Тыдзень ведаў. Лялечных

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прапануе сустрэць 1 верасня— Дзень ведаў— і дарослым.

 

Акурат з першым днём восені ў сценах тэатра распачынае сваю праграму фестываль польскіх лялечных спектакляў і анімацыйнага кіно для дарослых "Лялька таксама чалавек", які будзе доўжыцца ў беларускай сталіцы цягам васьмі дзён.

З'яўленне ў сучаснай айчыннай тэатральнай прасторы такога знанага фестывалю - гэта працяг шматгадовай работы рэжысёра Аляксея Ляляўскага па "прывіванні" ўсведамлення таго, што тэатр лялек - не толькі дзіцячы. А часта, і па тэмах, і паводле сваіх выразных сродкаў, - далёка не дзіцячы.

 Сёлета ў беларускай афішы знанага фестывалю - праграма анімацыйных фільмаў для дарослых, прадстаўленых студыямі "Se-mа-for" і "Serafinski". А тэатральны складнік "забяспечвае" "Унія немагчымы тэатр", які прадставіць на суд гледачоў спектаклі "Іншы пакой" паводле З.Герберта і "Toporland", пазначаны як "Сюіта без слоў для тэкстуры і кантрабаса".