Дубовыя кольцы Гродзенскай крэпасці

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Пра што шуміць партызанскі лес?

 

Па просьбах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў зоне адпачынку "Гродзенскі маёнтак" у Каробчыцах, што знаходзіцца непадалёк ад абласнога цэнтра, пабудавалі не проста маленькі помнік, а- цэлую партызанскую вёску, пра ход стварэння якой неаднаразова паведамляла "К".

/i/content/pi/cult/335/6179/14-4.jpgУжо цягам месяца гэты ўнікальны комплекс прымае гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Як адзначыў адміністратар Гісторыка-культурнага комплексу "Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер" Уладзімір Акімаў, будоўля распачалася прыкладна ў лютым - сакавіку гэтага года, а ўжо 3 ліпеня адбылося адкрыццё аб'екта. Як і ўвесь тамтэйшы агракомплекс, узвядзенне партызанскай вёскі прафінансаваў "Гродзенскі мясакамбінат". Больш за тое: сярод будаўнікоў былі і народныя ўмельцы з ліку работнікаў прадпрыемства. "Зразумела, такі праект нам, сучаснікам, немагчыма было проста ўзяць і выдумаць, таму ўсімі работамі кіравалі ўдзельнікі ваенных падзей - ветэраны", - падкрэсліў суразмоўца.

На тэрыторыі, дзе цяпер знаходзіцца комплекс, у гады Вялікай Айчыннай баявых дзеянняў не было, але ўглядаючыся ў гэтую стылізаваную вёску разумееш: лепшага месца для рэканструкцыі лагера мсціўцаў не знайсці. Непадалёк - вёска, за два кіламетры - шаша, і густы лес навокал.../i/content/pi/cult/335/6179/14-5.jpg

Першае, што заўважаеш пры ўваходзе ў комплекс - вялікія драўляныя фігуры партызанаў вышынёй ад 1,9 да 2,6 метра. Разьбяры па дрэве Мікалай Скляр і Вялянцін Багдзевіч вельмі адказна падышлі да выбару матэрыялу. Як кажуць майстры, каб скульптура захоўвалася доўгі час, лепш за ўсё выбіраць дуб, пры гэтым важна праверыць, ці моцная драўніна і ці дастатковы яе "ўзрост" для рэзкі. Цікава і тое, што першапачатковая мадэль робіцца з пластыліну, на якім прапрацоўваюцца ўсе дэталі і наносяцца штрыхі.

У маленькім ельнічку хаваецца стылізаваная лінія абароны: акопы, абкладзеныя бярвеннем, /i/content/pi/cult/335/6179/14-6.jpgшматлікія хады і калідорчыкі. Па словах Уладзіміра Акімава, усё гэта было неабходна для абароны падобнай вёскі ад нападу. І ўдзень, і ўноч вакол лагера дзяжурылі часавыя, каб пры неабходнасці паведаміць аб небяспецы.

Побач з лініяй абароны - ваенная тэхніка. Гаўбіцы, зенітныя ўстаноўкі даваеннага і пасляваеннага часу па загадзе міністра абароны краіны былі перададзены з фондаў музеяў краіны Гісторыкакультурнаму комплексу.

У глыбіні лесу знаходзяцца пабудовы пад школьныя класы. Ёсць у лагеры і будынкі для гаспадарчых патрэб: там гатавалі ежу, мылі адзенне, рабілі перавязкі параненым... Крыху далей - Хатка лесніка. Але самае цікавае месца комплексу- партызанскія зямлянкі. Іх тут дзве: адна - агульная, а другая - для камандзіра. Першая ўяўляе з сябе проста месца для адпачынку з драўлянымі шырокімі лавамі і газавымі лямпамі. А вось другая, камандзірская, - сапраўдная хатка "тры ў адным"! Тут месціўся і шпіталь, дзе праводзіліся аперацыі (дарэчы, у гэтай стылізаванай зямлянцы ёсць і медінструмент тых часоў!), і рэдакцыя газеты - друкаваліся сатырычныя лістоўкі для падтрымання баявога настрою, - і, зразумела, уласна жытло камандавання лагера.

У самым цэнтры комплексу - два стэнды, дзе надрукавана прысяга партызана, размешчаны карта Беларусі, на якой адлюстраваны месцы знаходжання партызанскіх і падпольных груповак, а таксама партрэты знакамітых народных мсціўцаў Гродзеншчыны: Вольгі Соламавай, Мікалая Багатырова, Мікалая Волкава.

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ