Хто князь і князёўна?

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Сёння распачынаецца рэгіянальны фестываль “Крэўскі замак”. Ініцыятар мерапрыемства — аднайменны мясцовы дабрачынны фонд.

 

Пад час фэсту будуць прадстаўлены ўзоры найлепшых сучасных інтэрпрэтацый традыцыйнай культуры. Апрача танцаў, песень і тэатралізацый, будуць ладзіцца разнастайныя конкурсы. Мяркуецца абраць найлепшы фальклорны гурт, лепшых кулінара, барда, паэта, валанцёра... Пройдзе таксама і конкурс на крэўскіх князя і князёўну.

Аддзел культуры Смаргонскага райвыканкама прымеркаваў да фестывалю "Крэўскі замак" свята вёскі. Па словах спецыяліста аддзела Марыі Клуйша, кожны жыхар старадаўняга Крэва можа пазмагацца за званне гаспадара самага добраўпарадкаванага падворка. Будуць ушанаваны самы старэйшы і самы малады вяскоўцы. Народныя майстры раёна прэзентуюць ля замкавых муроў выстаўку-продаж сваіх твораў. Адбудзецца, натуральна, і канцэрт мастацкай самадзейнасці.

 Удзельнікі фонду цягам некалькіх гадоў пад кіраўніцтвам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працуюць над кансервацыяй замкавых руін. А фестываль ладзіцца для таго, каб узмацніць увагу грамадства да аховы нашай унікальнай спадчыны.