Першы фестываль

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Мінулы ўік-энд у Міхалове Падляскага ваяводства Польшчы праходзіў пад знакам I Фестывалю “Прымацкая бяседа”.

 

Арганізацыйную дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства нашай краіны ў Рэспубліцы Польшча, Генеральнае консульства Беларусі ў Беластоку.

Фестываль "Прымацкая бяседа" быў прысвечаны беларускаму калектыву народнай песні- ансамблю "Прымакі" пад кіраўніцтвам Юрыя Астапчука. Калектыў гэтымі днямі адзначае 15-годдзе з дня заснавання. Дзясяткі ансамбляў і салістаў павіншавалі яго перад тысячамі гледачоў у гарадскім амфітэатры. Дарэчы, канцэртная пляцоўка знаходзіцца непадалёк ад беларуска-польскай мяжы. Правесці ж мерапрыемства прапанаваў мясцовы бургамістр Марэк Назарка, які зазначыў пад час гутаркі з журналістамі, што этнічныя беларусы - бадай, адзіныя, хто праводзіць падобныя фэсты ў Польшчы.

Нашу рэспубліку ў час форуму прадстаўлялі ансамбль "Купалінка" Белдзяржфілармоніі, дзяржаўны ансамбль песні і танца "Белыя Росы" Гродзенскай абласной філармоніі, салісты Аляксей Хлястоў і Іван Буслай.