Правяраюцца помнікі

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Днямі пракуратура Гомельскай вобласці правяла праверку помнікаў гісторыкакультурнай спадчыны на тэрыторыі рэгіёна. Па яе выніках выяўлены парушэнні, у тым ліку— факты зніштажэння помнікаў археалогіі і архітэктуры, невыкананне ўмоў іх аховы, непадпісанне ахоўных абавязацельстваў і многае іншае.

 

Таксама кантралюючыя органы Гомельшчыны выявілі, што частка помнікаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, на мясцовасці ніяк не абазначана. Напрыклад, у Веткаўскім раёне такіх помнікаў - 34, у Рэчыцкім- 18...

"К" звярнулася па каментарый да пракурора аддзела Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Віктара Леўшы:

- Генеральная пракуратура не займалася названай праверкай, але факты парушэнняў, што выяўлены на Гомельшчыне, на жаль, фіксуюцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Нядаўна, як вядома, была падпісана сумесная пастанова аб супрацоўніцтве па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай краіны. Гэтае пагадненне прадугледжвае больш пільны кантроль у названай сферы. У сувязі з гэтым, у верасні - кастрычніку мы плануем ажыццявіць праверку як абласных, так і раённых органаў улады па ўсёй Беларусі: наколькі якасна яны кантралююць пытанні аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у сваіх рэгіёнах.

А гэты кантроль неабходна ўзмацніць. Вось толькі адзін прыклад. Напрыканцы вясны мы праводзілі праверку ў сядзібе Умястоўскіх - гэта вёска Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзеншчыны. Па факце праверкі на аб'екце гісторыка-культурнай спадчыны былі выяўлены шматлікія парушэнні, помніку нанесены вялікі матэрыяльны ўрон... А за гэта, паводле дзеючага заканадаўства, прадугледжана не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць. Матэрыялы праверкі цяпер знаходзяцца ў Іўеўскім РАУС, і вінаватыя ў парушэнні заканадаўства абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасці. Дадзены прыклад, на жаль, - не адзіны. Таму магу запэўніць, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь будзе і надалей кантраляваць стан аховы помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў краіне.