Адкрывайце вочы шырэй!

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

“Рыхтуй сані летам” — акурат гэтая векавая народная мудрасць падштурхнула нас пацікавіцца тым, як жа ідуць справы па падрыхтоўцы чарговага Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, што неўзабаве, праз два з паловай месяцы, па традыцыі, адкрыецца ў беларускай сталіцы. І аказалася, што фестывальныя “сані” ўжо практычна гатовы да выхаду ў свет і чакаюць толькі аднаго — урачыстага абвяшчэння аб адкрыцці форуму, якое сёлета прагучыць 5 лістапада, распачынаючы ўлюбёны мінчанамі і гасцямі нашай сталіцы васьмідзённы кінамарафон.

/i/content/pi/cult/336/6184/2-1.jpg

- Канцэпцыя сёлетняй фестывальнай праграмы, - распавяла дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ, - вызначана намі наступным чынам: "З шырока адкрытымі вачыма". І менавіта зыходзячы з яе фарміравалася ўся праграма сёлетняга "Лістапада". Конкурс будзе ўключаць стужкі з краін СНД, Балтыі, Грузіі і Усходняй Еўропы. У блоку дэбютаў свае работы прэзентуюць лепшыя кінарэжысёры з усяго свету. Безумоўна, працягвае развівацца ў рамках "Лістапада" і праграма дакументальнага кіно.

 Сёлета мы імкнуліся знайсці баланс паміж стужкамі, здольнымі зацікавіць прафесіяналаў, і фільмамі, якія прынята называць глядацкімі. Таму і конкурсная, і пазаконкурсная праграмы будуць аднолькава высокага ўзроўню - для таго, каб розныя катэгорыі гледачоў маглі знайсці на "Лістападзе" фільмы на ўласны густ.

- Ці будуць на сёлетнім фестывалі новаўвядзенні?

- Гэта, у большай ступені, змены працоўнага парадку. Прыкладам, "Лістападзік" сёлета стане дзіцячай праграмай у рамках Міжнароднага кінафоруму. Хаця раней ён пазіцыянаваўся як асобны фестываль дзіцячага кіно, але не меў адпаведнага статуса на адміністратыўным ўзроўні, не прадугледжваў асобнага бюджэту і г. д. Зрэшты, гэтая фармальнасць аніяк не адаб'ецца на якасці самой дзіцячай праграмы.

Яшчэ пад час сёлетняга "Лістападу" мы плануем зрабіць акцэнт на правядзенні разнастайных майстар-класаў, абмеркаванняў, творчых форумаў ды іншых адукацыйна-інфармацыйных імпрэз з прыцягненнем гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, якія, не сумняваюся, акажуцца цікавымі і для студэнтаў творчых ВНУ - будучых кінематаграфістаў, і для тых практыкаў, якія сёння "робяць надвор'е" ў айчынным кіно. Мы лічым, што фестываль не павінен абмяжоўвацца адно толькі калектыўным праглядам добрых карцін. Актыўныя творчыя стасункі і ўзаемакантакты - вось тое, чаго ў сучаснай творчай прасторы не бывае зашмат.