Медыя або Ван Гог?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Галерэйная прастора і стратэгія поспеху суайчынніцы

/i/content/pi/cult/336/6202/10-1.jpgПад час нядаўняга Першага Фестывалю мастацтваў беларусаў свету імя мастачкі Вікторыі КАВАЛЕНЧЫКАВАЙ было, бадай, адным з топавых. Работы гэтай беларускі з Каралеўства Нідэрланды былі прадстаўлены ў межах калектыўнай экспазіцыі землякоў у Нацыянальным мастацкім музеі. А ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва з поспехам праходзіла яе персанальная выстаўка. За ўклад у развіццё беларускай культуры за мяжой Каваленчыкавай была ўручана Грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Б е л а русь, а к о л ь к і інтэрв'ю дала Вікторыя - і падлічыць цяжка!

 "Калі тры гады таму прыехала ў Амстэрдам, я адразу пачала рашуча дзейнічаць", - распавядае Вікторыя гісторыю свайго праекта ў Галандыі, і гэты тэзіс, бадай, будзе справядлівым у дачыненні да ўсяго, што робіць мастачка. Перафразуючы назву вядомага фільма, пра яе хочацца сказаць менавіта так: "Вікторыя Каваленчыкава - прыгожая і рашучая". Тры гады таму яна прыехала ў Амстэрдам, а сёння ейная дзейнасць лічыцца неад'емнай часткай культурнага жыцця галандскай сталіцы. Чым скарыла замежжа беларуска? Аб гэтым і паспрабаваў даведацца карэспандэнт "К".

 "Зрабіць як мага больш" 

- Вікторыя, ты выправілася ў Галандыю тры гады таму. Сёння на адной з цэнтральных вуліц Амстэрдама працуе галерэя, якая носіць тваё імя, галандскія СМІ пытаюць аб меркаванні пра культурнае жыццё горада, сёння ты - сталы ўдзельнік буйных еўрапейскіх выставак... Таму - заканамернае пытанне: як удалося дасягнуць такога значнага поспеху за такі, няхай і не малы, але і не вялікі, тэрмін?

- Калі раскласці ўсё па палічках, можна ўбачыць пэўныя складнікі поспеху. Па-першае, я прыехала ў Галандыю не якойсьці пачаткоўкай, а асобай, якая склалася: атрымала ў Беларусі шыкоўную адукацыю, мела ў творчым багажы некалькі персанальных выставак, мой досвед уключаў ужо і выкладчыцкую дзейнасць... Карацей, прыехала ў іншую краіну дарослым чалавекам - і гэта было адной з галоўных пераваг. Магчыма, каб прыехала раней, усё склалася б інакш. Але я з трынаццаці гадоў пачала самастойнае жыццё, паступіўшы ў вучылішча імя І.Ахрэмчыка, дзе, як вядома, навучэнцы жывуць у інтэрнаце. Адчувала адно жаданне: паспець зрабіць як мага больш. Так, за мяжой мяне абаранялі ад залішніх сумневаў амбіцыі: мне карцела заявіць аб тым, што я з'явілася ў новым горадзе. Гэтак і пачала дзейнічаць.

- Ты звярнулася да мастацкіх аўтарытэтаў? Да пэўных куратараў? Якім чынам адбылося тваё ўваходжанне ў мастацкі свет Амстэрдама?

- Усё адбылося куды прасцей. Па прыездзе я, натуральна, пачала аналізаваць мясцовы мастацкі рынак і ўбачыла, што тая вядомая галандская жывапісная школа, пра якую ўсе мы ведаем і якой захапляемся, сёння не мае пераемнікаў. Амаль усе творцы працуюць у канцэптуальным мастацтве, і нават Каралеўская акадэмія, куды трапіць надзвычай складана, прапаноўвае зусім не традыцыйнае навучанне жывапісу. Прайшоўшыся па ўсіх вядомых галерэях, я зразумела, што мае работы палягаюць у трохі іншай мастацкай плоскасці, прычым у той, якую галандцы, на жаль, сёння страцілі. Гаворка - пра традыцыйную жывапісную школу. Падумалася: навошта мне шукаць таго куратара ці кіраўніка галерэі, які ў мяне паверыць? Я веру ў сябе - і гэтага дастаткова. Так прыйшло рашэнне адкрыць уласную галерэю.

Рызыка? Канкрэтны ход!

- Смелае рашэнне: адкрыць галерэю!

- Так, але гэта была вялікая рызыка. Бо быць галерыстам і адначасова мастаком - не зусім карэктны ход. Але я наважылася яго зрабіць - магчыма, таму, што адчувала: у мяне ёсць гэты шанц. І ўсё, дзякаваць богу, атрымалася. Вядома, сітуацыю выратавалі мае работы. Калі б яны былі слабыя, падобнага нахабства ніхто не дараваў бы. Акрамя таго, частку гісторыі за мяне зрабіла маё імя: я наўмысна пакінула ў назве галерэі сваё прозвішча, каб было бачна, адкуль я родам, і гэта таксама зняло мноства пытанняў. "Галерэя Вікторыі Каваленчыкавай" - ага, значыць, гэта мастак іншай культуры. І, у той жа час, цікава: што ж ён там прадстаўляе?

- Сапраўды, што?

- Уласныя творы. У сваім памяшканні, натуральна, я прэзентавала іх найлепшым чынам. Запрасіла гасцей, суайчыннікаў, вядома ж, Пасла Беларусі ў Галандыі - і адкрыццё адбылося. Сёння імкнуся прадстаўляць галандцам і іншых беларускіх творцаў, знаёмячы з нашым мастацкім асяродкам.

- Ты кажаш пра тое, што галандцы, на жаль, страцілі сваю традыцыйную жывапісную школу...

- Так. Кажу так смела таму, што даследавала дадзенае пытанне. Я шукала моцных мастакоў у гэтай тэхніцы, і, на жаль, не знайшла. Канцэптуальнае мастацтва, дызайн - так, тут галандцы - на вышыні, нездарма апошні - адзін з самых вядомых у свеце. Але тое не датычыцца сучаснага жывапісу. Гэта прытым, што Амстэрдам - адна з мастацкіх сталіц свету. Колькі вуліц носяць імёны вядомых галандскіх жывапісцаў! Першым часам я, шпацыруючы па цэнтры, усё не магла супакоіцца, узнаўляючы гісторыю мастацтваў... А колькі там галерэй, выставак, арт-фестываляў!.. Усё віруе, і, вядома, аказвае ўплыў на творчую асобу. Для мастака Амстэрдам - напэўна, адзін з самых спрыяльных асяродкаў. І тым не менш... Як ні круці, жывапісная тэхніка вымагае прытрымлівання пэўных правілаў. Калі дазволіць сабе, так бы мовіць, адыходы - атрымліваецца ўжо штосьці іншае (назавём гэта як заўгодна - да прыкладу, медыя), але не жывапісны твор. Таму мне здаецца, што ў гэтым сэнсе галандцы страцілі сваю традыцыйную школу. І, можа, якраз таму яны прызналі мяне.

"Мастак цікавы свету як асоба"

- Калі ж твае творы паўплывалі на той асяродак - людзі адзначылі твой талент, адукацыю, школу, - ці не адбылася рэакцыя ў зваротным напрамку? Ці аказала на цябе ўплыў сучаснае мастацтва Амстэрдама?

 - Сёння ў мяне ёсць магчымасць наведваць усе буйныя галерэі Еўропы, усе сусветныя выстаўкі, і я гэтым карыстаюся. Штомесяц у Галандыі адбываюцца адна-дзве вялікія выстаўкі, дзе можна ўбачыць творы ўсіх актуальных творцаў краіны і свету, гэта не кажучы пра мастацкія акцыі, якія ладзяцца ў суседзяў: у Германіі, Бельгіі, ды і да той жа Вялікабрытаніі ляцець не больш за гадзіну. Мне вельмі хацелася б, каб беларускія мастакі адчулі больш трывалую повязь з сусветным кантэкстам. Тым больш, нам ёсць што паказаць.

 - Але, калі вярнуцца да пытання...

 - Так, натуральна, што змены - н а з іраюцца. Сёння я сыходжу ў бок абстракцыянізму. Раней, дарэчы, да яго ставілася, так бы мовіць, падазрона, але сёння маё стаўленне змянілася. Магчыма, гэта і ёсць тая самая зваротная рэакцыя? Калі ж параўноўваць мае работы "беларускага" і "галандскага" перыядаў (самой не верыцца, як гучыць!), то апошнія выкананы ў больш мінімалістычнай тэхніцы. У той жа час, яны сталі больш агрэсіўныя, моцныя ў плане энергетыкі. Мне стала зразумела, што часам тэхніка бывае мёртвая. Вось глядзіш на карціну і бачыш: тэхнічна яна выканана дасканала, але яе дасканаласць зусім не кранае. І сёння я імкнуся, каб мае работы былі жывыя, ўздзейнічалі на гледача. У гэтым плане Ван Гог мне падаецца ідэальным мастаком.

 - Ты хочаш адысці ад фігуратыўнага жывапісу?

 - Я хачу, як раней, змешваць фігуратыўны і абстрактны жывапіс, толькі цяпер зрабіць акцэнт на апошнім. Мне чамусьці хочацца манументальнасці, чагосьці глабальнага, экспрэсіі, хочацца, каб мае творы прапаноўвалі мноства варыянтаў інтэрпрэтацый.

 - Ці змянілася тваё творчае крэда?

 - Ведаеш, для мяне вельмі цікавым адкрыццём у Галандыі стала тое, што тэхніка крочыць услед за думкай аўтара. Цябе ніхто там не будзе паважаць, калі, каб зарабіць ці спадабацца гледачу, ты пачнеш насуперак сваім мастацкім прынцыпам маляваць бярозкі. У першую чаргу творца цікавы свету як індывідуальнасць, асоба, якой ёсць што расказаць. Прызнацца, да мяне спачатку было вельмі асцярожнае стаўленне. Так, мяне прынялі станоўча, з цікавасцю, але прыглядаліся, назіралі, як я працую, як кірую сваімі справамі. Адбывалася тое не адзін месяц. І толькі тады, калі ўпэўніліся, што я - не гастралёр на адзін дзень, а чалавек, які прафесійна ставіцца да сваёй творчасці, - прынялі. Калі ты б'еш у адну кропку і працуеш прафесійна, поспех - прыходзіць. Людзі пачынаюць табе верыць.


Фота аўтара

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"