Cа стаўкай на турызм

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

У Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Маноджа Кумара Бхарці.

 

 Цэнтральнымі тэмамі сустрэчы з прэсай, прымеркаванай да Дня Незалежнасці гэтай краіны, сталі турызм і кіно.

"Вытворчасць фільмаў і турызм - дзве перспектыўныя сферы для нашага далейшага супрацоўніцтва. Я хачу праінфармаваць сваіх суайчыннікаў пра Беларусь дзякуючы здымкам тут індыйскіх стужак", - зазначыў Пасол, падкрэсліўшы: у нашай рэспубліцы есць такія пейзажы, існаванне якіх індыйцы нават не ўяўляюць. Перспектывы развіцця кінематографа, на думку Маноджа Кумара Бхарці, паспрыяюць і развіццю турызму.

 Пасол таксама паведаміў прэсе, што Пасольства Індыі ў нашай рэспубліцы мае арганізаваць у бліжэйшыя месяцы шэраг культурных падзей, кінафестываляў і выставак. Прычым геаграфія мерапрыемстваў распаўсюдзіцца не толькі на буйныя, але і на невялікія гарады Беларусі.

Нагадаем, у чэрвені адбылася рабочая сустрэча міністра культуры краіны Паўла Латушкі з Паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхараці. Асаблівая ўвага была тады нададзена менавіта пытанням двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі. Дасягнута дамоўленасць аб магчымым прыездзе ў Беларусь індыйскіх кінапрадзюсараў для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў згаданай сферы. Суразмоўцы таксама абмеркавалі магчымасці выкарыстання індыйскім бокам кінатэхналагічных паслуг і студыйных магчымасцей Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".