Сервер з рарытэтамі

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Аўтограф Купалы праз прызму Інтэрнэта

/i/content/pi/cult/336/6188/3-1.jpg

Летась "К" звярталася да праблемы стварэння Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. На той момант ў базе Дзяржкаталога захоўвалася інфармацыя ўсяго пра 121 прадмет. У гэтым нумары мы вырашылі пацікавіцца, чым жыве Цэнтр Дзяржаўнага каталога сёння. Як адзначыла наша суразмоўца - кіраўнік праекта, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Вольга МІРОНЧЫК, - цяпер Дзяржкаталог налічвае ўжо каля 9 тысяч апісанняў музейных прадметаў.

- Толькі сёння на наш сервер прыйшлі 50 апісанняў музейных прадметаў. Прыемна, што актыўна далучыліся рэгіёны. Нядаўна атрымалі першую партыю звестак з Мінскага абласнога краязнаўчага музея з Маладзечна. Вельмі важна, што да нас пачалі падключацца і раённыя музеі. У якасці прыкладу можна вылучыць Ваўкавыскі ваенна-гістарычны, Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы, які яшчэ нядаўна быў школьным, а таксама Мастоўскі раённы музеі: кожны з іх даслаў нам не адзін дзясятак апісанняў надзвычай каштоўных прадметаў. Калі ў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ў мінулым квартале было ўсяго 20 апісанняў прадметаў, то ў гэтым - больш за тысячу. Прыкладна ў дзесяць разоў колькасна павялічваецца аб'ём паступленняў і з іншых музеяў.

- Як вядома, у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду мусяць увайсці найбольш каштоўныя прадметы. Ці ўсе апісанні, якія ўжо прыйшлі на сервер Цэнтра, адпавядаюць высокаму статусу?

- Безумоўна. Да нас дасылаюць такія ўнікальныя рэчы, што нават мы самі ў захапленні. Прыкладам, нядаўна з Брэста нам даслалі апісанні кобрынскіх строяў - сапраўднага цуду айчыннага традыцыйнага мастацтва. Да таго ж, віртуальныя музейныя прадметы ўздзейнічаюць на чалавека не менш за рэальныя. Рукапісы Купалы, Коласа, Броўкі, фотаздымкі Багдановіча выклікаюць неверагодныя пачуцці. Што і казаць, вельмі прыемна спрычыніцца да нашай багатай спадчыны.

-Вы прыгадалі сайт Дзяржкаталога. Наколькі ён запатрабаваны?

- Сёння сайт працуе пераважна на прафесіянала, хаця, відавочна, варта пашырыць яго аўдыторыю, зрабіць больш папулярным для шырокай грамадскасці. А пакуль мы актыўна працуем з раздзелам "Музейнаму спецыялісту". Літаральна штодзень ён папаўняецца метадматэрыяламі. Калі казаць пра лічбы, то ў сярэднім атрымліваецца каля ста зваротаў на сайт цягам дня. Пры гэтым вельмі шмат пастаянных наведвальнікаў, якія сочаць за яго абнаўленнямі. Паводле статыстыкі, атрымліваецца прыкладна 14 праглядаў на аднаго наведвальніка.

- Але вернемся да Дзяржкаталога. Аператыўнасць стварэння маштабнай базы рэспубліканскага ўзроўню патрабуе якаснай працы на месцах...

 - Ці не штодня супрацоўнікі Цэнтра Дзяржкаталога адказваюць на пытанні, якія нам задаюць па тэлефоне музейныя супрацоўнікі наконт апісання прадметаў. Акрамя таго, сёлета адбыліся дзве нарады: першая- з удзелам дырэктараў і галоўных захавальнікаў фондаў музеяў сістэмы Міністэрства культуры, другая - з кіраўнікамі ведамасных музеяў. Менавіта з апошняй катэгорыяй музеяў узнікае шмат пытанняў. Згодна з Законам аб музеях і музейнай справе ў Беларусі, усе дзяржаўныя музеі павінны перадаваць інфармацыю пра найбольш каштоўныя прадметы ў Каталог. На практыцы ж многія ведамасныя музеі не зусім разумеюць, што ад іх патрабуецца. А таму ў межах нарады нашай задачай было - праінфармаваць, заклікаць кіраўнікоў згаданых устаноў да супрацоўніцтва. Але ёсць і станоўчыя прыклады. Вельмі актыўна працуюць з намі Музей медыцыны і Музей Нацбанка Беларусі. Яны закупілі праграму АМС-5, у межах якой вядуць улік сваіх фондаў. Хутка мусім атрымаць апісанні і ад іх.

- Вольга Уладзіміраўна, з кожным днём павялічваецца плынь інфармацыі, што паступае са шматлікіх айчынных музеяў. Якімі вы бачыце бліжэйшыя перспектывы развіцця Дзяржкаталога?

 - У наступным годзе плануецца, што Дзяржкаталог будзе размяшчацца ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея па вуліцы Фрунзэ. Адпаведна, павінен пашырыцца і штат. Пакуль жа нашы супрацоўнікі не толькі апрацоўваюць атрыманую з музеяў інфармацыю, але і вядуць уніфікаваныя трохмоўныя даведнікі, займаюцца перакладам апісанняў на англійскую мову. У прыватнасці, распрацоўваюцца слоўнікі аўтараў, геаграфіі назваў музейных прадметаў. Да таго ж, каталог такога ўзроўню павінен мець сістэму рэзервовага капіравання. Спадзяюся, у бліжэйшай перспектыве Цэнтр Дзяржкаталога атрымае дадатковы сервер.

К.А.