Джокер у “буціку” Сезон 2010 — 2011

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Асаблівасці нацыянальнага тэатральнага плавання

/i/content/pi/cult/336/6200/8-3.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 32.)

 Любая тэндэнцыя становіцца бачнай праз ланцужок тых або іншых знакавых падзей. У мінулым сезоне такімі падзеямі, што высвятлялі тэндэнцыю, якая пануе ў прафесійных колах служкаў Мельпамены, сталі заснаванне Нацыянальнай тэатральнай прэміі і прыняцце Закону Рэспублікі Беларусь "Аб аўтарскім праве і сумежных правах".

Заўважана. Ацэнена

 Не сакрэт, што Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўжо загадзя, нават да пачатку правядзення, было наканавана стаць ці не найважнейшай творчай падзеяй сезона. І зусім не з прычыны таго, хто і што пад час яе атрымае "каштоўнага". А галоўным чынам вось чаму: упершыню за ўвесь час незалежнасці нашай краіны разуменне неабходнасці кампетэнтнага маніторынгу бягучай творчай сітуацыі ў прафесійных тэатрах не проста пачута, але і афіцыйна падтрымана на высокім дзяржаўным узроўні- менавіта ў выглядзе заснавання Нацыянальнай прэміі. Здавалася б, мара тэатралаў аб тым, што іх будзённая работа будзе нарэшце не толькі заўважана, але і ацэнена, вось-вось увасобіцца ў жыццё і дасць магчымасць самім калектывам выйсці на якасна новы ўзровень свайго прафесійнага існавання за кошт больш шырокага рэзанансу ўласных творчых работ. Аднак...

Рэаліі мінулага сезона яскравым чынам прадэманстравалі, што самымі "аморфнымі" ў гэтай справе аказаліся якраз самі тэатры і рэжысёры- тыя, хто павінен быў бы ў першых шэрагах праяўляць інтарэс да таго, каб плён іх працы займеў больш шырокі рэзананс. Далёка не ўсе калектывы паставіліся да прадстаўлення дакументаў і вызначэння намінацый, у якіх той або іншы вылучаны спектакль будзе прэтэндаваць на адзнаку, з належнай доляй адказнасці. Другой жа тэмай, што надоўга ўцягнула (і адцягнула) тых жа рэжысёраў, стала абмеркаванне, якім чынам належыць "журыць" намінантаў, каб вынікі задаволілі ўсіх./i/content/pi/cult/336/6200/8-4.jpg

Цікава, што ў віры бурных абмеркаванняў Нацыянальнай тэатральнай прэміі практычна незаўважаным, прынамсі, для саміх тэатральных рэжысёраў, стала прыняцце новага Закону "Аб аўтарскім праве і сумежных правах", які вызначае, што рэжысёр спектакля не з'яўляецца яго аўтарам, а- прыраўноўваецца да выканаўцы ("К" № 29 за 2011 г.). І, фактычна,- ператвараецца ў "наёмнага рабочага", запрошанага для таго, каб якасна і ў тэрмін выканаць пэўны зададзены аб'ём працы. Не будзем на старонках гэтага матэрыялу чарговы раз абмяркоўваць практычны бок новага дакумента. Іншая справа, што, на маю думку, у пэўнай ступені гэтаму рашэнню "паспрыяла" тэндэнцыя апошніх гадоў, калі самі тэатры паддаліся на "гульню" ў камерцыялізацыю і пачалі рабіць стаўку не на мастацкія пошукі, а- на "тэатральнае абслугоўванне насельніцтва". У такой сістэме каардынат змена рэжысёрскага статуса выглядае цалкам лагічнай, незалежна ад таго, падабаецца гэта асобным творцам альбо не.

Чым сэрца заспакоіць?

Ды ўсё ж не хочацца, каб карціна мінулага тэатральнага сезона выглядала адно толькі серыяй далёка не заўжды спраўджаных магчымасцей і шанцаў. Тым больш, гэта было б несправядлівым. Таму што на акрэсленым вышэй фоне ўсё ж варта вылучыць некаторыя падзеі, на якіх неабходна сканцэнтраваць увагу - для таго, каб зафіксаваць тыя парасткі, здольныя прынесці плён.

/i/content/pi/cult/336/6200/8-2.jpgПершая з іх - выхад сучаснай беларускай драматургіі за межы сталіцы. Кацярына Аверкава, якая ў гэтым сезоне стала галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, задумала і ажыццявіла ў яго сценах праект "Сцэнічных чытанняў". Цяпер раз на месяц тамтэйшая публіка знаёміцца з актуальнымі п'есамі айчынных аўтараў. Безумоўна, сама мадэль чытанняў ужо не толькі не новая, а, можна сказаць, традыцыйная, так што сёння здзівіць ёю наўрад ці магчыма. Іншая справа, што ўпершыню за ўсю гісторыю сучаснага беларускага тэатра гэтыя чытанні ўяўлялі з сябе драматургічна выбудаваны працэс, ажыццёўлены ў калектыве рэгіянальным, чый "профіль" зусім не абавязвае да падобнай дзейнасці. У часе гэтых чытак Магілёў наведвалі самі аўтары п'ес. Яны, да слова, прымалі актыўны ўдзел і ў дыскусіях з гледачамі-слухачамі, якія разгортваліся пасля ўласна чытак. Аказалася, што такі фармат, пазбаўлены сталічнай "абавязковасці", можа нават па-іншаму адкрываць не толькі саміх аўтараў, але і ўнутраны патэнцыял тэатра: акцёрскія магчымасці, глядацкую падрыхтаванасць да падобнага роду эксперыментаў.

Яшчэ адной немалаважнай падзеяй варта прызнаць "Той самы фестываль", які прайшоў у беларускай сталіцы вясной. Яго арганізатары (сярод іх - Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры ды Муніцыпальная ўстанова культуры г. Бона, (Германія) зрабілі стаўку на сучаснае пластычнае мастацтва, запрасіўшы ў беларускую сталіцу васемнаццаць тэатральных труп з дзевяці краін свету. Праграма, насычаная вялікай колькасцю эксперыментальных работ, майстар-класаў, дыскусій, дабрачынных выступленняў, выклікала вялікі інтарэс сярод маладзёжнай катэгорыі сталічных тэатралаў - той, якую традыцыйна прынята лічыць "страчанай" буйнымі рэпертуарнымі калектывамі. Што адметна, "Той самы фестываль" фактам свайго з'яўлення абверг шэраг распаўсюджаных і "мацёрых" стэрэатыпаў. Папершае - аб немагчымасці правядзення ў беларускай сталіцы прадстаўнічага і цікавага міжнароднага форуму без прыцягнення вялікіх дзяржаўных фінансавых укладанняў. Арганізатары прадэманстравалі: ініцыятыва, дакладна абазначаная творчая ніша і канцэнтрацыя, у першую чаргу, творчых намаганняў здольныя прыцягваць фінансавую падтрымку з самых разнастайных недзяржаўных крыніц. Усё згаданае вышэй выявіла: аказваецца, патэнцыял для пошуку партнёраў у нас не такі ўжо і вузкі, а проста - нераспрацаваны.

Другі са стэрэатыпаў, беспадстаўнасць якога высветлілася цягам гэтага фестывальнага тыдня, - адсутнасць у нас іншай тэатральнай прасторы, акрамя рэпертуарнай. У праграме творчага форуму ў дастатковай колькасці і якасці засвяціліся беларускія калектывы. Сярод іх ёсць ужо нават свае "класікі", такія, як пластычны тэатр "ІнЖэст" Вячаслава Іназемцава або Тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I." пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай. Усё гэта дае падставы казаць: "падлесак", які сёння ўяўляе альтэрнатыўнае рэпертуарнаму тэатру сучаснае мастацтва, развіваецца дастаткова паўнавартасна і гарманічна. Іншая справа - больш маруднымі тэмпамі, чым таго нам, тэатралам, хацелася б. Аднак тыя вынікі, якія мае гэты від тэатра і ў справе прыцягнення глядацкай аўдыторыі, і ў справе пошуку актуальнай мастацкай мовы, адпаведнай ХХІ стагоддзю, дае права казаць: размовы пра "пустое месца" на гэтай дзялянцы не маюць пад сабой аніякіх падстаў.

І яшчэ адна з'ява, якая шмат у чым працягвае і развівае задачы ды пасылы папярэдняй,- абвяшчэнне "пад заслону" тэатральнага сезона аб прэзентацыі Карняг-тэатра і "Спектакля № 7". Так малады рэжысёр Яўген Карняг, які цягам апошніх некалькіх сезонаў трымае зацікаўленую публіку ў напружаным чаканні сваіх новых работ, задэклараваў уласны творчы шлях: не "асімілявацца" ў рэпертуарным тэатры, а- прапаноўваць гледачам уласныя творчыя праекты.

Паказальна: ідэя "свайго тэатра" ўзнікае ці не штогод, калі чарговы выпуск акцёрскага факультэта Акадэміі мастацтваў марыць пра "шчаслівую будучыню" і "неба ў дыяментах", а па факце праз год-два цалкам раствараецца ў сталых трупах. Але харызматычнаму Яўгену Карнягу ўдалося не толькі ўтрымаць разам творчы касцяк аднадумцаў (пацвярджэннем - даўняя папулярнасць і надзвычай доўгі "поствыпускны" лёс яго студэнцкага спектакля "Не танцы") - ён згур/i/content/pi/cult/336/6200/8-1.jpgтаваў вакол сябе самых яркіх ды цікавых маладых акцёраў сталічных тэатраў. Кожны з іх запатрабаваны ва ўласным калектыве, ужо мае пэўны творчы статус і з імпэтам ды зайздроснай прафесійнай самааддачай акунаецца ў матэрыял, што прапануе ім рэжысёр.

 ■ ■ ■

 Што ж, фінал агляду атрымліваецца даволі-такі аптымістычны: мінулы тэатральны сезон падарыў, па меншай меры, тры нагоды казаць пра выхад на творчую "перадавую" менавіта маладых беларускіх рэжысёраў: Аляксандра Янушкевіча, Яўгена Карняга і Кацярыны Аверкавай. Кожны з іх на сённяшні дзень апрацоўвае ўласную творчую дзялянку і робіць гэта не толькі карпатліва ды якасна, але і, што надзвычай важна, - з арыентацыяй на мастацкія пошукі, а зусім не на павышэнне ўласнага прэстыжу і "вартасці".

Фота з архіваў тэатраў