Кут для “багавіка”

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

“Распісаць” ручнік на кроснах

/i/content/pi/cult/335/6178/14-1.jpg

 У нашай краіне сёння вялікае значэнне надаецца вывучэнню традыцыйных рамёстваў, іх захаванню і развіццю, пра што неаднаразова пісала "К". Унесці ўклад у справу аднаўлення традыцый імкнуцца і айчынныя музеі, адпаведныя экспазіцыі якіх з'яўляюцца своеасаблівай формай перадачы сабранай інфармацыі праз прадметы і дакументы. Яскравым прыкладам такой дзейнасці стала выстаўка калекцыі ручнікоў і посцілак Паазер'я канца XIX - сярэдзіны XX стагоддзя, што працуе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

Атрымаць уяўленне пра ручное ўзорнае ткацтва, азнаёміцца з мастацка-дэкаратыўнымі асаблівасцямі каштоўных экспанатаў можна ў трох выставачных залах, дзе таксама прадстаўлены прылады працы канца XIX - сярэдзіны XX ст., а таксама дакументы, што адносяцца да працэсу вырабу традыцыйнай тканіны.

Ткацтва - гэта складаны і працаёмкі працэс. Ткацкія перапляценні складаюць мастацкі ўзор, арнамент тканіны, у аснове якога- квадрат, прамавугольнік, альбо ромб, круг, авал, зігзагападобныя лініі. Пры гэтым вышыўка сапернічала з узорным ткацтвам: выкарыстоўваўся "роспіс" ніткамі чырвонага колеру, белае страчавае шыццё і іншыя тэхнікі, пазней - вышыўка крыжом. А таму ўнікальны прадмет калекцыі - ручнік канца XIX ст., што быў вышыты ў старажытнай тэхніцы- "нацягам", якая нагадвае бранае ткацтва. Ён створаны на пачатку XIX стагоддзя, прыблізна ў 1800 - 1820-х, Вандай Шымуковіч, якая жыла ў вёсцы Васіленкі Міёрскага раёна.

Нельга асобна не адзначыць і арнаменты, якія складаюць унікальную калекцыю ўзораў, што ўпрыгожваюць даматканыя вырабы: геаметрычныя матывы з малюнкам ромба з прожылкамі, крыжа, а таксама кветкі, вазоны, медальёны, ініцыялы - розныя па пластычным рашэнні, больш познія па паходжанні геаметрызаванараслінныя ўзоры, матывы з выявамі птушак - галубоў, пеўняў, лебедзяў - і антрапаморфныя малюнкі ў архаічных сюжэтах.

 Ручнікі Паазер'я маюць свае адметныя асаблівасці. Браныя ручнікі канца XIX - пачатку XX стагоддзя маюць шмат агульнага з тканінамі паўночна-заходніх абласцей Расіі. Ручнікі сучасных Віцебскага і Ліёзненскага раёнаў акрамя паласы бранага ткацтва ўпрыгожаны элементамі выбарнага. Асноўныя арнаментальныя матывы стараверскіх выбарных і вышытых у тэхніцы "роспіс" канца XIX стагоддзя ручнікоў - гэта антрапаморфныя малюнкі ў карагодах, дрэва жыцця, геаметрычныя фігуры з парасткамі чырвонага, жоўтага, блакітнага, зялёнага, чорнага колераў. На дубровенскіх ручніках можна ўбачыць стылізаваныя малюнкі хатак з двухсхілавымі стрэхамі і крыжамі. Ручнікі Браслаўскага раёна шматнітавога ткацтва шэра-льнянога, белага колераў блізкія да ручнікоў суседніх Латгаліі і Літвы. Напрыканцы XIX - у пачатку XX ст. былі распаўсюджаны вышытыя ў тэхніцы "крыжык" так званыя бракараўскія ручнікі.

У той жа час, посцілкі Паазер'я адрозніваюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментыкай і колеравай гамай. Некаторыя з іх маюць кампазіцыю з палос- "паласавік", "вясёлка". Шматнітавыя посцілкі характэрны для заходніх раёнаў Паазер'я. У адрозненне ад іх, ва ўсходніх раёнах у 1920 - 1930-я г. ткалі ў тэхніцы пераборнага ткацтва (россып разнаколерных матываў - ромбы, разеткі, зоркі), якое прыйшло на змену старажытнаму бранаму і шматнітавому. У Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Пастаўскім раёнах у 1960-я гады ткачыхі выкарыстоўвалі габеленавую і закладную тэхнікі ткацтва для дываноў-кілімаў.

У адпаведнасці з задумай стваральнікаў выставачнага праекта, дэманстрацыя калекцыі інтэр'ерных тканін, а таксама сялянскай вопраткі і прадметаў побыту адбываецца ва ўзноўленым фрагменце сялянскай хаты, дзе ручнікі і посцілкі адыгрывалі вялізную ролю: яны былі прадметамі абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння./i/content/pi/cult/335/6178/14-3.jpg

Варта нагадаць, што для інтэр'ера хаты XIX стагоддзя характэрна наступная сістэма мастацкадэкаратыўных элементаў: гліняная падлога, засланая бела-шэрай або двухколернай посцілкай, бярвеністыя сцены, абразы, упрыгожаныя "набожнікамі", навалачкі падушак з нявыбеленага палатна без каляровых тканых упрыгожанняў, на жэрдцы вісела паўсядзённая вопратка. У беларускай хаце чырвоны і пячны куты былі тымі пунктамі, вакол якіх арганізоўвалася жыццё. Абраз звычайна ўпрыгожвалі ручнікомнабожнікам, які яшчэ меў назву "багавік". Канцы такога ручніка, якія спускаліся з-пад абраза на бажніцы, былі сшыты паміж сабой. Вядомы ўзоры, калі ніжняя частка ткалася адразу суцэльнай. Яе ткалі ў 4 з паловай або 8 нітоў, упрыгожвалі вышыўкай і карункамі.

Абрадавыя ручнікі ткалі з самага лепшага льну. А пад час засухі, эпідэмій выраблялі своеасаблівы ручнік - "абыдзенік" - усім сялом цягам аднаго дня.

У Паазер'і, акрамя дэкаратыўных покрываў (посцілак) і насценных дываноў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, ткалі і ўтылітарныя пасцельныя рэчы - коўдры. Унікальны экспанат з калекцыі прадметаў Веліжскага павета- коўдра пачатку XX стагоддзя з ільну і воўны: пераборнае ткацтва з малюнкамі ромбаў жоўтага, сіняга, зялёнага, чырвонага колераў на льняной падкладцы ў клетачку.

 Яшчэ адзін надзвычай цікавы экспанат - вясельны ручнік з лаканічным браным арнаментам, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Ён быў створаны ў 1840-я гады ў вёсцы Ільюшына Віцебскага раёна Ганнай Прастаковай.

Па заказе музея вядомым беларускім этнографам Міхасём Раманюком у свой час выканана мастацка-графічная рэканструкцыя вясельных строяў маладога і маладой. Дзякуючы гэтаму можна ўявіць, як выглядалі жаніх і нявеста напрыканцы XIX стагоддзя на Лепельшчыне. Вобраз дзяўчыны прадстаўлены ў экспазіцыі ў традыцыйным касцюме сялянкі веліжскага строю. Яе строй складае прыгожая кашуля з фабрычнай баваўнянай тканіны- уплыў гарадской моды- з бурштынавымі каралямі, яркі "вілачкавы" сарафан - спадніца з ліфам, "які пераходзіў у маленькую спінку і вузкія шлейкі", - пояс з кутасамі, фартух з батысту і пакупных плеценых карункаў, пунсовая кашміровая хустка з малюнкамі кветак і яркая стужка ў ільняной касе. У пасаг звычайна ўваходзілі палотны, шарачак, сукно, ручнікі, посцілкі і, вядома ж, бялізна ды верхняя вопратка. У куфры на выстаўцы - вышытая кашуля для жаніха, жаночая кашуля на какетцы, намітка, паясы, таксама пасцельныя рэчы, абрусы, ручнікі - тое, што дзяўчына наткала для будучага жыцця.

Варта згадаць і яшчэ адну адметнасць выстаўкі - трое кроснаў. На адных з іх, створаных паводле старажытных узораў майстрам Аляксеем Глотам, працуе яго маці - кіраўнік гуртка народнага ткацтва "Лянок" Сушчоўской сярэдняй школы Віцебскага раёна Соф'я Глот. У музеі майстрыха дэманструе сваё рамяство і знаёміць наведвальнікаў са старажытнымі тэхналогіямі ткацтва.

 На жаль, традыцыі хатняга ткацтва і вышыўкі на Віцебшчыне адыходзяць у нябыт. У 1920 - 1930-х гадах практычна паўсюль у рэгіёне спыніўся выраб традыцыйных ручнікоў-набожнікаў з выкарыстаннем старадаўніх тэхнік бранага і выбарнага ткацтва, шматнітавога ткацтва, выраб простага палатна, абрусаў, тканіны для вопраткі, вышыўкі наборам і ў тэхніцы "роспіс". Яшчэ да 1950-х гадоў у вёсках захоўвалася традыцыя вышывання набожнікаў крыжом. У першыя ж пасляваенныя гады асноўнае месца сярод тканых вырабаў займае посцілка - яна становіцца адным з галоўных прадметаў пасагу маладзіц замест іншай традыцыйнай тканіны, якую перасталі вырабляць.

Святлана САЛАЎЁВА, старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

 На здымках: кросны ў зале музея;

 ручнік пачатку ХХ ст., вышыты "крыжыкам".

Фота Валерыя ШЫШАНАВА