Залатое жніво мастацтва

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

я Жніво — яно і ў культуры жніво. Менавіта ў жніўні выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб уганараванні, сярод іншых грамадзян краіны, многіх дзеячаў культуры і мастацтва. Некаторыя з іх і сталі героямі гэтай паласы. Кажуць, галоўнае для мастака — імя, а не званне. Сапраўды, імя — прыналежнасць гісторыі. Тым не менш, менавіта званні — бы тая лакмусавая паперка дзяржаўных прыярытэтаў у культуры, мастацкай ацэнкі, якая даецца і “з прыцэлам на гісторыю”, але падлічвае каштоўнасці патрабаванняў сённяшняга дня…

/i/content/pi/cult/336/6197/6-1.jpg

Стылістыка прэм'ер

 - Мінулы сезон, - падвяла вынікі салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, заслужаная артыстка краіны Настасся МАСКВІНА, - быў для мяне багаты на падзеі.

Найперш, гэта "Снягурка" і "Аіда" - новыя пастаноўкі нашага тэатра, у якіх я ўдзельнічала. Да таго ж, у Маскве, у Вялікім тэатры Расіі, працягваліся прэм'ерныя паказы "Лятучай мышы", я спявала там Разалінду. Гэты тэатр запрасіў мяне і на сусветную прэм'еру оперы "Вішнёвы сад" французскага кампазітара Філіпа Фенелона. Лібрэтыстам оперы паводле Чэхава выступіў крытык Аляксей Парын, ён жа прымаў самы непасрэдны ўдзел у выбары салістаў. Тэатр праводзіў кастынг, абралі выканаўцаў усіх партый, акрамя галоўнай - Ранеўскай. Калі запрасілі мяне, Парын паставіўся да гэтага з недаверам, але пасля прэм'еры прыйшоў у захапленне. Дагэтуль ён бачыў мяне толькі ў згаданай "Лятучай мышы", таму і сумняваўся, ці змагу я ўвасобіць не аперэтачную гераіню, а сапраўдны трагедыйны вобраз. Для мяне ж самым цяжкім было, бадай, знаёмства з новай стылістыкай сучаснай музыкі: замест запамінальных мелодый - рэчытатывы, асобныя фразы, складаная нязвычная інтанацыйнасць. Я такога раней не спявала! Вельмі дапамагло, што кампазітар прыехаў не адразу на прэм'еру, а дзён за дзесяць да яе. Ён прысутнічаў не толькі на фінальных аркестравых рэпетыцыях, але і на нашых занятках з канцэртмайстрамі. Прэм'ерныя канцэртныя паказы оперы прайшлі ў Вялікім тэатры Масквы і ў філармоніі Санкт-Пецярбурга, выклікаўшы вялікую зацікаўленасць музычнай грамадскасці і, вядома, прэсы.

А завяршыўся сезон для мяне 2 ліпеня: напярэдадні Дня Незалежнасці я спявала "Вакаліз" Рахманінава пад час урачыстасцей на плошчы Перамогі, і гэтую дзею трансліравалі ўсе нашы тэлеканалы.

Шмат цікавага будзе і ў новым сезоне. Распачнецца ён для мяне з партыі Аіды ў аднаменнай оперы Вердзі - я буду спяваць яе ўжо 2 верасня. А 13 лістапада ў тэатры, у Камернай зале імя Ларысы Александроўскай, запланаваны мой творчы вечар. У нашым тэатры шмат цудоўных салістаў, годных высокіх дзяржаўных узнагарод: да прыкладу, Алена Бундзелева, Аксана Волкава, Уладзімір Громаў...

- Дзе заспела вас узнагарода? Бо цяпер- сезон адпачынкаў, збор трупы тэатра прызначаны на 15 жніўня...

- Сапраўды, было неяк нечакана, што такая значная падзея прыпадзе на "міжсезонне". Але- тым больш хваляўніча! Я адпачываю дома, на лецішчы. І раптам - літаральна шквал званкоў з віншаваннямі: ад кіраўніцтва тэатра (найперш ад генеральнага дырэктара - Уладзіміра Паўлавіча Грыдзюшкі) і Універсітэта імя Максіма Танка, дзе я таксама выкладаю, ад калег і прыхільнікаў. Вядома, вельмі рада ўся мая сям'я, мае бацькі і сын Іван. Так што гэтая ўзнагарода - не толькі ўласна мая, але і ўсіх тых, хто спрычыніўся да маіх поспехаў. І, мабыць, больш за ўсіх - майго выкладчыка, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Людмілы Колас. Бо ўсе мы родам калі не з дзяцінства, дык з юнацтва, калі фарміраваліся нашы веды і ўменні. Галоўнае - крочыць далей.

Дыскавыя планы

- Куды ні прыеду выступаць, усе пытаюцца: маўляў, калі ж вы, нарэшце, народным станеце? - усміхнуўся саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча, народны артыст краіны Якаў НАВУМЕНКА. - Але тое, што цяпер гэта здзейснілася, не азначае творчага прыпынку. Наадварот!

Цяпер у мяне, мабыць, больш планаў, чым калі. Можа, яшчэ і таму, што ёсць добрыя побытавыя і творчыя ўмовы. Я/i/content/pi/cult/336/6197/6-2.jpg пабудаваў сабе дом у лесе пад Жодзінам. Апошнія года паўтара займаўся будаўніцтвам і, зразумела, даваў канцэрты, але напісаць штосьці новае папросту не паспяваў. Цяпер жа ў маім кабінеце з відам на лес - натхненне так і ліецца! Пішаш адну песню - раптам з'яўляецца іншая. Нармальны творчы працэс!

Ужо ўвосень хачу выпусціць кампактдыск беларускіх народных песень. Гэта будуць аўтэнтычныя спевы - і новыя, сучасныя, аранжыроўкі. Я заканчваў, нагадаю, аддзяленне народных спеваў знакамітай Расійскай музычнай акадэміі імя Гнесіных, заўжды любіў такую спеўную манеру, але не заўсёды мог яе рэалізаваць. Цяпер такая магчымасць з'явілася, і, спадзяюся, незвычайнае спалучэнне аўтэнтыкі з эстрадай прыйдзецца даспадобы слухачам.

Яшчэ адна задума: дыск з незаслужана забытымі беларускімі эстраднымі хітамі. Мастацтва жыве не толькі будучым і цяперашнім, але і сваёй гісторыяй, у якой трэба вызначаць самыя адметныя кропкі. Гэта, пэўна, і ёсць патрыятызм.

 Ад "зоркі" да медаля

 - Пра гэта можна толькі марыць! - радасна ўсклікнула салістка Маладзёжнага тэатра эстрады ГЮНЭШ, узнагароджаная медалём Францыска Скарыны. /i/content/pi/cult/336/6197/6-3.jpg

- З самага пачатку свайго творчага шляху я ставіла перад сабой пэўныя мэты і задачы, і далей, крок за крокам, цягам пастаяннай працы, увасабляла іх у жыццё, дасягаючы вынікаў. Для мяне быў важны кожны вакальны конкурс - як нейкі этап у творчасці, прыступка на лесвіцы, што павінна весці ўгару, а не ўніз. Я шмат працавала, каб перамагаць. Таму ўсе ўзнагароды, што я атрымала, - гэта не пусты гук. За кожнай - свая гісторыя, свая сцяжынка да творчага поспеху.

Летась, да прыкладу, для мяне было вельмі важна, прыемна і ганарова атрымаць "зорку" ад тэлеканала "СТБ": я перамагла ў намінацыі "Лепшы жаночы вакал года ў Рэспубліцы Беларусь". Здавалася б, што можа быць лепш?..

Але атрымаць такую высокую дзяржаўную ўзнагароду, як медаль Францыска Скарыны, - гэта такое шчасце! Я вельмі рада, што мае намаганні за ўсе гады творчай дзейнасці былі так высока ацэнены Кіраўніком дзяржавы. Хочацца працаваць яшчэ больш! Ёсць шмат задумак па новай шоу-праграме, якую мы рыхтуем з маім калектывам. Гледачы змогуць убачыць яе ў новым сезоне пад час майго гастрольнага тура па гарадах Беларусі.

Адкрыццё невядомага

- Беларуская музыка як частка еўрапейскай культурнай прасторы, - засведчыў мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў "КласікАвангард", заслужаны дзеяч мастацваў Беларусі Уладзімір БАЙДАЎ, - заўсёды была і будзе ў цэнтры ўвагі калектыву.

/i/content/pi/cult/336/6197/6-4.jpgГэтая традыцыя закладалася яшчэ пры нараджэнні нашага ансамбля, які з'яднаў лепшых музыкантаў розных спецыяльнасцей. Але не буду пералічваць, што было, лепш раскажу, што мы рыхтуем у новым сезоне.

У некалькіх канцэртах прагучаць творы беларускіх і польскіх кампазітараў розных стагоддзяў. Такое спалучэнне - цалкам натуральнае, бо цягам значнага гістарычнага перыяду нашы народы былі часткай адной дзяржавы. Прадоўжым мы і традыцыю тэатралізаваных канцэртаў, а таксама цэлых тэатралізаваных дзей. У свой час Дзмітрый Шастаковіч напісаў музыку да мульфільма "Казка пра небараку-мышаня". Гэтая партытура добра кладзецца на склад нашага ансамбля, я зрабіў пералажэнне, і мы пакажам яе як тэатралізаваную дзею. Галоўнай жа падзеяй сезона, трэба лічыць, станецца адкрыццё для сучаснай публікі ранняй оперы Станіслава Манюшкі "Карманьёл". Яна была напісана нават раней за яго "Латарэю", якую мы ставілі летась! Дарэчы, усё гэта - менавіта беларускі перыяд жыцця і творчасці знакамітага кампазітара, які пазней быў запрошаны ў Варшаўскую оперу дырыжорам. Не менш сенсацыйнай стане і чарговая праграма "невядомых імёнаў": прагучаць музычныя творы забытых, папросту невядомых беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя. Зразумела, адкрыццё новых імёнаў нашай нацыянальнай музычнай гісторыі немагчымае без музыказнаўцаў. Мы вельмі ўдзячныя той жа Святлене Немагай, якая плённа займаецца архіўнымі пошукамі і перадае знойдзеныя ноты нам, каб мы ўводзілі гэтыя творы ў канцэртную практыку. І гэта далёка не ўсё, што мы пакажам, - павінна ж заставацца хоць невялікая таямніца! Вядома, усё пералічанае было запланавана не сёння, а нашмат раней, але атрыманае мной ганаровае званне стане дадатковым штуршком да актыўных дзеянняў.