Гэтая незвычайная гісторыя пачалася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ў расійскай вёсачцы Полнава, там, дзе бяруць свой пачатак вялікія рэкі Волга, Днепр, Заходняя Дзвіна. Шмат гадоў пярына служыла верай і праўдай сваім гаспадарам. Але аднойчы яны вырашылі ператварыць яе ў некалькі падушак. Адна з іх аказалася шчаслівай. І калі замуж выходзіла старэйшая дачка, да яе разам з пасагам "пераехалі" і падушкі.
Але на гэтым іх "падарожжа" не скончылася. У 1989-м падушкі трапілі ў Віцебск да Тамары Озеравай, у памяць пра маці. Потым яны засталіся ў спадчыну ейнай дачцэ - Таццяне Канапатнікавай. Кожную ноч, больш за дваццаць гадоў, дзяўчына клалася спаць на "сямейную рэліквію", не здагадваючыся пра тое, якую таямніцу захоўвае адна з падушак яе бабулі. І тут умяшаўся Яго Вялікасць Выпадак, які прымусіў новых уладальнікаў падарыць ужо трэцяе жыццё старэнькай пярыне. Тамара Барысаўна звярнулася ў атэлье, што займаецца чысткай і аднаўленнем падушак. Менавіта там і адбылося выяўленне скарбу.
Як адзначыў супрацоўнік прыватнай фірмы, у час працы над падушкамі з адной выпалі дзве старадаўнія манеты. Выканаўшы замову, прадпрымальнік адправіўся да кліентаў. На парозе яго ветліва сустрэла Таццяна. Аддаўшы падушкі, мужчына пацікавіўся: хто спаў на самай вялікай? Як аказалася, яна належала самой гаспадыні.
Якое ж было здзіўленне ўладальніцы, калі прадпрымальнік працягнуў ёй старадаўнія манеты і сказаў, дзе іх знайшоў. Але больш за ўсё яна здзівілася нават не манетам, а ўчынку незнаёмага чалавека, які мог бы пакінуць скарб сабе, але сумленна перадаў яго сапраўдным уладальнікам.
Але чаму манеты хаваліся ў звычайнай пярыне? Як высветлілася, у народзе існуе меркаванне, што калі спаць на грошах, то ў хаце будзе дастатак.
Дзмітрый ОСІПАЎ
Віцебск