“Квадрат” інтэрактыву

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Новая тэхналогія разгортваецца з акцэнтам на сферу культуры

/i/content/pi/cult/336/6206/11-1.jpgКалі рыхтаваўся гэты матэрыял, тэлефанаванні карэспандэнта "К" у многія ўстановы культуры рэспублікі выклікалі пэўнае здзіўленне на іншым баку лініі. Зрэшты, яно натуральна: мы пыталіся пра сапраўдную навінку сучасных тэхналогій, якая толькі-толькі распачала сваё шэсце па Беларусі. Заўважым той факт, што чарговы віток тэхналагічных змен адбываецца ў шчыльным узаемадзеянні дзяржаўнай ініцыятывы і прыватных кампаній. Адметна, што і сфера культуры краіны з першых жа дзён улічваецца распрацоўшчыкамі як перспектыўны кірунак, дзе развіццё не проста магчымае, а цалкам рэальнае. Зрэшты, тое натуральна, калі разглядаць навінку праз прызму міжнароднага вопыту. Такім чынам, гаворка пойдзе пра QR-коды і магчымасці іх пашырэння - як з пункта погляду ўтылітарнага выкарыстання ў галіне, так і з гледзішча art-аб'ект.

"Модны" даведнік

 Першымі ў рэспубліцы QR-тэхналогію запусцілі ў Віцебску па ініцыятыве гарадскога выканаўчага камітэта. Праект адразу падтрымаў абласны краязнаўчы музей. І ўдзел менавіта гэтай установы культуры ў "кадзіраванні" аказаўся, падаецца, удалым, бо, па-першае, яна - заўжды ў цэнтры ўсіх навацый сферы культуры рэгіёна, а па-другое, мае мноства філіялаў.

- QR-коды проста незаменныя, калі казаць пра пошук таго або іншага аб'екта, - кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце ўстановы Валерый Шышанаў і тут жа прыводзіць прыклад: - Скажам, наш Музей прыватных калекцый знаходзіцца практычна на ўскраіне горада, таму веданне дакладных каардынат не зашкодзіць турысту. Тое ж самае тычыцца і сядзібы Рэпіна ў Здраўнёве. Наогул, тэхналогія - надзвычай перспектыўная...

Пытаюся пра статыстыку зваротаў. Валерый Шышанаў кажа, што адсачыць кожнага карыстальніка мабільнай сувязі, што сасканіруе штрых-код сваім апаратам, немагчыма, але попыт, несумненна, ёсць.

- Прычым сістэма, якая ўкараняецца віцебскімі ўладамі, аб'ядноўвае ўстановы ўсіх сфер горада. Што да абласнога музея, дык я проста ўпэўнена: QR-коды ім дададуць новых наведвальнікаў. Інавацыю гэтую можна толькі вітаць! - сказала нашаму карэспандэнту галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Гаўрылава, якая вядзе пытанні музейнай справы.

- І сёння можна казаць пра першыя вынікі, што наўпрост уплываюць на турыстычны патэнцыял Віцебска, фактычна ствараючы новыя самастойныя маршруты, - адзначае дырэктар партала gorad.vitebsk.by, які непасрэдна ўкараняе навінку, Андрэй Лапін.- Прывяду прыклад, а вы мяркуйце аб карыснасці самі: прыязджае на выхадных група турыстаў з Германіі, аўтобус робіць прыпынак ля стэнда, дзе размешчаны плакат з QR-кодамі. Госці нашага горада сканіруюць або агульны "квадрат", або канкрэтны, што тычыцца таго ж музея, а пасля складаюць свой уласны маршрут: камусьці цікава пабываць у Здраўнёве, а камусьці пазнаёміцца з сівой даўніной у абласным краязнаўчым. Раней жа аператары маглі прапанаваць турыстычным групам толькі аглядавую пешаходна-аўтобусную экскурсію...

Крыху тэхнічнай гісторыі. Найноўшай

Тэхналогіі QR-кадзіравання насамрэч ужо 17 гадоў, нарадзілася яна ў Японіі. Запатрабавана, у першую чаргу, сярод карыстальнікаў мабільнай сувязі: дзякуючы праграмнаму забеспячэнню карыстальнік адным націскам клавішы здолее захаваць у сваім апараце тэкставыя звесткі, кантакты, спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы.

Сам па сабе працэс стварэння QR-кода - даволі просты. Іншая справа, што тэхнічна ён павінен, прадастаўляючы максімальныя звесткі, "цягнуць" мінімум трафіка на мабільным тэлефоне. Віцебская сістэма гэта ўлічыла.

У Японіі, а таксама ў іншых азіяцкіх краінах, QR-коды і распаўсюджаны найбольш. Там яны наносяцца практычна на ўсе тавары, рэкламныя буклеты і даведнікі. У Еўропе ж, апроч іншага, асобае значэнне яны займелі ў сферы турызму.

Прыклад, прыведзены вышэй Андрэем Лапіным, пераконвае: турпатэнцыял у новай тэхналогіі- вялікі. Канешне, казаць пра эфектыўнасць "выхаду" праз сістэму на той або іншы музейны аб'ект можна будзе праз колькі месяцаў, калі завершыцца пік сезона і з'явіцца пэўная статыстыка, аднак прыклады суседніх краін таксама даюць глебу для разважанняў.

Ва ўкраінскім Львове на амаль 80 з 200 турыстычных аб'ектаў размешчаны QR-коды са звесткамі пра іх. Сярод іх- нямала і помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. І далёка не заўжды абавязковай умовай з'яўляецца падключэнне тэлефона да Інтэрнэта: звесткі (да 4296 літар і лічбаў) часцей за ўсё маюць тэкставы фармат. Улетку прэзентавалі тэхналогію і ў Вінніцы. У Вільнюсе бясплатны друкаваны гід для турыста, што прапаноўвае мясцовы інфармацыйны турцэнтр, змяшчае некалькі старонак з асноўнымі QR-кодамі, датычнымі горада. Займела такія шыльдачкі і кожная з адметнасцей Казанскага Крамля ў Расіі.

А што ў нас?

 Эфектыўнасць новай тэхналогіі была вопытным шляхам пацверджана на "Славянскім базары ў Віцебску". Перш чым спланаваць свой "фестывальны" дзень, жыхары і госці горада маглі скарыстацца тым самым QR-кодам і атрымаць вычарпальную інфармацыю пра падзеі ў сталіцы форуму. Прычым - з эканоміяй інтэрнэт-трафіка.

А хутка перавагі новай тэхналогіі спазнаюць і госці леташняй Культурнай сталіцы Беларусі - Полацка. Як кажа Андрэй Лапін, разам з Наваполацкам, Оршай, увогуле Віцебшчынай, стратэгічны план развіцця тэхналогіі менавіта такі: "І Полацк мы абралі невыпадкова: гэта ж сапраўдны горад-музей!" Значыць, на яго прыкладзе спецыялісты здолеюць ацаніць перыядычнасць карыстання кодамі, карацей - пратэсціраваць сістэму.

З устаноў культуры сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі і СНД - Гомеля- свой код займеў пакуль толькі цырк.

- З бліжэйшых перспектыў у пашырэнні новых тэхналогій у горадзе - электронны гід, што запускаем у Палацава-паркавым ансамблі Румянцавых і Паскевічаў. QR-кадзіраванне пакуль - у перспектыве, - зазначае начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў.

У сталічных жа ўстановах "пальма першынства" - за Нацыянальным мастацкім музеем. Яго дырэктар Уладзімір Пракапцоў кажа, што з'яўленне кодаў на рэкламнай прадукцыі ўстановы - справа хуткага часу.

QR-contemporary art

 QR-коды, іх геаметрыя і чорна-белая гама не першы год з'яўляюцца аб'ектамі мастацкіх інсталяцыі, а шырэй - contemporary art. У свае работы іх уключаюць шматлікія дызайнеры, у тым ліку Луі Вітон і Такешы Муракамі. Аrt-аб'ектам QRкоды зрабілі таксама і ў новазеландскім даведніку "жоўтыя старонкі". Удзельнікі ж аднаго з галандскіх творчых аб'яднанняў на вуліцы ў заходняй частцы Амстэрдама стварылі на ўзроўні першых паверхаў дамоў галерэю класічнага і сучаснага мастацтва ў выглядзе некалькіх дзясяткаў плакатаў з матрычнымі кодамі. Такім чынам, кожны мінак можа спрычыніцца да мастацтва, не заходзячы ў галерэю.

- Нічога звышновага ў выкарыстанні QR-кодаў, па вялікім рахунку, не вынайшлі, - кажа дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель.- Перад намі- працяг эстэтыкі футурызму: пабачыць прыгажосць у функцыянальнасці, там, дзе яе і не было апрыёры. Маўляў, прыгажосць - у карыснасці, а ўсё астатняе - лішняе.

- Сёння ж нікога не здзіўляе, калі ў мастацтве выкарыстоўваюцца знакі дарожнага руху, тым больш - звычайныя бутэлькі з газіроўкай, як у Эндзі Уорхала, - кажа мастак, дызайнер, журналіст Сяргей Стальмашонак. - Той жа штрыхкод - усяго толькі носьбіт нейкай ідэі, і калі ўзяць, да прыкладу, маю колішнюю работу, дык "фішка" палягае не ў выкарыстанні саміх палосачак (яны ж наносяцца на беларускія тавары), а, хутчэй, - у славеснай гульні "код/кот"...

 Андрэй Лапін не выключае магчымасці правядзення art-акцый, у цэнтры якіх апынецца менавіта QR-код, што ўсё часцей з'яўляецца ў рэкламных аб'явах: "Мы распачалі гэты працэс у адметным для гісторыі мастацтва горадзе над Дзвіной, таму каму як не нам займацца і прасоўваннем сістэмы, у тым ліку - творчай".

- Звыклыя для нашага вока штрыхкоды вельмі заўважныя- і як тэхнічная з'ява, і як актуальны трэнд сучаснага мастацтва. Штрых-код - прывабны графічны сімвал,- кажа дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Дзяніс Барсукоў і прыводзіць у прыклад "Штрых-катоў" Сяргея Стальмашонка. - Мяркую, перспектыўная art-будучыня і ў QR-кодаў...

А сам стваральнік "Штрых-катоў" лічыць: актуальнасць падобнага тэхнічнага кірунку - яшчэ адзін элемент сучаснай графічнай культуры. Дарэчы, Сяргей Стальмашонак як чалавек, што цягам пяці гадоў працаваў галоўным рэдактарам часопіса пра мабільную сувязь, і як мастак разважае над выкарыстаннем QR-кода ў сваёй працы дастаткова даўно. Але, зазначае ён, у адрозненне ад штрых-кода, навінка павінна працаваць, выконваючы сваю асноўную функцыю: даць магчымасць атрымаць максімум інфармацыі. Дзе ж пабачыць намаляваны і зарэгістраваны мастаком QR-код?

 - Выстаўка доўжыцца тыдзень- паўтара, у Інтэрнэце код размяшчаць таксама не мае вялікага сэнсу: прамыя спасылкі куды хутчэйшыя. Таму для сябе вырашыў: QR-код - незаменны на выстаўцы, дапоўненай сур'ёзнай рэкламнай падтрымкай - бігбордамі, сіцілайтамі, плакатамі, - разважае Стальмашонак.

Д а р э ч ы /i/content/pi/cult/336/6206/11-2.jpg

Менавіта так выглядае зашыфраваны ў QRкод адрас інтэрнэт-сайта нашай газеты: www.kimpress.by. Не сумняваемся, што ў хуткім часе на старонку "Культуры" пачнуць заходзіць мабільныя карыстальнікі Сеціва найноўшым спосабам.

 ■ ■ ■

Па меркаванні Таццяны Бембель, усе віды графічных кодаў дазваляюць аб'яднаць розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы, няхай сабе на фармальным прынцыпе далучанасці да пэўнай глабальнай з'явы. QR-код выконвае сваю функцыю інфармавання, прыцягальны ён і ў якасці з'явы мастацкага працэсу. Думаецца, прэзентацыя для шырокай публікі найноўшай тэхналогіі магла б вырасці ў буйны інтэрактыўны art-праект.

- А ўвогуле, - зазначае Валерый Шышанаў,- на сёлетнім "Інтэрмузеі" мы пераканаліся: на тэрыторыі СНД дадзеная сістэма толькі пачынае распаўсюджвацца...

Што ні кажы, "жоўтая майка" лідара - заўжды гонар. І- адказнасць.

Код да кода шукаў

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах