“Кастынг” у кадравы банк

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Без “агрэсіўнай прафарыентацыі” дэфіцыт прафесіяналаў — непазбежны

/i/content/pi/cult/336/6195/4-1.jpg

Прайшлі ўжо апошнія хваляванні залічэнняў у ВНУ сферы культуры. Але пачаць гаворку пра будучыню першакурснікаў вышэйшых навучальных невыпадкова выпадае менавіта з прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, які толькі распачаўся. Невыпадкова таму, што два гэтыя экзаменацыйныя працэсы шчыльна ўвязаны ў непадзельнай сацыядэмаграфічнай прасторы і наўпрост залежаць адзін ад аднаго. Па меркаванні намесніка начальніка аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Мукалава, інфармацыя са ССНУ паступае, мякка кажучы, трывожная. Па асобных спецыяльнасцях вельмі складана выканаць план прыёму. Ахвотных прысвяціць жыццё ўмацаванню рэгіянальнай культуры пакуль хранічна не стае. Як перакананы Анатоль Мукалаў, навідавоку - яўная і недаравальная недапрацоўка мясцовых аддзелаў культуры.

Па і "флагманы"

 Дарэчным тут будзе характэрны прыклад з жыцця. Кіраўнік аднаго з раёнаў Гомельшчыны ў маёй прысутнасці дакараў сваіх работнікаў культуры, падкрэсліваючы, што ў пошуках перспектыўнага кадравага патэнцыялу тыя павінны хадзіць у бліжэйшую агульнаадукацыйную школу як на працу, павінны напаўняць інфармацыйны кадравы банк не з выпускнога, а з пачатковага класа: маўляў, толькі такія - скрупулёзныя і прадуманыя - прафарыентацыйныя захады дадуць у будучыні жаданы кадрава-прафесійны плён. І кіраўнік той, неаспрэчна, мае рацыю. У кожным рэгіёне, як паказвае тая ж журналісцкая практыка, пра неабходнасць падобнай "пошукавай" дзейнасці ведаюць, але далёка не ў кожным мне даводзілася бачыць тыя славутыя спісы, згодна з якімі з першага класа "выбудоўваюцца" лёсы будучых "адміралаў" сельскіх і гарадскіх культурных "флагманаў". У выніку мы маем тое, што маем. А пасады сельскіх работнікаў культуры займаюць іншым разам работнікі без адукацыі: больш, проста, няма каму. Сельская кадравая пустыня ўпарта не хоча ператварацца ў аазіс з абавязкова "кастынгавым" замяшчэннем вакансій.

 - Прафарыентацыйная работа павінна быць больш настойлівай, - перакананы Анатоль Мукалаў,- нават больш агрэсіўнай. Трэба змагацца за кожнага вучня, што мае здольнасці да музыкі, жывапісу, творчасці... Мы ўжо шмат гадоў канстатуем, што ў нашых дзіцячых школах мастацтва займаецца па рэгіёнах толькі 10 - 14 працэнтаў ад агульнай колькасці вучняў агульнаадукацыйных школ. І гэтая "агульная колькасць" - невычэрпны кадравы патэнцыял, які тэрмінова варта ўключаць у працу.

Хто аспрэчыць гэтыя словы?.. Годныя вучні "вырастаюць" толькі ў годнага выкладчыка. І менавіта ад гэтага працэсу залежыць колькасць і якасць заўтрашніх студэнтаў. Працэс - закальцаваны, выдаткі ад яго неэфектыўнасці - больш чым сур'ёзныя. Недастаткова, па словах Анатоля Мукалава, развіваюцца на Беларусі харавая музыка, харавыя спевы, у музычных школах мала сапраўды паўнацэнных харавых аддзяленняў.

Завяршаючы гаворку пра спецыфіку сярэдняй спецыяльнай адукацыі, не магу не згадаць і пра раённыя "харэаграфічныя" прэтэнзіі да нашых ССНУ. Ледзь не ў кожным аддзеле мне тлумачылі хранічную нястачу "танцораў" тым, што розным па іх вучаць як мае быць, а вось самі яны таму дзяцей навучаюць без асаблівага, мякка кажучы, педагагічнага поспеху. "Ёсць і тут праблема, - пагаджаецца Анатоль Мукалаў. - Харэаграфічная спецыяльнасць у нас - конкурсная. Але не магу не выказаць прэтэнзіі зноў да начальнікаў аддзелаў, кіраўнікоў клубных фарміраванняў, бо сёлета адзін з нізкіх конкурсаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў быў менавіта па харэаграфічным мастацтве - па бальным танцы". Вось ён, масток паміж сярэдняй і вышэйшай спецыяльнымі адукацыямі... Масток, скажам, у дадзеным "танцавальным" выпадку- не надта трывалы і надзейны. Вось як каменціруе сітуацыю рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў: "Гаворка- пра нізкаякасную падрыхтоўку абітурыентаў. Трохпрыступкавы ланцужок "школа - сярэдняе звяно - вышэйшая адукацыя" ёсць, а вось крытэрыяў узаемадзеяння, сістэмнай сувязі паміж названымі звёнамі пакуль няма". У выніку дэфіцыт харэографаў у раёнах па-ранейшаму досыць адчувальны...

/i/content/pi/cult/336/6195/4-3.jpgЛічбы-лічбы...

 Сённяшняя сітуацыя з недавыкананнем плана прыёму ў ССНУ - люстраны адбітак з аналагічнай учарашняй сітуацыяй у ВНУ культуры. Спачатку - агульныя лічбы. На бюджэтную форму падрыхтоўкі сёлета прынята 1023 чалавекі: ва Універсітэт культуры і мастацтваў - 696, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі - 185, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў - 142.

Максімальна вялікі конкурс, як і ў мінулыя гады, зарэгістраваны па Акадэміі мастацтваў: 4,2 чалавека на месца. Сярод спецыяльнасцей тут, як звычайна, найбольш запатрабаванымі застаюцца "акцёрскае мастацтва ў драматычным тэатры і кіно" (8 чалавек на месца), "дызайн інтэр'ераў" (9,3 чалавека), "графічны дызайн" (8,5), "дызайн віртуальнага асяроддзя" (8).

Ва Універсітэце культуры і мастацтваў лідзіруюць менеджмент сацыякультурнай сферы (5,4 чалавека на месца), менеджмент міжнародных культурных сувязей (5,2). І гэта - дзённая форма падрыхтоўкі. Па завочнай конкурс крыху большы. Па згаданых спецыяльнасцях, адпаведна, - 7,9, і- 8...

Акадэмія музыкі, як вядома, прымае зазвычай тых абітурыентаў, што ўжо атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю ў музычным вучылішчы ці каледжы. "Таму вялікага конкурсу тут і не чакалася, - тлумачыць Анатоль Мукалаў. - Тым не менш, сёлета дастаткова добрая конкурсная сітуацыя па спевах (2,2 чалавека як па жаночых, так і па мужчынскіх галасах), харавым дырыжыраванні і фартэпіяна (недзе 1,7 чалавека), балалайцы і гітары (2 чалавекі на месца)...

Пра прарыў і пазітыў /i/content/pi/cult/336/6195/4-4.jpg

Вернемся да якасці падрыхтоўкі абітурыентаў-2011. Нельга скідваць з рахункаў тое, што многія гады частка будучых студэнтаў на этапе сярэдняй спецыяльнай адукацыі атрымлівае азы вышэйшай, працуе па, так бы мовіць, сумяшчальным навучальным плане. Але, па словах Анатоля Мукалава, нельга засведчыць, што сёлетняе паступленне ў ВНУ ўразіла прыёмныя камісіі нейкім надзвычайным інтэлектуальным "прарывам". Неаспрэчна, што абітурыенцкі ўзровень бягучага года быў слабейшы з а папярэдні. Не выратавала сітуацыю і тое, што падрыхтоўчыя аддзяленні (як каротка-, так і доўгатэрміновыя) працавалі з поўнай нагрузкай. Можна патлумачыць недастатковую абітурыенцкую падрыхтоўку колькаснай спецыфікай прыёму. Пры недаборы, маўляў, пра гэтую якасць нават марыць не выпадае. Паступалі, як кажа Анатоль Мукалаў, усе тыя, хто меў на тое жаданне. Інакш кажучы, ВНУ прынялі ўдар на сябе. Але словы рэктара БДУКіМ пра адсутнасць сістэмы ва ўзаемадзеянні школы, каледжа і ВНУ, як падаецца, яшчэ доўга застануцца "эпіграфам" да шматграннай і кадравай праблемы ў рэгіёнах...

 Нельга сказаць, што сёлетнія ўступныя іспыты ў ВНУ культуры былі выключна насцярожваючымі, - хапала ў гэтую гарачую пару і пазітыву. Лішне згадваць, што прыярытэт пры паступленні ў ВНУ мелі тыя, хто працуе па спецыяльнасці- менавіта яны і складаюць заўжды асноўнае ядро завочнікаў. Дык вось, сёлета на завочную бюджэтную форму навучання ў БДУКіМ залічана 288 чалавек, у Акадэмію мастацтваў - 24 (у Акадэміі музыкі завочнага аддзялення няма). Апрача гэтага, завочную адукацыю будуць атрымліваць, натуральна, і "платнікі": 383 студэнты ва Універсітэце культуры і мастатцваў, 49 - у Акадэміі мастацтваў. Гэта, як кажуць, тыя кадры, што застануцца ў прафесіі насуперак усяму.

Мэта "мэтавіка"

 /i/content/pi/cult/336/6195/4-2.jpgЦяпер - пра гэткіх жа адданых абранай справе "мэтавікаў". Як сцвярджае Анатоль Мукалаў, справа тут наладжана цалкам у адпаведнасці з патрабаваннямі, што прапісаны ў Палажэнні, зацверджаным пастановай Савета Міністраў. Як вядома, мэтавай падрыхтоўкай ужо шмат гадоў займаецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Сёлета план прыёму складаў 36 чалавек, і ён паспяхова выкананы. І вось якраз "мэтавікі" парадавалі сёлета прыёмную камісію і падрыхтаванасцю, і колькасцю. А на 36 месцаў было пададзена 52 заявы, практычна па ўсіх спецыяльнасцях быў конкурс...

 Калі казаць пра перспектывы развіцця кадравай палітыкі, дык тут намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры засяроджвае ўвагу на тым, што варта павялічваць падрыхтоўку па такіх спецыяльнасцях, як "бібліятэказнаўства" і "бібліяграфія", "паліграфічнае мастацтва", "народныя абрады і святы"... Патрэба ў названых спецыялістах была прапісана, дарэчы, і ў папярэдняй галіновай праграме "Захаванне і развіццё культуры Беларусі" на 2006 - 2010 гг., не знікае яна і цяпер. У сферы музычнай адукацыі ледзь не кожная сярэдняя спецыяльная ўстанова адчувае дэфіцыт спецыялістаў па навучанні ігры практычна на кожным музычным інструменце. Адчуваецца недахоп піяністаў, духавікі, струннікі - таксама хранічны дэфіцыт. Перспектыўны накірунак Акадэміі мастацтваў - клопат пра творчы склад нашых тэатраў, актывізацыя працэсу далучэння дзяцей да сферы выяўленчага мастацтва. Таму і ў раённых аддзелах культуры павінны дасканала адсочваць развіццё шматпрофільнай дзейнасці ДШМ, каб бацькі маглі выбіраць, якую эстэтычную адукацыю атрымаюць іх дзеці, якія праз час упрыгожаць у творчым плане наша і сваё жыццё.

■ ■ ■

І апошняе. Анатоль Мукалаў, разважаючы пра пэўны разрыў паміж тэорыяй і практыкай пры навучанні будучых работнікаў культуры, якім працаваць у сельскай мясцовасці, падкрэслівае: "Калі мы штосьці тут недаўлічылі, дык кожная наша ВНУ адкрыта для слушных прапаноў з месцаў, кожная з такіх прапаноў будзе абавязкова абмеркавана і рэалізавана". А што да далейшага прафесійнага ўдасканалення, дык у БДУКіМ дзейнічае факультэт перападрыхтоўкі кадраў на платнай аснове. Любы ахвотны цягам двух гадоў можа атрымаць другую вышэйшую адукацыю. Спектр спецыяльнасцей - дастаткова шырокі. Магчымасцей для карэкціроўкі сваёй прафесійнай дзейнасці - таксама.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"