У фондзе — новае імя

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Фонд Магілёўскай абласной бібліятэкі папоўніўся ўнікальным выданнем “Каталог духовно-музыкальных сочинений, изданных фирмой “П.Юргенсон” в Москве в 1874 — 1918 годах”.

 

Як паведамляе загадчык аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры бібліятэкі Тамара Калініна, калектыў аднаго з маскоўскіх выдавецтваў перадаў кнігу супрацоўнікам аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры ў знак удзячнасці за дапамогу, якую аказалі бібліятэкары ў пошуку і ўдакладненні звестак для каталога.

Новае выданне з'яўляецца ўзнаўленнем каталога 1915-га і выданняў духоўна-музычных твораў за наступныя чатыры гады (да 1918-га) з дапаўненнямі і ўдакладненнямі, суправаджаецца рэдкімі фотадакументамі таго перыяду.

Сярод аўтараў, якія ўлічаны ў каталогу, ёсць і ўраджэнцы Беларусі. У прыватнасці, Канстанцін Мякіннікаў - аўтар двух музычных твораў, настаўнік царкоўных спеваў Магілёўскага мужчынскага духоўнага вучылішча. Інфармацыю пра яго супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры знайшлі ў "Памятных книжках Могилёвской губернии..." за 1914 і 1916 гг., дзе адзначана, што ён - выхадзец з мяшчанскага саслоўя, навучаўся ў Прыдворнай пеўчай капэле, быў рэгентам ІІ разраду, затым - калежскім сакратаром, а ў 1916 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі.