Чаму турдывідэнды “ад часоў Сангушкаў” не запатрабаваны?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Як адшукаць інвестара для помніка гісторыка-культурнай спадчыны?

/i/content/pi/cult/336/6210/12-1.jpg

 

Турпраект "К": ад "Белай" царквы да Белага Ковеля

Здавалася б, ахова гісторыка-культурнай спадчыны і развіццё прыдарожнага сэрвісу - гэта, так бы мовіць, арыі з розных опер. Але толькі не ў выпадку Беларусі. Як ужо неаднойчы адзначалі прафесіяналы са сферы турызму, каб наведаць многія нашы помнікі спадчыны, транзітным турыстам не трэба "накручваць" вялікія колы: гэтыя адметнасці, нібы пацеркі, нацяты на галоўныя магістралі. Толькі ці выкарыстоўваецца сёння такое шчаслівае супадзенне? Адказ на гэтае пытанне ўдзельнікі велатура "К" зусім не выпадкова шукалі менавіта ў Аршанскім раёне. На яго тэрыторыі скрыжоўваюцца дзве звышбуйныя аўтатранспартныя магістралі: E30, што ідзе праз усю Еўропу, і E95, якая злучае "бераг турэцкі" з Санкт-Пецярбургам. Само сабой, сучасныя варыянты "шляху з варагаў у грэкі" забяспечваюць раён незлічонай плынню транзітных турыстаў...

 (Заканчэнне. Пачатак у № 32.)

 Калі дарога прывяла двух "культураўскіх" велатурыстаў да трасы М1, іх цікавасць да стану прыдарожнага сэрвісу была зусім не толькі прафесійнай: час абеду даўно ўжо прыспеў... На ўласным досведзе мы пераканаліся, што тая ўвага, якую дзяржава надае развіццю сэрвісу, за лічаныя гады прынесла свой плён. Замест ранейшых буданчыкаў на шашы выраслі капітальныя гмахі, замест разагрэтых у мікрахвалёўцы смажняў кліентам прапануюць свежыя стравы ў асартыменце.

У першай кавярні, што трапілася на нашым шляху, было спецабслугоўванне. Сітуацыя - звыклая, але... не фатальная, прынамсі, у дадзеным выпадку. Праз лічаныя кіламетры перад намі нават паўстала праблема выбару.

 Але пад час доўгачаканага абеду пад несупынную "кананаду" фур усё ж падумалася пра тое, што магчымасці для развіцця прыдарожнага сэрвісу на Беларусі пакуль не вычарпаны. Бо "апрабіраваны" намі шматфункцыянальны комплекс ідэальна пасуе толькі для адной мэтавай групы - не схільных да сентыментаў "дальнабойшчыкаў", для якіх падарожжа - гэта праца. А вось тыя, хто падарожнічае сабе ў задавальненне, не надта спяшаецца і з цікаўнасцю глядзіць па баках, мабыць, аддалі б перавагу маленькаму гатэльчыку ў старым палацы за пару кіламетраў ад трасы: там можна паслухаць птушак, а не кругласутачны рокат матораў... Пра тыя месцы, дзе такія гатэльчыкі маглі б з'явіцца, мы падрабязна распавядзём ніжэй.

Станцыя без даглядчыка

 На ўсходнім ускрайку Сенненскага раёна - суцэльныя лясы. Яны аточваюць і скрыжаванне з трасай Р87. Сёння гэтая дарога мае другараднае значэнне (і таму ідэальна пасуе для велатурыстаў), але паўтара стагоддзя таму трафік тут быў не абыякі. Паштовы тракт "Санкт-Пецярбург- Кіеў" з'яўляўся адной з галоўных магістралей, і экіпажы рушылі па ім адзін за адным. Натуральна, існаваў у той час і свой прыдарожны сэрвіс. Сведчанні пра яго захаваліся і па сёння.

У вёсачцы Паграбёнка ўвагу прыцягвае камянічка з "гатычнымі" вокнамі. Некалі яе дзверы з грукатам адчыняліся ці не штохвіліну. Балазе комплекс паштовай станцыі захаваўся адносна някепска - і сам будынак, і яго флігель ды гаспадарчыя пабудовы, і нават арыгінальны каваны казырок па-над уваходам. Але і няўзброеным вокам відаць, што знайсці для гэтага "атавізму" годнае прымяненне ў сучасным свеце пакуль не атрымалася, пра што згадваецца і ў матэрыялах апошняй праверкі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь гэтай гісторыкакультурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі.

Да нядаўняга часу будынак выкарыстоўваўся пад жытло. Але на пачатку красавіка тут здарылася сапраўдная трагедыя. Пажар, прычынай якога, як мяркуецца, стаў "зялёны змей", не нанёс вялікага ўрону самой камяіцы, але забраў жыцці двух чалавек. Сёння былая станцыя стаіць спусцелая - хіба толькі флігель фурманоў хтосьці выкупіў сабе пад лецішча.

Карацей, Пушкін з яго "Станцыйным даглядчыкам" пакуль не прыгадваецца. Бо даглядчыка на станцыі акурат і няма.

 У царскія часы вельмі любілі стандартызацыю. Працягнуўшы рух па старым тракце ўжо ў бок Оршы, праз якія 20 кіламетраў мы ўбачылі брата-блізнюка колішняга "матэля" ў Паграбёнцы. Паштовая станцыя ў вёсцы Грышаны (гэта ўжо Аршанскі раён) захавалася не нашмат горш. Да нядаўняга часу ў ёй была вясковая крама. Але сёння камяніца ды яе флігелі незапатрабаваны, і таму іх ужо пакрысе пачалі разбіраць на будматэрыялы нейкія "рупліўцы".

 Варыянты выкарыстання абедзвюх паштовых станцый прыходзяць да галавы самі сабою, асабліва калі ўлічыць, што тая самая "стратэгічная" магістраль (цяпер яна лучыць Санкт-Пецярбург з турэцкім Мерзіфонам) праходзіць літаральна за некалькіх кіламетраў ад іх. Тым больш, узораў арганічнага сінтэзу аб'екта прыдарожнага сэрвісу з музеем у нас пакуль што няма. А ціхія Паграбёнка або Грышаны - менавіта тыя мясціны, дзе можна не толькі занурыцца ў мінуўшчыну, але і адпачыць ад "апетай" Канстанцінам Кінчавым трасы Е95.

Уласна, думкі пра такое функцыянальнае прызначэнне для помнікаў спадчыны не пакідалі нас цягам усяго дня вандроўкі. Балазе "фактуры" для разваг на гэты конт не бракавала.

Два бакі эклектыкі

Літаральна за некалькіх кіламетраў ад Грышан - вёска Высокае. З пункта гледжання прыдарожнага сэрвісу, ёй пашчасціла надзвычайна: менавіта побач з ёю скрыжоўваюцца тыя дзве міжнародныя трасы.

Шукаць былы палац Макшыцкіх нам не давялося: яго архітэктар настолькі ўмела "ўпісаў" будынак у тамтэйшы ландшафт, што не звярнуць на яго ўвагу папросту немагчыма. Як кажуць, цэглу для той зграбнай камяніцы везлі ажно з Лондана, а на яе ўпрыгожаным эркерам фасадзе яшчэ захаваўся арыгінальны каваны балкон.

 Адным словам, калі б у палацыку адкрыўся той гатэль, пра які мы фантазіравалі трохі вышэй, і каб знайшоўся спосаб "паведаміць" пра гэта тым, хто імчыць па абедзвюх трасах (скажам, праз інфармацыйныя знакі), ён наўрад ці пуставаў бы.

Але сёння не да фантазій. Помнік, які стаіць фактычна без даху, трэба ратаваць. І, па магчымасці, прывесці ў "таварны выгляд". Гушчары бур'яну ды купкі смецця наўрад ці могуць дадаць гэтаму палацу інвестыцыйнай прыцягальнасці.

Зусім непадалёк ад муроў прысуседзіўся зграбны катэдж. Відавочна, ён паўстаў яшчэ ў той час, калі паняцце "ахоўная зона" дэ-юрэ да гэтага помніка не прымянялася. Сядзібны дом Макшыцкіх атрымаў свой статус гісторыка-культурнай каштоўнасці летась. Натуральна, сам факт такой руплівасці аддзела культуры Аршанскага райвыканкама не можа не радаваць, але... Калі б тыя захады былі зроблены раней, для катэджа, пэўна, знайшлося б іншае месца, далей ад помніка.

Збочваем на "Брэсцкую шашу", і ўжо праз сем кіламетраў аглядаем яшчэ адзін, зусім іншы, узор шляхецкай архітэктуры таго самага перыяду - канца ХІХ стагоддзя - у вёсцы Юрцава. Палац вядомага роду Любамірскіх нагадвае сярэднявечны замак. У плане сваёй рамантычнай рэтраспектыўнасці, гэты помнік архітэктуры (дарэчы, пакуль так і не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей) можна назваць субратам знакамітай рэзідэнцыі Пуслоўскіх у Косаве.

Яшчэ нядаўна ў юрцаўскім палацы быў адзін з карпусоў Віцебскага абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, а сёння будынак фактычна не выкарыстоўваецца. Але стан помніка выгодна адрозніваецца ад папярэдне ўбачаных. Усё ж адчуваецца: у яго ёсць гаспадар- той самы шпіталь. Таму хочацца верыць, што гэты "неараманскі замак" датрывае ў такім стане і да тых часоў, калі яму знойдзецца новае пачэснае прызначэнне.

А літаральна праз чатыры кіламетры мы сузіралі яшчэ адно ўвасабленне густу беларускай шляхты - напэўна, самае арыгінальнае з убачаных пад час вандроўкі. Палац Любенскіх у Межаве, мабыць, не мае аналагаў у краіне, бо мала хто з заказчыкаў і архітэктараў канца ХІХ стагоддзя настолькі рашуча і дэманстратыўна адмаўляўся ад пакладзенага ў аснову прынцыпу кампазіцыі - сіметрыі. На фасадзе дома элементы стыляў барока і класіцызму хаатычна перамяшаны ва ўгоду новай эпосе - мадэрна.

Дарэчы, знайсці гэты палац нам удалося не з першай спробы. Справа ў тым, што напачатку мы прынялі яго за цікавы помнік іншай эпохі - савецкай. Убачыўшы на неакласіцыстычным порціку надпіс "Дом культуры" і дату пабудовы- 1953 год, - прадоўжылі пошукі, аддаліўшыся ад мэты. І толькі потым даўмеліся, што "зваротны бок" палаца - яго паркавы фасад - быў перабудаваны ў стылі сацрэалізму (як мы потым даведаліся, пасля руйнаванняў у гады Вялікай Айчыннай). Вось такая суцэльная эклектыка...

Зрэшты, тыя пошукі былі зусім не бясплённымі. Дзякуючы ім нам удалося лепш ацаніць хараство колішняй сядзібы. На мастку цераз вялізны стаў, адкуль адкрываецца від на руіны царквы Уваскрэсення Хрыстова, мы затрымаліся надоўга. Краявіды - шыкоўныя!

 Сёння літургію часова служаць у старым палацы, і на фасадзе свецкага будынка высіцца праваслаўны крыж. Царква суседнічае пад адным дахам з крамай. Варыянт, безумоўна, не ідэальны, але... Менавіта ён выратаваў помнік спадчыны ад заняпаду. Вонкава палац захаваўся няблага, аднак перад тым, як туды прыйшлі праваслаўныя вернікі, найцікавейшая яго частка пэўны час не мела сапраўднага гаспадара. А гэта, як вядома, ужо само па сабе небяспечна.

- Вы б бачылі, якое там было раней запусценне! - кажа настаяцель царквы ў Смалянах айцец Аляксандр, да прыхода якога належыць таксама і Межава. - Некаторыя хуліганы дадумаліся нават распальваць унутры вогнішчы!..

Не віруе жыццё і ў колішнім Доме культуры - пагатоў, сама ўстанова яшчэ за савецкім часам пераехала ў новы будынак. Таму плошчы для развіцця турызму тут, мабыць, знайшліся б. І ў такім выпадку падарожнікі з розных краёў маглі б ненадоўга занурыцца ў абаяльнае жыццё беларускай глыбінкі - усяго за чатыры кіламетры ад тлумнай трасы.

Дамінанта ў аварыйным стане

На апошнім участку нашага маршруту - ад Межава і да Смалянаў - перапады вышынь становяцца, бадай, экстрэмальнымі- прынамсі, як для розных шырот. Але, у той самы час, адзначым, што аўтатурысты ў канцавы пункт нашай вандроўкі могуць трапіць і ад М1: да Смалянаў - усяго нейкі дзясятак кіламетраў. А заехаць туды - варта! Па колькасці і "якасці" гістарычных адметнасцей гэтая цяперашняя вёска можа прэтэндаваць на першае месца ў сваёй намінацыі - прычым не толькі на ўсходзе Беларусі, але і ў маштабах краіны! Але, пры ўсіх выйгрышных фактарах, Смаляны пакуль што застаюцца нібыта наўзбоч турыстычных плыняў. Чаму?

Колішняе мястэчка, куды мы трапілі ўжо ў шарую гадзіну, пераадолеўшы за дзень амаль 110 кіламетраў, адразу ўразіла нас канцэнтрацыяй гістарычных руін. Іх рэйтынг (паводле значнасці ды часу ўзнікнення) выглядае наступным чынам: замак Сангушкаў Белы Ковель (20-я гады XVI стагоддзя), касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (адметны помнік перыяду "віленскага барока") і, урэшце, царква Святога Алексія, збудаваная ў ХІХ стагоддзі з цэглы, "здабытай" на замку./i/content/pi/cult/336/6210/12-2.jpg

"Шукаць падыходы" да рэшткаў замкавай вежы нам давялося даволі доўга. З цывілізацыяй гэты і сёння ўражальны помнік спадчыны лучыць хіба ледзь прыкметная сцежка ў гушчарах травы - часам амаль у рост чалавека. Да таго ж, руіны атачае маленькая рачулка - як кажуць мясцовыя жыхары, даволі брудная.

Смалянцы, у якіх мы папыталі шлях на замак, распавялі нам і гісторыю з'яўлення таго пахіленага мастка, які дае безальтэрнатыўную на сёння магчымасць трапіць у Белы Ковель, не замачыўшы ног. У адзін цудоўны дзень "суседзям" помніка надакучыла назіраць за тым, як паважныя замежныя турысты здымаюць абутак і падкасваюць нагавіцы. Тады некалькі мужчын ставарышаваліся, узялі цяслярскія інструменты - і ўласнаручна, талакою, хаця б сяк-так вырашылі праблему.

Адным словам, патрэба добраўпарадкавання спадчыны Сангушкаў наспела даўно і ўсур'ёз. Праект Дзяржпраграмы "Замкі Беларусі" гэта прадугледжвае - разам з кансервацыяй руін. З прыемнасцю адзначым, што фінансаванне работ узялі на сябе менавіта мясцовыя органы ўлады - сродкі маюць паступіць з абласнога і раённага бюджэтаў. Здзіўляе толькі запланаваны тэрмін- 2015 - 2016 гады: да таго часу драўляны масток можа зусім разваліцца...

Пасля таго, як агледзелі Белы Ковель, рушылі да іншага аб'екта спадчыны. Касцёл і прылеглы да яго будынак дамініканскага кляштара таксама за стагоддзі пацярпелі, але не ад дынаміту "ваяўнічых бязбожнікаў" і не ад фашысцкіх снарадаў. У руіны іх ператварыў вораг, чыё імя- Безгаспадарчасць. Пабачыўшы, у якім стане знаходзяцца гэтыя руіны сёння, мы са скрухай адзначылі, што пакуль ён цалкам не пераможаны. Чаго варты хаця б паржавелы кодаб легкавіка, які можна ўбачыць унутры касцёла! Што ні кажы - "добрае месца" для сметніка...

Дзеля аб'ектыўнасці, варта прызнаць, што рэальнага гаспадара ў кляштара няма і пакуль не прадбачыцца. Знайсці прымяненне для касцёла ў вёсцы, дзе няма каталіцкай парафіі, пагадзіцеся, досыць праблематычна. Але, у той самы час, велічны барочны гмах - архітэктурная дамінанта Смалянаў, якая месціцца ў самым цэнтры вёскі і праглядаецца літаральна адусюль. І калі расколіны ў мурах касцёла прывядуць да абвалу... Гэта будзе незваротная страта не толькі для архітэктурнай спадчыны краіны, але і для самой вёскі. Тым больш, доступ у аварыйны храм не абмежаваны. Але выйсце з сітуацыі ёсць. Маецца на ўвазе пераўтварэнне аварыйных руін у руіны трывалыя і дагледжаныя, якімі будуць любавацца і мясцовыя жыхары, і турысты. Балазе рэстаўрацыйная навука валодае методыкамі кансервацыі нават самых праблемных помнікаў спадчыны. І такія меры не з'яўляюцца звышзатратнымі.

Перспектыўная вёска

Як ні дзіўна, турыстамі ў Смалянах мы ўпершыню адчулі сябе ў дзейнай праваслаўнай Спаса-Праабражэнскай царкве. Гэта - яшчэ адна першакласная адметнасць, выбітны помнік драўлянага барока. Тым больш, пад наземным храмам, на глыбіні каля двух метраў, месціцца яшчэ адзін, падземны, - і такога на Беларусі мы больш нідзе не бачылі!

Калі два "па-веласіпеднаму" апранутыя маладзёны наблізіліся да храма, жанчына, што палівала шыкоўны кветнік ля яго ўвахода, адарвалася ад сваёй справы - не дзеля таго, каб зрабіць нам заўвагу, а каб прапанаваць экскурсію па царкве. Неўзабаве да яе далучыўся і сам настаяцель прыхода айцец Аляксандр.

Як выявілася, дагледжаны кветнік быў тут не заўсёды. Ці не самы драматычны перыяд гісторыі храма, які дзейнічаў нават у савецкую эпоху, выпаў ужо менавіта на наш час. Царква не мела ацяплення і тэрмінова патрабавала рамонту, а лік вернікаў катастрафічна скараціўся.

- Міласцю Божай і рупнасцю людской гэтую сітуацыю нам удалося выправіць, - распавёў нам святар. - Прыход, гісторыя якога сягае ў XV стагоддзе, цяпер, на маю думку, адрадзіўся...

 Айцец Аляксандр родам не адсюль - з Расіі. Але выконваючы сваю духоўную місію ў Смалянах, ён шчыра прасякнуўся і праблемамі самой вёскі. Бо гэта - рэальныя жыцёвыя праблемы яго паствы. Таму святар сам распачаў гутарку пра развіццё турызму.

- Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Смаляны маюць усе шанцы стаць турыстычным цэнтрам, - перакананы святар. - Варта было б стварыць у паселішчы невялічкі музейчык, развіваць турыстычную інфраструктуру... Неаспрэчна, гэта паўплывае і на жыццё простых жыхароў. У людзей з'явіцца больш магчымасцей сябе рэалізаваць, і гэта зменшыць уплыў згубных сацыяльных фактараў. Перад вёскай адкрыюцца новыя перспектывы...

Айцец Аляксандр лічыць, што змяніць становішча могуць нават дробныя крокі, але - канкрэтныя. Ён запрасіў нас на вернісаж па выніках мастацкага пленэру, які акурат у тыя дні адбываўся на вуліцах Смалянаў. У якасці выставачнай залы была абрана дагледжаная прыцаркоўная тэрыторыя.

Два дзясяткі мастакоў з розных куткоў Беларусі - удзельнікаў штогадовага "вандроўнага" пленэру па слынных, але падзанядбаных мясцінах краіны - ужо толькі сваімі схіленымі па-над мальбертамі постацямі дадавалі дынамікі ў ціхамірныя смалянскія краявіды. І сапраўды, да "турыстызацыі" многіх іншых адметных мясцін істотна спрычыніліся менавіта культурныя "івэнты" - згадайма хаця б тыя ж рыцарскія фэсты...

База для развіцця

 На шчасце, пераначаваць у вёсцы ёсць дзе. Прынамсі, мы знайшлі адпачынак у гасцінічным пакоі аднаго з інтэрнатаў Смалянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Прычым пакоі гэтыя - ёсць яны і ў яшчэ адным інтэрнаце каледжа- цалкам адпавядаюць усім патрабаваннням, якія толькі можа прад'явіць да іх стомлены далёкай дарогай падарожны. Тут ёсць д/i/content/pi/cult/336/6210/12-1.jpgуш, халадзільнік, тэлевізар, а ў самім будынку інтэрната месціцца невялікае кафэ. Праўда, у летні перыяд яно, на жаль, не працуе, але гэта, думаецца, можна з лёгкасцю выправіць. Быў бы попыт!

Ёсць у вёсцы таксама і невялічкая гасцініца, дзе заўсёды знойдзецца пакойчык для начлегу. Асабліва ў летні час, калі студэнты, практыканты, супрацоўнікі каледжа - раз'язджаюцца ў адпачынак або на канікулы... Магчымасць займець начлег - пагадзіцеся, яшчэ адна перавага для турыста. Таму патэнцыял для развіцця турызму ў Смалянах, на нашу думку,- найвялізны. На жаль, пакуль што гэтае перспектыўнае ў турыстычным плане паселішча не надта "раскручана", бо пра яго не так шмат хто ведае. А шкада...

У якасці пасляслоўя. Пра мясцовых рупліўцаў

Ужо збіраючыся ад'язджаць са Смалянаў, вырашылі апошнім разам прыпыніцца каля замка. І сустрэлі ўжо сівога мужчыну ў звычайнай рабочай вопратцы. Ці, дакладней, гэта ён нас сустрэў, убачыўшы са свайго агарода. І тут жа самахоць правёў досыць цікавую і амаль прафесійную экскурсію.

 Жыхар Смалянаў Аляксандр Ягораў усё жыццё адпрацаваў рабочым на ваенным заводзе. Дык адкуль жа такая цікавасць да гісторыі?

- Ці ж можна жыць побач з такім помнікам - і нічога пра яго не ведаць? - адказвае ён пытаннем на пытанне. - Ці можна жыць у Смалянах - і не ведаць, хто такі Тамаш Зан, які, між іншым, пахаваны на нашых могілках? І - не дбаць пра тое, каб гэта ведалі і ўсе іншыя людзі?..

Па словах рупліўца, цікавыя знаходкі на тэрыторыі замка часам трапляюцца літаральна пад нагамі. І за доўгія гады ён паспеў назбіраць ладную скрыню розных артэфактаў: аскепкаў керамікі з гербам Сангушкаў, розных жалезных вырабаў, шкла... Аляксандр Ягораў ахвотна паказаў нам сваю калекцыю і адзначыў, што дбайна перахоўвае яе да тых часоў, калі ў Смалянах будзе створаны музей.

 Ужо не першы раз самі мясцовыя жыхары, адданыя гісторыі свайго краю, згадвалі нам пра неабходнасць музейнай установы ў Смалянах. Праўда, невялічкі музейчык у паселішчы ёсць, і існуе ён у аграрным каледжы. Але ягоная экспазіцыя звязана з дзейнасцю навучальнай установы, а не з гісторыяй вёскі... Дык мо варта нарэшце зрабіць пэўныя захады, каб такая патрэбная музейная ўстанова з'явілася ў Смалянах? Балазе на гэта не трэба выдаткоўваць шмат фінансавых сродкаў. Для пачатку можна было б абсталяваць музейны пакойчык, напрыклад, у будынку мясцовага СДК... Галоўнае - зрабіць першы крок. Але ці будзе ён зроблены- пакажа час.

■ ■ ■

 Безумоўна, памкненне захаваць спадчыну не павінна зыходзіць з меркантыльных вытокаў. Але ж пры належнай пастаноўцы справы высакародныя намеры могуць мець і эканамічны эфект. Асабліва ў выпадку згаданых вышэй аб'ектаў, што месцяцца паблізу ад буйных магістралей. Сёння ж застаецца прызнаць: пакуль эфект роўны нулю. Хаця перспектыва - навідавоку. Але жніву заўсёды папярднічае сяўба. Гэта - бізнес-аксіёма!

Урэшце, варта памятаць і пра тое, што развіццё гісторыка-культурнага турызму вакол буйных магістралей можа прынесці не толькі эканамічныя дывідэнды. Гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць пазнаёміць з беларускай культурай - і старадаўняй, і сучаснай - тых шматлікіх падарожнікаў, якія прамінаюць нашу краіну транзітам. І менавіта пытанне іміджа дзяржавы тут мае прыярытэтную важнасць. Важнасць, пра якую ніколі не трэба забывацца.

 Каментарый з нагоды

 Плюс пяцьсот

Галоўны спецыяліст сектара па турызме і аздараўленні насельніцтва ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Святлана АСТАНІНА:

- Мы працуем над тым, каб развіваць прыдарожны сэрвіс. У мэтах стварэння прыдатных умоў для развіцця транзітнага турызму да раёнаў было даведзена заданне па будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу: летась з 63 запланаваных ужо ўведзена 49.

На сённяшні дзень Віцебшчына лідзіруе па колькасці аграэкасядзіб сярод іншых абласцей Беларусі: на 1 студзеня мінулага года ў нас зарэгістравана 320 суб'ектаў аграэкатурызму.

Дарэчы, нашым упраўленнем сумесна з зацікаўленымі бакамі распрацавана праграма "500" на 2011 - 2015 гады. Яна прадугледжвае будаўніцтва 100 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 100 паляўнічых домікаў, стварэнне 100 аграсядзіб (агратурыстычных комплексаў), добраўпарадкаванне зон адпачынку на 100 азёрах і вадаёмах, а таксама правядзенне прыродаахоўных мерапрыемстваў і выкарыстанне рэсурснага патэнцыялу азёр у лекавых мэтах і ў сельскай гаспадарцы. Па стане на 1 ліпеня бягучага года, уведзена ў дзеянне 10 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, вядуцца работы яшчэ на 36 аб'ектах. Таксама створана 37 аграэкасядзіб.

У вобласці актыўна праводзіцца работа па прыцягненні інвестыцый у развіццё інфраструктуры турызму. Так, у Глыбоцкім раёне ў 2010-м распачаліся работы па рэалізацыі інвестпраекта "Будаўніцтва аздараўленча-турыстычнага комплексу "Пліса", які ўключае рэканструкцыю прыбярэжнай зоны, аб'екты санітарна-аздараўленчага прызначэння, гасцявыя катэджы, аб'екты гандлёва-абслугоўваючага прызначэння, гісторыка-этнаграфічную зону і іншыя. У Браслаўскім раёне плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект "Будаўніцтва санаторыя ў вёсцы ВідзыЛаўчынскія", пад які знойдзены інвестар.

Замест рэзюмэ

Пад увагай - Чарэя, у праекце - Смаляны

 Начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ:

- Цяпер я ў адпачынку, а літаральна апошняя мая камандзіроўка была па тых мясцінах, дзе праязджалі велатурысты "К": пабываў у Чарэі, што ў Чашніцкім раёне, сам паглядзеў на стан "Белай" царквы... Пытанні, узнятыя ў матэрыялах газеты, сапраўды актуальныя і надзённыя. Перспектывы ўсіх тых мясцін, пра якія напісана ў "Культуры", у турыстычным плане сапраўды вялікія. Пастаянна адсочваем сітуацыю з помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны, ведаем усе праблемы гэтых аб'ектаў. Неаднаразова абмяркоўвалі перспектывы і турыстычны патэнцыял тых жа Чарэі, Смалянаў і іншых паселішчаў Віцебшчыны разам з кіраўніцтвам упраўлення спорту і турызму аблвыканкама. Вельмі хацелася б укласці ва ўсе названыя аб'екты фінансавыя сродкі для іх рэстаўрацыі або кансервацыі, але, на жаль, на сёння казаць пра канкрэтныя аб'екты і сумы не выпадае.

Вельмі спадзяёмся на прыняцце Дзяржпраграмы "Замкі Беларусі", у праект якой уключаны таксама і замак Белы Ковель, што ў Смалянах.

Ілья СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Чашніцкі раён - Сенненскі раён - Аршанскі раён - Мінск

 Фота аўтараў