабляў і вечна бедаваў. У апошнія гады пакутаваў і душэўна, і цялесна, часткова - з прычыны няўстрыманага жыцця". А вось словы рускага пісьменніка Мікалая Ляскова "З аднаго падарожнага дзённіка", які пабываў у Вільні пад час шматлюднага пахавання паэта: "Сыракомлю ведаюць не толькі ў Літве ды Польшчы, але і наогул ва ўсіх славянскіх землях, і дзе яго ведалі, там яго любілі за яго сімпатычны талент і няўхільна шчыры кірунак. Ён ніколі не шукаў нічыіх міласцей, і вельмі мала клапаціўся, ці, лепш сказаць, зусім не клапаціўся пра сваю рэпутацыю. Ён не валодаў мастацтвам маскіравацца, і не ўмеў хаваць сваіх слабасцей, якія, зрэшты, не прыносілі ніякай шкоды нікому, акрамя самога нябожчыка, што шмат пакутаваў у сваім жыцці... У яго было вельмі многа агульнага ў характары і натуры з нябожчыкам Тарасам Рыгоравічам Шаўчэнкам, але становішча ягонае ў Вільні было значна цяжэйшае за становішча Шаўчэнкі ў Пецярбургу".

Невядома, ці прымаў які-небудзь удзел наш герой у няшчасным лёсе свайго сябра, але хочацца думаць, што - так, бо Шэмеш, на маю думку, не мог не прыехаць да сябра ў Вільню, куды Сыракомлю на пачатку 1862-га з-за хваробы дазволілі вярнуцца з Барэйкаўшчыны. Хаця яму заставалася жыць усяго два гады...

Але вернемся трошкі назад. Скажу, што Шэмеш паспяхова супрацоўнічаў і з пісьменнікам В.Дуніным-Марцінкевічам, і з кампазітарам С.Манюшкам, стварыў дэкарацыі для першай пастаноўкі іхняй оперы "Сялянка", прэм'ера якой адбылася ў лютым 1852 года ў Мінскім гарадскім тэатры. Пісаў шмат партрэтаў, у тым ліку - Станіслава Манюшкі, Евы Фялінскай, Тэклі Янушкевіч... У сваёй кнізе "Жывапіс Беларусі. XIX - пачатак XX ст." (Мінск, 1974 г.) Леанід Дробаў рэпрадуктуе шэмешаўскі пакаленны "Партрэт Ігнація Янушкевіча". Але, на мой погляд, на ім выяўлена іншая асоба. Як я высветліў, у славутым родзе Янушкевічаў было тры сыны Тэклі Янушкевіч (Сакалоўскай), дарэчы, унучкі сястры Тадэвуша Касцюшкі - Ганны: Адольф, Яўстафій і Рамуальд. Усе яны - практычна равеснікі Шэмеша, і ўсе так ці інакш прымалі актыўны ўдзел у паўстанні 1831 г.

А што да згаданага Ігнація Янушкевіча, дык - так, быў такі, але ён, зусім яшчэ ў юным узросце, скончыў Першую Віленскую гімназію ў 1869-м, калі Шэмеша ўжо пяць гадоў як не было ў жывых. Такім чынам, на партрэце адлюстраваны іншы чалавек, магчыма, хтосьці з сыноў Тэклі Янушкевіч, але- дакладна не Адольф, дагератып якога я бачыў. З іншага боку, Яўстафій і Рамуальд былі на пачатку 1830-х афіцэрамі, а на партрэце - спакойны і сабраны персанаж у чорнай цывільнай вопратцы. Хаця потым, пасля складаных жыццёвых метамарфоз, усе тры браты адышлі ад ваенных спраў... Адольф, напрыклад, амаль чвэрць веку правёў у сібірскай ссылцы і вярнуўся паміраць на радзіму толькі ў 1856 г. Дарэчы, ён з'явіўся прататыпам аднаго з герояў 3-й часткі паэмы А.Міцкевіча "Дзяды". Яўстафій эмігрыраваў у Францыю і стаў там вядомым кнігавыдаўцом, які выпусціў творы А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, З.Красінскага, двухтомнік "Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў". Па натуры Яўстафій быў чалавекам рамантычнага складу, і гэтым быў падобны на Шэмеша. Магчыма, менавіта ён адлюстраваны на партрэце...

Уласна кажучы, рамантычная ідэалізацыя народнага духу і гістарычнага мінулага ў Шэмеша былі звязаны з надзеямі на рэлігійнае адраджэнне краіны, пра што ён і пісаў у сваіх эсэ пра Яна Дамеля і Віленскую школу мастацтваў. Таксама неаднойчы крытыкаваў сваіх сучаснікаў-мастакоў за страту "чыстасардэчнай рэлігійнасці". І вельмі не любіў "празаізму" ў мастацкай творчасці. Таму Шэмеш глыбока захапляўся рамантычнай паэзіяй духоўна блізкага яму Адама Міцкевіча, выканаўшы незахаваныя да сёння два або тры палотны па матывах "Пана Тадэвуша" і жывапісныя ілюстрацыі да "Конрада Валенрода". Ёсць звесткі, што ён яшчэ ў пачатку 1840-х гадоў напісаў дзве карціны з сюжэтамі часоў Яна ІІІ Сабескага. Але праграма адраджэння нацыянальнай культуры, на маю думку, усё ж была асноватворчай у гэты перыяд жыцця Шэмеша. У чым яе сутнасць? Прафесар Варшаўскай Акадэміі мастацтваў Марцін Залескі (а не Антон Залескі, як пішуць даследчыкі, не звяртаючы ўвагу, што Антону Залескаму ў год смерці Шэмеша было... шэсць гадоў) у некралогу назваў Адама Шэмеша "літоўскім Авербекам". У чымсьці ён меў рацыю, калі параўнаў нашага земляка з вядучым нямецкім жывапісцам, графікам і ілюстратарам так званай назарэйскай школы ў Рыме Ёганам Фрыдрыхам Авербекам, які вяртаў у еўрапейскае мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя рэлігійны дух, наследуючы ўзоры жывапісу Рафаэля, мастакоў кватрачэнта - італьянскай культуры XV ст. - і нямецкага Адраджэння.

 Шэмеш, як і Авербек, быў своеасаблівым тэосафам-тэолагам, які бачыў у рэлігійным аспекце творчасці залог маральна-этычнага, эстэтычнага і прафесійнага прагрэсу. Карацей кажучы, лічыў, што адраджэнню нацыянальнай культуры павінна служыць абуджэнне цікавасці мастакоў і літаратараў да гістарычнай спадчыны народа, да яго старажытных каранёў, да знакавых, патрыятычна-павучальных падзей мінуўшчыны. Мне здаецца, гэтая шэмешаўская канцэпцыя вельмі блізкая і да маральных, эстэтычных і культурных патрэб дзён сённяшніх...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"