Золата чэмпіёнаў

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

У Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на імя міністра Паўла Латушкі паступіў чарговы ліст з падзякай за падрыхтоўку айчынных творцаў. Гэтым разам зваротны адрас — Аўстрыя, дзе не так даўно завяршыўся Першы Харавы чэмпіянат свету сярод моладзі. Як ужо паведамляла “К” (гл. № 31 за 2011 г.), трыумфатарам творчага спаборніцтва стаў хор “Звонкія галасы” з Наваполацка пад кіраўніцтвам Альберта Кажушкевіча. Вось радкі з ліста, падпісанага прэзідэнтам Міжнароднага таварыства “Інтэркультура” Гюнтарам Цічам і мастацкім дырэктарам форуму, прафесарам Ральфам Айзенбайсам— прадстаўнікамі арганізатараў фэсту.

/i/content/pi/cult/336/6192/3-2.jpg

"...Падвёўшы вынікі І Харавога чэмпіянату свету сярод моладзі, у якім прынялі ўдзел каля 130 хораў з 40 краін свету па 14 намінацыях у самых розных жанрах харавой музыкі, мы з асобай радасцю і задавальненнем паведамілі Прэзідэнту Вашай краіны і паведамляем Вам пра пераканаўчую перамогу беларускага хору "Звонкія галасы" з Наваполацка пад кіраўніцтвам Альберта Кажушкевіча, што стаў першым чэмпіёнам свету сярод аднародных маладзёжных хораў і заваяваў залатыя медалі І Харавога чэмпіянату свету ў аўстрыйскім Гацы сярод моцных удзельнікаў з Аўстраліі, Еўропы, Азіі і Амерыкі.

 Прайшоўшы жорсткі адбор у кваліфікацыйным раўндзе і атрымаўшы "Залаты дыплом І ступені", Ваш цудоўны хор сваім выканальніцкім майстэрствам скарыў сэрцы не толькі ўдзячнай міжнароднай публікі, гасцей і ўдзельнікаў найбуйнога харавога форуму свету, але быў, перадусім, высока адзначаны членамі міжнароднага журы экспертаў харавой музыкі з розных краін: Аўстрыі, Аўстраліі, Германіі, Інданэзіі, Швецыі, Расіі, Філіпін, ПАР і іншых.

Вялікім поспехам завяршылася выступленне хору "Звонкія галасы" і ў катэгорыі "Духоўная музыка" - адной з самых прэстыжных намінацый Харавога чэмпіянату, дзе хор Альберта Кажушкевіча ў чэмпіёнскім туры таксама ўдастоены залатых медалёў і прызнання выканальніцкай культуры сваёй краіны з боку знаўцаў з усяго свету.

Дзякуем Вам за выхаванне хору "Звонкія галасы", без Вашага ўдзелу і падтрымкі праграма сусветнага харавога форуму не аказалася б настолькі яркай.

Ад усёй душы віншуем Вас і выдатны хор з Наваполацка з гэтай грандыёзнай перамогай славянскай спеўнай культуры...

 Жадаем поспехаў і росквіту Вашай рэспубліцы і новых дасягненняў яе харавой культуры".