Брамны куфар Ружан, або Куды вядзе інтуіцыя дызайнера?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

“Мару сустрэць у палацы прывід…”

/i/content/pi/cult/336/6211/14-2.jpgЦі задумваліся вы калі-небудзь пра тое, хто аўтар рэканструкцыі ці сучаснага афармлення той або іншай залы ў старадаўнім палацы? Так, яны, зазвычай, не пакідаюць подпісаў "пад уласнымі творамі"... Адзін з такіх майстроў, які займаўся афармленнем банкетных і канферэнц-залаў найбуйнейшых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці, стварыў памятны знак пры ўездзе на Гродзеншчыну і выйграў тэндар на ўзвядзенне фантана ў Ваўкавыску, дызайнер па інтэр'ерах Ігар МАЗАЛЕВІЧ распавёў "К" аб сваім новым праекце - рэстаўрацыі Ружанскага палаца.

- Узнаўленне гістарычных помнікаў патрабуе дакладнасці...

 - А якраз дакладных даных наконт унутранага афармлення замка на сёння няма. Таму многія рэчы даводзіцца рабіць інтуітыўна, карыстаючыся сваімі ведамі і давяраючы ўнутранаму мастацкаму адчуванню. Дапамог мне тут і падарожніцкі досвед. Так, напрыклад, у Літве знайшоў замак, што таксама, як і Ружанскі, быў створаны архітэктарам Янам Бэкерам. Праекты- вельмі падобныя, таму многае ўзнаўлялася, зыходзячы з іх падабенства.

- Ці удалося знайсці ў Беларусі арыгінальныя прадметы канца XVI - пачатку XVIІ стагоддзя для палаца?

- У Беларусі такіх рэчаў практычна няма! Хіба рэшткі, што знайшлі пад час раскопак. Штосьці прыдатнае для аздаблення адшукалі ў музеях, мясцовы ксёндз падарыў крэсла той эпохі... Астатнія рэчы ў свой час былі вывезены ў Вільню і Кракаў. Працэс вяртання падобных прадметаў на радзіму - складаная дыпламатычная місія, таму сёння карыстаемся копіямі.

 - Ужо скончылася рэстаўрацыя ўязной брамы і ўсходняга флігеля. Ці ўсё атрымалася, як вы планавалі?

- У прынцыпе, так. Але да гэтага часу мне не зразумела, навошта замуравалі пакоі, якія знаходзіліся ў браме. Гэта ж так захапляльна для турыста - паблукаць па таемных пакойчыках замка! Засмуціла і гісторыя з гербам на ўязной браме: пад час будоўлі ён разбіўся - давялося рабіць копію. Зрэшты, пазней планую адразу на ўваходзе зрабіць у зямлі паглыбленне і пад тоўстым шклом, бы мазаіку, скласці там з аскепкаў той самы герб роду.

- Што цяпер уяўляюць з сябе адрэстаўраваныя часткі палаца?

- Уязная брама па-ранейшаму выконвае функцыю варотаў у замак. Усходні флігель, які раней служыў пакоямі для слуг, ператварылі ў музейны комплекс: з аднаго боку - памяшканне, дзе прадстаўлена гісторыя роду Сапегаў, а з другога - выставачная зала. Даволі складана было ператварыць пакоі гаспадарчага прызначэння з грубымі падлогамі і бэлькавымі столямі ў шыкоўныя палаты. Музей гісторыі шляхецкага роду захаваў стыль барока, а вось выставачная зала патрабавала нейкай універсальнасці, каб пазней тут маглі прэзентаваць карціны розных эпох і стыляў.

- Ці ёсць ужо канкрэтныя планы-ідэі наконт астатніх частак палаца?/i/content/pi/cult/336/6211/14-1.jpg

 - Ёсць цікавыя задумкі наконт заходняга флігеля. Напрыклад, планую разбіць памяшканне на некалькі тэматычных зон, кожная з якіх будзе прадстаўляць пэўны эпізод жыцця беларускай шляхты: вось мужчыны падпісваюць дамову, а вось падымаюць кубкі за здароўе!.. Тут галоўнае - зрабіць добрыя лялькі і падрабязна прадумаць сюжэты. Без ведання гісторыі ў такой справе не абысціся, таму давядзецца шмат папрацаваць, але, спадзяюся, другая вышэйшая адукацыя- гісторык - мне дапаможа.

 - Замкі і шляхецкія палацы заўжды атаясамліваюцца з нечым загадкавым: забытыя скарбы, прывіды... Ці бачылі вы пад час рэстаўрацыі што-небудзь таямнічае?

 - Мы былі, відаць, першымі з часоў Першай сусветнай вайны, хто застаўся ў Ружанскім палацы нанач... Але, на жаль ці на шчасце, нічога таямнічага не заўважылі. Праўда, мару-такі сустрэць калі-небудзь у палацы прывід! А вось пра скарбы мясцовыя жыхары распавялі цікавую гісторыю: недзе ў 70-я гады мінулага стагоддзя позна вечарам да палаца пад'ехала чорная "Волга", адтуль выйшлі некалькі чалавек, залезлі на браму, трохі там пакорпаліся, выцягнулі адтуль куфар, селі ў машыну - і паехалі. Дарэчы, я знайшоў у браме месца, дзе хавалі той куфар. Да гэтага часу там захаваліся "межы" з пылу ад скарбніцы...

- Вы шмат падарожнічаеце, бачылі нямала палацаў у Заходняй Еўропе, якая славіцца сваім замкавым турызмам. Як "упісаць" беларускія адметнасці ў агульнаеўрапейскую прастору турбізнесу?

 - А чаму, скажам, не пабудаваць побач з гістарычным помнікам якую-небудзь кавярню ці гасцініцу, стылізав а н у ю пад эпоху замка? Гэта зацікавіць турыстаў, дасць ім больш часу і магчымасцей пазнаёміцца з нашай краінай. Спадзяюся, такая праблема ў хуткім часе знікне, і нашы замкі, у тым ліку і Ружанскі, будуць прывабліваць турыстаў не толькі выдатнай архітэктурай ды майстэрствам рэстаўратараў, але і выдатным адпачынкам у мясцінах, дзе знакамітыя беларусы стваралі гісторыю.

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ