Тры дні ў Маладзечне

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Праграму трох насычаных музычнымі падзеямі дзён напрыканцы жніўня карэспандэнту “К” прыадкрылі ва ўпраўленні культуры Мінаблвыканкама. Гаворка — пра ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які пройдзе 26 — 28 жніўня.

 

Ужо ў першы дзень форуму адбудуцца абодва туры Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў. Першы - пад фанаграму "мінус адзін", другі - у суправаджэнні аркестра. Падзея пройдзе ў Палацы культуры Маладзечна. Дарэчы, першы тур мае назву "Прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну". А ў гарадскім амфітэатры, апошнія будаўнічыя работы на якім завяршаюцца акурат гэтымі днямі, пройдзе канцэрт з удзелам рок-выканаўцаў.

Літаратурны складнік фестывалю распачнецца ў суботу, 27 жніўня, прычым у філіялах адразу двух літаратурных музеяў. Чытанні вершаў Янкі Купалы пройдуць у Вязынцы, а Багдановічавы радкі прагучаць у Ракуцёўшчыне. Унутраны дворык Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага прыме ўдзельнікаў паэтычнага марафона "Музыка роднай мовы". На ўрачыстым адкрыцці фестывалю адбудзецца ўручэнне ўзнагарод і прызоў пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў, а затым - канцэрт "Лепшыя беларускія песні ХХ стагоддзя. Уладзімір Мулявін". Увесь вечар на сцэне - Заслужаны калектыў краіны Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.

 Нядзеля ў Маладзечне распачнецца канцэртам "Чатыры нацыянальныя постаці Беларусі" з удзелам камерных калектываў Нацыянальнага Канцэртнага аркестра і сімфанічнага аркестра Музычнага вучылішча імя Агінскага. У Малой зале Палаца культуры горада запланаваны "круглы стол" "Беларуская песня: сучасны фармат" з удзелам кампазітараў, паэтаў-песеннікаў, эстрадных выканаўцаў, прадзюсараў, праграмных дырэктараў FM-радыёстанцый, прадстаўнікоў тэлебачання, прэсы. Завершыцца ж фестываль урачыстым феерверкам, зноў-такі, у гарадскім амфітэатры.

Карацей, ёсць усе нагоды правесці апошнія выхадныя лета-2011 у асяродку нацыянальнай песні і паэзіі.