Хто ж знойдзе Бельмандо?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

“...Рыцары ў латах, падымаючы клубы пылу, наносяць адзін аднаму ўдары… Сілы — роўныя… А вось пад’язджае карэта, запрэжаная тройкай коней. Дама ледзь прачыняе акно, прасоўвае ў адтуліну ручку парасона і чапляе за шыю аднаго з рыцараў. Той губляецца ад неспадзяванкі… Яго праціўнік, застыўшы на імгненне, ускідвае меч... Пераможца мячом збівае замок з дзвярэй карэты, адчыняе яе і… Яму на рукі скача агромністы пародзісты кот…” Гэта радкі са сцэнарыя чатырохсерыйнага фільма “Скрасці Бельмандо”, які здымае Белтэлерадыёкампанія. Я пабываў на здымках стужкі, калі яны праходзілі на Міншчыне — у Астрашыцкім гарадку і яго ваколіцах.

/i/content/pi/cult/336/6201/9-3.jpgЗнайсці кіназдымачную групу было не /i/content/pi/cult/336/6201/9-2.jpgскладана: любы мясцовы жыхар, каго ні спытаеш, пакажа кірунак.

- Сёння яны - у вёсцы Брадок, - кажа сустрэчны і тлумачыць, па якой дарозе ехаць.

Карціна здымаецца хутка. У чацвер быў 32-і дзень працы - роўна палова з адведзеных на здымкі. У фільме пераплятаюцца прыгоды, эксцэнтрыка, лірыка і... філасофія. Даўно на нашых экранах не было камедый у стылі класікаў жанру Эльдара Разанава, Георгія Данэліі, Леаніда Гайдая...

/i/content/pi/cult/336/6201/9-5.jpgСяброўскі калектыў кінагрупы пад кіраўніцтвам нешматслоўнага Мікалая Князева робіць уражанне зладжанага арганізма, які "выпрацоўвае" сур'ёзным чынам лірычную камедыю.

- Прапанова старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі зняць фільм па сцэнарыі Канстанціна Вараб'ёва была для мяне неспадзяванкай, - адзначыў Мікалай Князеў. - Мае работы ў кіно - "Вогненны стралок", "Шалёнай страсцю ты сама да мяне палаеш", "Пайсці і не вярнуцца" - не назавеш камедыямі, хоць у кожным фільме ёсць добрае стаўленне да жыцця. Магчыма, прыйшоў час мне яму ўсміхнуцца...

/i/content/pi/cult/336/6201/9-1.jpgНа ролю Бельмандо абралі ката Clever Ice of Klaudio Hone. У побыце ён - Сняжок, а тытул атрымаў у спадчыну. Кот не просты: летась у Мілане ён стаў чэмпіёнам Еўропы, а ў роднай Беларусі ўваходзіць у сямёрку лепшых катоў краіны.

- З трохсот прэтэндэнтаў выбралі! - з гонарам кажа гаспадар Сняжка, мінчанін Ігар Капуза. Прывяду фрагмент сцэнарыя фільма, "падгледжаны" на пляцоўцы:/i/content/pi/cult/336/6201/9-4.jpg

"...Глюкін з сумкай пад пахай уваходзіць у двор. Ён - у хатніх пантофлях, у пакамечаным, але калісьці элегантным, пінжаку. На павадку ў яго - лахматы дварняк. У глыбіні двара мужчына выбівае дыван. Глюкін падыходзіць да яго.

 Глюкін. Прабачце, што адцягваю ўвагу, аднак... Пачакай... Ды спыніся ты! Тут такая нескладуха. Учора прэмію адзначалі. Ты разумееш!.. Ну вось, а мая законная... жонка, так бы мовіць, яна з сяброўкай, што тут, побач, у крамцы працуе, дамовілася не адпускаць мяне, разумееш? Выхоўвае..."

Карацей, абяцаючы пасцерагчы дыван разам з Шарыкам, Глюкін угаворвае сустрэчнага на авантуру. Калі ж той, добрая душа, вяртаецца, то "...застывае ў здзіўленні перад пустой перакладзінай, на якой толькі што вісеў дыван, а прывязаны да стойкі сабака ветліва махае хвастом..."

 Гэта пачатак фільма, а чым ён скончыцца, мы даведаемся ў навагоднюю ноч 2012-га на Першым канале.

Юрый ІВАНОЎ Фота аўтара

P.S. 32-і здымачны дзень праходзіў у вёсцы Брадок каля дома на вуліцы Зарэчнай, 41. Кот сям'і Раісы і Міхаіла Чаркасаў па мянушцы Цімон з нейкім уласным інтарэсам назіраў за здымкамі. Дзіва што! Галоўны герой фільма - кот!..