“Заложнікі” рэйтынгу?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Чаму тэлерэжысёры вымушаны ісці на мастацкія кампрамісы з фарматам?

/i/content/pi/cult/336/6196/5-1.jpg

 

Кінематограф - не толькі вялікае мастацтва, але і рызыкоўны бізнес. Аб гэтым яскрава сведчаць бюджэты стужак і іх касавыя зборы, нават у Галівудзе значны прыбытак прыносяць толькі дзве з пяці карцін. У кінематаграфіях іншых краін сітуацыя яшчэ больш складаная: дзеля таго, каб выйсці на максімальны прыбытак, прадзюсары ідуць на ўсе магчымыя кампрамісы, у першую чаргу - мастацкія. Больш за ўсё тое тычыцца вытворчасці для тэлебачання: тэлевізійнае кіно, тыя самыя серыялы рэдка здзіўляюць цікавымі знаходкамі і смелымі аўтарскімі рашэннямі. Тым не менш, менавіта ім аддаюць перавагу большая частка глядацкай аўдыторыі і, у апошняе дзесяцігоддзе, сфера кінавытворчасці. Якім чынам творцам удаецца спалучыць аўтарскае "Я" і жорсткія патрабаванні тэлевізійнага фармату? Як гэта ўплывае на якасць экраннай прадукцыі? Ва ўсім гэтым паспрабаваў разабрацца карэспандэнт "К".

Што і казаць, часы, калі прадукт для "малога экрана" лічыўся нечым другасным, мінулі, а сёння тэлепаказы з'яўляюцца для кінематаграфістаў ці не галоўным спосабам данесці сваю творчасць да гледача. Вялікая аўдыторыя і эканамічная мэтазгоднасць прымушаюць аўтараў пісаць і здымаць у разліку адразу на некалькі серый, ствараючы паралельна скарочаную версію для пракату ў кінатэатрах. Аб распаўсюджанасці тэлепраектаў добра сведчыць і прадукцыя Нацыянальнай кінастудыі, якая самастойна, а таксама ў супрацоўніцтве з іншымі кампаніямі рэгулярна выпускае міні-серыялы. Напрыклад, на сённяшні дзень на "Беларусьфільме" ў вытворчасці толькі адна стужка для вялікага экрана і адразу некалькі тэлекарцін. Актыўна працуюць беларусы і ў тэлевізійных стужках, якія здымаюць у нас замежныя кампаніі. У цітрах многіх папулярных кінапраектаў, што дэманструюцца на цэнтральных каналах краін былога СССР, - беларускія імёны, і не толькі акцёраў, але і рэжысёраў, аператараў, спецыялістаў іншых кінематаграфічных прафесій. Напрыклад, адзін з самых папулярных праектаў мінулага сезона ў кабельных сетках - містычны серыял "Навігатар" - стваралі па замове маскоўскага канала амаль выключна нашы землякі.

 Сваю асобную кінавытворчасць распачынаюць і айчынныя тэлеканалы. У гэтым нумары "К" вы можаце пазнаёміцца з фотарэпартажам аб здымках камедыйнай стужкі, якую стварае Белдзяржтэлерадыёкампанія. Відавочна, і аб гэтым таксама пісала "К", што ствараць свой кінапрадукт для тэлеканалаў эканамічна больш мэтазгодна. Але пытанне - у тым, як той прадукт будзе выглядаць, якая яго мастацкая вартасць, на якога гледача ён разлічаны?

"Момант ісціны" для рэжысёра

- Перад кожным рэжысёрам, які супрацоўнічае з тэлебачаннем, заўсёды паўстае дылема: ці "наступіць на горла" творчай фантазіі і зрабіць свой прадукт максімальна падобным на іншыя, ці адстойваць сваё, арыгінальнае, бачанне, - кажа аўтар і вядучы цыкла "Сінематэка" на Першым канале, рэжысёр Сяргей Кацьер, які ўдала спалучае працу на тэлебачанні і выкладчыцкую дзейнасць. - Такі своеасаблівы "момант ісціны" наступае абавязкова, бо тэлебачанне - даволі жорсткая сістэма, дзе на дадзены момант усё падпарадкавана адной мэце: павышэнню рэйтынгу трансляцыі. Калі фільм або праграма надта нестандартныя, не задавальняюць запыты пераважнай большасці гледачоў, то іх аўтары сур'ёзна рызыкуюць апынуцца не "ў фармаце", на ўзбочыне тэлевізійнага працэсу, нават нягледзячы на тое, што маюць сваю сталую аўдыторыю...

На так званы дыктат рэйтынгу звяртаюць увагу амаль усе, каму даводзіцца займацца працай на тэлебачанні. Кінематаграфісты тут - не выключэнне: калі ў стужках для вялікага экрана галоўным паказчыкам эфектыўнасці іх творчасці з'яўляюцца касавыя зборы, то на ТБ інструмент пакуль адзін - рэйтынг: працэнт і доля патэнцыйнай аўдыторыі праграмы.

- Зразумела, пры падборы стужак для кінапаказу мы кіруемся, перш за ўсё, запытамі сваёй аўдыторыі, - тлумачыць "К" сітуацыю з кінапаказамі Вольга Якіменка, дырэктар Дырэкцыі праграмнай ЗАТ "Другі Нацыянальны тэлеканал". - А наша асноўная, дзённая, аўдыторыя, паводле вынікаў даследаванняў, на 65% - жанчыны, якія зрабілі крок у другую палову жыцця, і толькі позна ўвечары нас больш актыўна пачынаюць глядзець мужчыны. Адсюль - і "жаночыя" серыялы, якія мы паказваем пераважна ў буднія дні. Што да выхадных, дык тут ужо большай папулярнасцю карыстаюцца аднасерыйныя стужкі, якія здымаліся ў разліку на вялікі экран, хіты сусветнага кінапракату. Што ж да "зваротнай сувязі", то большасць водгукаў, лістоў і тэлефанаванняў атрымліваем на серыялы. І гэта паказальна...

У рэшце рэшт, арыентуемся не толькі на рэйтынгі, але і на тое, каб стужкі на канале "АНТ" выклікалі адно добрыя, станоўчыя эмоцыі, прыярытэт аддаём менавіта такім карцінам, - працягвае Вольга Якіменка. - Не забываемся і на беларускае: колькі гадоў запар паказвалі "ваеннае" кіно Нацыянальнай кінастудыі, суправаджаючы кожны паказ перадачай "Кінавёрсты вайны". Была ў нас у эфіры і "Залатая серыя "Беларусьфільма", і адмысловы тыдзень найноўшай яго прадукцыі, які завяршыўся выпускам ток-шоу, дзе ўзнімаліся праблемы айчыннага кіно. Дарэчы, што да беларускага мастацкага кіно, у тым ліку тэлесерыялаў, то яго мы закупляем і паказваем у поўным аб'ёме.

- У самім паняцці "рэйтынг" няма нічога кепскага, наадварот: граматнае ўжыванне і функцыянаванне яго механізмаў толькі садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу тэлеканала, - упэўнена рэжысёр Надзея Гаркунова, кіраўнік студыі дакументальнага кіно Галоўнай дырэкцыі праграм Белтэлерадыёкампаніі. - Іншая справа, што займацца рэйтынгавымі замерамі і рабіць з іх высновы павінны выключна прафесіяналы. Чалавек, які стварае на тэлеканале стужкі, не павінен даведвацца аб негатыўнай рэакцыі аўдыторыі або нейкіх хібах пры планаванні тэматыкі сваёй працы постфактум. Вядома, што перспектыўныя планы на тэлебачанні пішуцца на паўгода - год наперад. Гэта значыць, каб зрабіць рэйтынгавую праграму, трэба як мага больш дакладна ведаць, што будзе карыстацца поспехам у гледачоў праз пэўны прамежак часу.

Перайсці да класікі

Трэба адзначыць, што веданне запытаў аўдыторыі, тых момантаў, з дапамогай якіх гэтую аўдыторыю, а разам з ёю - прыбыткі ад продажу эфірнага часу пад рэкламу, можна павялічыць, - гэта цэлая навука. Аднак лічыць іх працу ц а л к а м эфектыўнай не выпадае, бо абсалютна дак л а д н а п р а д угледзець паводзіны і густы гляд а ц к а й плыні пакуль не ў стане ні ў адной краіне свету. Тым больш, што адзінай аўдыторыі на сённяшні дзень практычна не існуе. Калі ў канцы 1990-х- на пачатку 2000-х увагу гледача прыцягвалі пераважна крымінальныя сюжэты, то жанравая палітра тэлекіно на сённяшні дзень куды больш разнастайная. Ды і аўтарам ужо надакучыла здымаць бясконцых "мянтоў" ці "стужкі пра вайну"...

Вось і адна з апошніх удалых карцін "Беларусьфільма" - стужка Івана Паўлава "Усё, што нам патрэбна": камічна-лірычны міні-серыял на "навагоднюю" тэму.

- Рэйтынг усё ж такі - пэўная перашкода для кінематаграфічнай творчасці, - досыць крытычна настроены рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў. - За высокі тэлевізійны рэйтынг, гэта значыць, за прыбытак, звычайна змагаюцца прадзюсары. Рэжысёру ж патрэбна нешта іншае, ён прагне самавыяўлення. Зразумела, павінен існаваць нейкі кампраміс паміж згаданымі паняццямі, аднак на тэлебачанні дасягнуць яго куды цяжэй, чым у звычайным, поўнаметражным, кіно...

Аўтар камедыі "На спіне ў чорнага ката" мае рацыю, бо справа тут, у тым ліку, у саміх прынцыпах, на якіх пабудавана тэлевізійнае кіно. Тэлевізар мы часцей за ўсё глядзім "вушамі", як тыя самыя хатнія гаспадыні, што віруюць на кухні і паралельна слухаюць рэплікі герояў улюбёнай "тэленавелы". Да таго ж, існуюць іншыя акалічнасці: як правіла, грошай на тэлекіно выдаткоўваецца ў некалькі разоў менш, чым на карціны для вялікага экрана, а працаваць даводзіцца значна хутчэй. Таму серыялы здымаюць часцей на відэа, а не на кінаплёнку, хоць гэтая акалічнасць апошнім часам стала не такой вызначальнай, бо развіццё тэхнікі ідзе наперад. Тым не менш, самыя якасныя тэлесерыялы дасюль здымаюць на плёнку, што, па меркаванні Івана Паўлава, на сённяшні дзень гарантуе найлепшы вынік.

Наракаюць стваральнікі серыялаў і на непазбежна хуткі рытм працы:

- Калі здымаеш для тэлебачання, то амаль не паспяваеш "пабудаваць" кадр, паспрабаваць розныя варыянты мізансцэны, бо норма выпрацоўкі за змену тут у некалькі разоў перавышае тую, якая існуе на здымках "вялікага" кіно,- дзеліцца сваімі ўражаннямі Іван Паўлаў. - Зразумела, што з-за недахопу часу шмат задум застаецца нерэалізавана. Існуюць складанасці і са сцэнарным матэрыялам, бо, як у нашым выпадку, сюжэт стужкі трэба "расцягнуць" на чатыры серыі, захаваўшы яго дынаміку і прывабнасць. Радуе тое, што глядач паступова адыходзіць ад "крывавых" ды прымітыўных крымінальных сюжэтаў - запатрабаванымі становяцца больш складаныя, культурна насычаныя стужкі. Можна ўзгадаць цудоўныя прыклады тэлевізійнай экранізацыі класічнай літаратуры, якія ў Расіі выпускалі Уладзімір Бортка, Аляксандр Прошкін, Глеб Панфілаў. Мяркую, надышоў час і ў нас папулярызаваць беларускіх пісьменнікаў праз стварэнне якасных шматсерыйных тэлевізійных стужак.

Памер - не галоўнае

У дачыненні да запытаў масавай аўдыторыі Надзея Гаркунова настроена канструктыўна:

- Я не разумею калег, якія скардзяцца на "дыктат рэйтынгу", - кажа яна. - Яскравы прыклад - паказы стужак нашага падраздзялення, якія з вялікім поспехам усё лета ішлі на канале "ЛАД", аб чым сведчыць колькасць тэлефанаванняў. Тым часам нехта яшчэ працягвае сцвярджаць, нібыта дакументальнае кіно - "нерэйтынгавае", нецікавае нашай аўдыторыі! Лічу, што тэлебачанне не з'яўляецца нейкім "канвеерам": у любым выпадку, кожным разам яно паказвае розных людзей у розных сітуацыях, нават забаўляльныя тэлешоу - гэта не "шырспажыў", бо ў кожнае з іх укладзена вялікая праца. Каб не наракаць на "густы" аўдыторыі, тым, хто працуе на тэлебачанні, трэба самім актыўней фарміраваць глядацкі запыт, прапанаваць больш складаны прадукт, які будзе развіваць аўдыторыю.

Сучаснае становішча з "рэйтынгавымі" і "нерэйтынгавымі" праграмамі можа хутка змяніцца, бо тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, і ўжо сёння не праграмныя дырэкцыі каналаў, а сам глядач можа выбіраць, што, калі і ў якой паслядоўнасці глядзець.

 - Інтэрнэт і праграмуемае лічбавае тэлебачанне "па запыце" зменіць існуючы парадак рэчаў,- упэўнены Сяргей Кацьер. - Хутка галоўнай будзе не колькасць гледачоў, а іх якасць, "глыбіня" аўдыторыі. Калі людзі адмовяцца ад прагляду непатрэбных ім праграм, тады ў свеце тэлебачання і стане зразумелым, хто чаго варты. Мяркую, што якасць і майстэрства ў выніку перамогуць "масавую вытворчасць"...

Да гэтых аптымістычных спадзяванняў Сяргея Кацьера хочацца дадаць, што заўтра наступае ўжо сёння, і малады беларускі глядач - глядач ХХІ стагоддзя - усё часцей аддае перавагу прагляду высокабюджэтных, разлічаных на "якасную" аўдыторыю тэлесерыялаў. На жаль, пакуль што замежных. Але, спадзяёмся, беларускія кінематаграфісты пры падтрымцы айчыннага тэлебачання хутка змогуць скласці істотную канкурэнцыю заакіянскім "доктарам хаўсам". І тады пытанне з "дыктатам рэйтынгу" адпадзе само сабой.