Гледачы плакалі

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Століншчына: супрацоўніцтва з суайчыннікамі

/i/content/pi/cult/335/6177/13-2.jpg Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь "Ансамбль народнай музыкі "Выцінанка" (мастацкі кіраўнік - Пётр Астапчук) Столінскага ГДК вярнуўся з творчай паездкі ў Літву.

У красавіку мінулага года дэлегацыя беларускай дыяспары з Клайпеды ўпершыню наведала Брэст. Акрамя знаёмства з памятнымі мясцінамі рэгіёна, госці выказалі жаданне завязаць культурныя стасункі з Беларуссю. У выніку такога супрацоўніцтва беларуская суполка "Крыніца" літоўскага горада запрасіла ансамбль "Выцінанка".

Пад час знаходжання ў Літве "Выцінанка" правяла чатыры канцэрты. У Паланзе ўдзельнічала ў фестывалі "Традыцыя", які ладзяць Школа славянскай традыцыйнай музыкі і Цэнтр фальклору і этнаграфіі нацыянальных абшчын Літвы.

 На курорце Нерынга ансамбль народнай музыкі выступіў у праграме міжнароднага фестывалю фальклору, прысвечанага 50-годдзю горада. Форум праходзіў з удзелам замежных гасцей з Польшчы, Расіі. Палескія музыкі прадставілі гадзінную праграму і ў мясцовым кафэ на набярэжнай Куршскага заліва, дзе прагучалі як аўтэнтычныя, так і сучасна апрацаваныя творы, а таксама сусветныя хіты.

 - Вельмі кранула, калі пры выкананні песень "Беларусачка", "За Беларусь!" усе гледачы ў зале ўсталі, некаторыя плакалі,- распавядае начальнік аддзела культуры Васіль Заруба, які ўзначальваў дэлегацыю. - У нас адбылася сустрэча з мэрам горада Нерынга Антанасам Вінкусам, які выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве паміж горадам і нашым раёнам...

Галіна ГАШЧУК

Столін

На здымку: пад час выступлення ў Паланзе на фестывалі "Традыцыя".