“Перлінавыя каралі”

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

У гродзенскай арт-галерэі “Крыга” прайшла персанальная выстаўка вядомага беларускага жывапісца Аляксандра Ксяндзова.

 

Прафесар кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ён мае шматлікія ўзнагароды, ягоныя карціны захоўваюцца ў лепшых музеях і галерэях Беларусі, Расіі, Германіі, Славеніі і Швейцарыі. А ў Гродне гэтым летам палотны Ксяндзова можна было ўбачыць упершыню.

 На большасці карцін мастака, выкананых у жанры ню, адлюстраваны жанчыны. Ядром экспазіцыі з'яўляецца серыя работ, пераважна чорнай і аранжавай гамы, над якой жывапісец працуе цягам ужо некалькіх гадоў. Так, "Перлінавыя каралі III" напісаны ў 2004 годзе, а "Перлінавыя каралі VIII"- у 2011-м. Беласнежныя перліны- адметны атрыбут карцін, яны прысутнічаюць у каралях, бранзалетах і завушніцах, падкрэсліваючы пяшчотнасць і зграбнасць мадэлей на палотнах.

 Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна лічыць, што Аляксандр Ксяндзоў імкнецца праз хараство цела перадаць прыгажосць душы. У сваю чаргу, мастак даў высокую ацэнку гораду над Нёманам: "Тут жыве мастацтва!"

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна