Ці будзе месца шэдэўрам “без статуса” ў бізнес-амбіцыях?

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Як адшукаць інвестара для помніка гісторыка-культурнай спадчыны?

/i/content/pi/cult/335/6175/12-2.jpg

 

Турпраект "К": ад "Белай" царквы да Белага Ковеля

Карэспандэнты "К" чарговы, пяты раз, выправіліся ў велападарожжа. Калі пазалетась і летась мы вандравалі па заходняй частцы Беларусі - наведалі Брэсцкую і Гродзенскую вобласці, - то гэтым разам вырашылі рушыць на ўсход нашай краіны - на Віцебшчыну. Бо ні для каго не сакрэт, што, выпраўляючыся ў падарожжа па Беларусі, мінскі турыст зазвычай скіроўваецца на Захад - у напрамку Гродна, Брэста, Мядзела... Менавіта там адшукаеш густыя россыпы гісторыка-культурных адметнасцей: Мір, Нясвіж, Навагрудак, Крэва, Гальшаны, Ружаны... І гэты спіс можна доўжыць. У той самы час, усходняя частка краіны ў палітры турпрапаноў прадстаўлена ўсяго некалькімі пунктамі.

Журналісты "К" вырашылі зрабіць свой сціплы ўнёсак у пераадоленне гэтага дыспарытэту. І паставілі сабе задачу пракласці маршрут чарговага велатура менавіта там. Задуманае ў нас, мяркуем, атрымалася. На тэрыторыі Чашніцкага, Сенненскага і Аршанскага раёнаў удалося знайсці з дзясятак вартых увагі турыста мясцін. Літаральна днямі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 342 "Аб Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця сяла на 2011 - 2015 гады". Сярод галоўных мэт праграмы - забеспячэнне ўстойлівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця сяла і паляпшэнне яго дэмаграфічнай сітуацыі на аснове павелічэння эканамічнай эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу, развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, павышэнне ўзроўню сацыяльна-бытавога і інжынернага абуладкавання сельскіх населеных пунктаў, прыцягненне і рацыянальнае выкарыстанне інвестыцый ды многае іншае. Як пераканаліся цягам камандзіроўкі, усе задачы, пастаўленыя ў новай Дзяржпраграме, наспелі і патрабуюць вырашэння.

У якасці прадмовы

Вопытным шляхам было пацверджана: цікавыя падарожжы ў гэтай зусім не абдзеленай гісторыяй частцы Еўропы- цалкам магчымыя! А вось выкарыстанне такога патэнцыялу сёння пакідае жадаць лепшага. Бо наша вандроўка па Беларусі дазволіла зрабіць і другую выснову: гісторыкакультурны турызм на ўсходзе краіны пакуль, па сутнасці, і не меў пачатку.

 Маршрут разлічаны на тры дні, яго агульная працягласць складае трохі менш за 200 км. Большую іх частку давялося праехаць па роўным асфальце, слухаючы ў гэты час пошум лесу, а не рокат машын (дарогі і ненапружаны трафік- дадатковыя аргументы на карысць кірунку). Унікальныя па беларускіх мерках перапады вышынь, уласцівыя ўсяму нашаму шляху, дазваляюць выкарыстаць ці не ўвесь патэнцыял горнага веласіпеда. Уладальнікам мадэлей іншых класаў гэты маршрут настойліва... не рэкамендуем.

Спачатку было...

 А дзявятай - ад'езд з Мінска, а ўжо апоўдні прамы камфартабельны аўтобус выгрузіў нас у першым пункце маршруту. Перад намі- звычайныя вясковыя краявіды. І нават дзіўна, што менавіта з гэтым населеным пунктам звязана ці не рэкордная колькасць розных гістарычных загадак.

Сёння Чарэя - аграгарадок у Чашніцкім раёне, які нават не з'яўляецца цэнтрам сельсавета. Раней жа тут была "сталіца" куды больш паважных адміністрацыйных адзінак - ад княства і да раёна. Цягам двух з паловай стагоддзяў Чарэя з'яўлялася рэзідэнцыяй знакамітых Сапегаў. Але... Пакручастыя віражы гісторыі...

- Тыя, хто трапіў сюды ўпершыню, можа, думае, што ў нас за дзесяцігоддзі нічога не змянілася, - са скрухай распавядае дырэктар Чарэйскага СДК Людміла Клёс. - А я ж родам адсюль, і яшчэ памятаю тыя часы, калі жыццё тут віравала. Толькі ў садку было болей за паўсотні дзетак!..

Заняпад мясцовай гаспадаркі пару дзесяцігоддзяў таму - вось фактар, які імкліва скараціў насельніцтва вёскі прыкладна ўдвая: дзесьці на паўтысячы чалавек! Замест абжытых некалі дамоў, сёння можна ўбачыць руіны альбо пусткі. З працаўладкаваннем у Чарэі - праблемы, адсюль і- няўцямныя перспектывы. І як жа змяніць ход падзей?.. Загадчык Чарэйскай бібліятэкі нас, па шчырасці, трохі здзівіла:

- Ведаеце, вы ўжо не першыя турысты за сённяшні дзень, - заўважыла нам з усмешкай Таццяна Казлоўская.- Літаральна перад вамі сюды прыязджаў француз, які з'яўляецца прыхільнікам творчасці Аскара Мілаша і падарожнічае па звязаных з паэтам мясцінах...

 Чарэя - ці не самы важны пункт у тым транс'еўрапейскім турнэ. Бо менавіта тут нарадзіўся гэты дэкадэнт і містык, родны дзядзька яшчэ аднаго злучанага з нашым краем знакамітага паэта - лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша.

Чытаючы вершы Аскара Мілаша ў перакладзе з французскай, чамусьці прыгадваеш чарэйскія краявіды. Ды, у той самы час, адзіны відочны напамін пра паэта на ягонай радзіме - гэта сціплы стэнд у бібліятэцы. Сядзіба Мілашаў не захавалася, мемарыяльнага знака - няма... Ужо не кажам пра музейную экспазіцыю, якая была б тут цалкам дарэчы...

 Спадчына Сапегаў

Зрэшты, Мілаш - гэта не самая вядомая постаць, якую можна было ўбачыць на вулачках Чарэі. У свой час тыя самыя краявіды ўпадабаў і найзнакаміты прадстаўнік слыннага роду - канцлер ВКЛ Леў Сапега. Адзіны напамін пра ягоны ўнёсак у лёс мястэчка - царква Міхаіла Архангела, пабудаваная для яго жыхароў па ініцыятыве дзяржаўнага дзеяча яшчэ на самым пачатку XVII стагоддзя. У той самы час, гэта і адзіная культавая забудова Чарэі, што дажыла да нашых дзён (стагоддзе таму іх было шэсць).

 У досыць сціплым паводле сваіх памераў ды выгляду храме ў савецкі час месцілася збожжасховішча. Калі царква была вернута вернікам, там зрабілі невялічкі рамонт, але... Для правядзення паўнавартаснай рэстаўрацыі сродкаў прыходу, відавочна, замала, і таму на старой тынкоўцы сям-там ззяюць шчэрбіны.

Зрэшты, рэстаўрацыя царквы- не адзіны боль чарэйцаў. Хвалююць іх і помнікі даўніны, якія месцяцца непадалёк ад іхняга паселішча і з якімі звязаны мясцовыя легенды ды паданні. Так, жыхары вёскі згадалі нам паданне пра старадаўнюю бітву, што адбылася побач з Чарэяй. Паводле легенды, раней у гэтых мясцінах жыло племя шалаватаў. Але ж багатая тутэйшая зямля не давала спакою ворагам. Яны і напалі на шалаватаў. Менавіта ў наваколлях паселішча адбылася бітва... Абодва войскі змагаліся вельмі ўпарта. Скончылася бітва тым, што амаль усе воіны былі забіты як у ворагаў, так і ў шалаватаў... Забітых у сечы хавалі па абодва бакі ракі, што цякла непадалёк ад Чарэі: на адным баку - татар, на другім- шалаватаў. Так і паўсталі каля вёскі два вялізныя курганы - Шалаватка і Татарка.

На жаль, як распавялі нам тыя ж мясцовыя жыхары, зімой 2005 года адзін з гэтых курганоў - Шалаватка - знік: арганізацыя, што пракладала непадалёк ад паселішча газаправод, палічыла за лепшае ўзяць грунт для сваіх мэт менавіта... са старадаўняга кургана. Зямлю вывезлі на грузавіках - і Шалаватка засталася жыць цяпер толькі ў легендах. А вось Татарка пакуль стаіць. Бачылі і яе, і струмень, што працякае на месцы ракі, каля якой адбылася гістарычная бітва, і прыгожыя краявіды навокал...

Чым жа насамрэч з'яўляецца Татарка, і што тоіцца там, пад тоўшчай напластаванняў зямлі? Гэта толькі адна са звязаных з Чарэяй загадак. Усіх іх - не злічыць. А вось неаспрэчных фактаў пакуль што - куды менш...

У якасці апошняга некаторыя крыніцы падаюць і існаванне самастойнага Чарэйскага княства, што, нібыта, паўстала яшчэ ў ХІ стагоддзі на шляху "з варагаў у грэкі". Адкуль "растуць ногі" ў гэтай легенды і ці ўтрымлівае яна зерне праўды? Адказ на пытанне - у нетрах яшчэ аднаго яўна рукачыннага ўзгорка, які знаходзіцца непадалёк ад Татаркі. Колішняе гарадзішча ў больш позні час стала могілкамі.

Адзіны механізм спраўджвання легенды - правядзенне археалагічных раскопак. Зрэшты, калі навукоўцы такі дабяруцца да Чарэі, можа быць позна. Мы ўжо распавялі, што адбылося з Татаркай... Тое ж самае цалкам можа здарыцца і з іншымі археалагічнымі помнікамі Чарэі, бо на сённяшні дзень ніводзін з іх не мае афіцыйнага статуса і не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Белая-белая...

 Ад'ехаўшы ад Чарэі на якія пару соцень метраў, убачылі велічны сілуэт найгалоўнай адметнасці гэтага краю. Траецкую царкву недарэмна параўноўваюць са знакамітым Пакровам на Нярлі. Храм з трох бакоў атачае вада: ён размешчаны на паўвыспе, што глыбока ўразаецца ў Чарэйскае возера. Нягледзячы на пашчэрбленую тынкоўку, ён усё адно адпавядае сваёй народнай назве - "Белая" царква.

Паводле "афіцыйных звестак", царква была пабудавана ў 1599 годзе руплівасцю таго самага Льва Сапегі. Даследчыкі лічаць яе першым ад пачатку ўніяцкім храмам ва ўсім ВКЛ і ўнікальным нават па сусветных мерках помнікам ранняга барока. Але гэта не адзіная версія.

Вядомы гісторык архітэктуры Роальд Раманаў, які дасягнуў значных поспехаў у Маскве, але па-ранейшаму застаецца патрыётам роднай Чарэі, прадставіў цікавую гіпотэзу. Параўнаўшы кладку скляпенняў "Белай" царквы і Успенскага сабора маскоўскага Крамля, ён прышоў да высновы, што аўтарам азёрнага храма мог стаць знакаміты італьянскі архітэктар Арыстоцель Ф'ёраванці! Балазе пра апошнія гады жыцця майстра даследчыкам нічога не вядома, і гэтая "лакуна" дае магчымасць для падобнай гіпотэзы. Яе прыхільніцай з'яўляецца і загадчык Чарэйскай сельскай бібліятэкі Таццяна Казлоўская:

/i/content/pi/cult/335/6175/12-1.jpg - На маю думку, тое - магчыма - заўважыла Таццяна Міхайлаўна. - Напрыклад, калі дапусціць, што Сапега запрасіў слыннага архітэктара і распачаў пабудову "Белай" царквы, дык гэта цалкам верагодна. Можа, менавіта Ф'ёраванці з'яўляецца аўтарам праекта...

На жаль, Ф'ёраванці (1415 - 1486 (?)) трохі "не супаў стагоддзем" не толькі з Львом Сапегам, але і з эпохай барока. Зрэшты, апошнюю кропку ў гэтай дыскусіі няхай ставяць гісторыкі архітэктуры. Нас жа куды больш клапаціла не гісторыя, а сучаснасць і будучыня храма.

"Белая" царква шчасліва перажыла і войны, і эпоху "ваяўнічага атэізму". Старыя скляпенні і амаль двухметровай таўшчыні муры, якім больш за чатыры стагоддзі, па-ранейшаму ўпарта змагаюцца з часам ды стыхіямі- хаця даху над імі няма ўжо каторы год. На мурах ды вакол іх буяе зяленіва, руйнуючы сваімі каранямі старадаўнюю кладку.

 Натуральна, вечна знаходзіцца ў такой "крытычнай сітуацыі" помнік не можа. А выйсцяў з гэтай сітуацыі тут, як і ў медыцыне, можа быць толькі два: альбо "выздараўленне пацыента", альбо...

Мабыць, гутарку выпадае весці перадусім пра грунтоўную кансервацыю, а не пра рэстаўрацыю з прыстасаваннем. Спосабаў сучаснага выкарыстання цудоўнага помніка пакуль што няма і ў бліжэйшай будучыні не прадбачыцца: у самой вёсцы Белая Царква жыве ўсяго некалькі чалавек, і моцны прыход тут не ўтварыць. Але сёння храм усё адно запатрабаваны- як тая дамінанта ландшафту, якая надае і без таго прыгожым краявідам асаблівую чароўнасць. І- прыцягальная адметнасць для турыстаў, якія ставяць намёты на беразе возера (спыніцца ў яго ваколіцах асабліва няма дзе).

 Не выпадае сумнявацца ў тым, што пры належнай "раскрутцы" ды стварэнні хаця б элементарнай інфраструктуры (прыкладам, пляжаў, падыходаў да вады або, скажам, кавярні, дзе можна было б пад'есці свежай рыбы, якой, па ўспамінах Роальда Раманава, было нямала ў Чарэі да вайны) аматараў такога адпачынку прыкметна паболее. Ва ўсялякім выпадку, мы запэўніваем, што ахвотна скарысталіся б з такіх магчымасцей. Плаванне ў чысцюткай вадзе пакінула найлепшыя ўражанні.

...Адна са шчылін у прытворы "Белай" царквы нагадвае сваімі абрысамі замочную. Праз яе відаць цудоўныя азёрныя пейзажы. І, магчыма, гэта своеасаблівая алегорыя верагоднай будучыні Чарэі ды яе ваколіц. Спалучэнне "шэдэўра прыроды" і выдатнага твору рук чалавечых можа гэтую будучыню забяспечыць.

Рызаліты пайшлі на цэглу

Хвілін сорак шляху па разбітай трактарамі гравійцы - і мы трапляем на шашу "Орша - Лепель" ды, ацаніўшы спалучэнне цывілізацыі (асфальт) з хараством прыроды (лес паабапал), рушым да наступнага пункта вандроўкі - сядзібы Свяцкіх Старая Беліца.

 Што папраўдзе радавала пад час падарожжа, дык гэта дарожныя знакі, якія паказвалі шлях да помнікаў спадчыны. Праўда, і тут не абышлося без "лыжкі дзёгацю". Знак ля вёскі Старая Беліца з надпісам "Рэшкі былой сядзібы" скіроўвае... на парослыя травой рэшткі гарадзішча. Такі казус можа забяспечыць падарожніка неспадзяванымі прыгодамі- асабліва калі ён не ведае, што сядзіба Старая Беліца месціцца зусім не ў аднайменнай вёсцы, а за некалькі кіламетраў ад яе, і цяпер гэты тапанімічны пункт мае назву "Полымя".

 У прысвечаным сядзібе Свяцкіх інфармацыйным артыкуле выдання Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей чытаем: "Выцягнуты па падоўжнай восі неакласіцыстычны сядзібны дом складаецца з двухпавярховага цэнтральнага аб'ёму і двух бакавых аднапавярховых крылаў з рызалітамі (...). Будынак накрыты двухсхілавым дахам". І кожнае слова тут было праўдай - яшчэ два дзесяцігоддзі таму... Больш за тое: палац меўся зведаць рэстаўрацыю. Дадатковым стымулам было тое, што сядзіба Свяцкіх мае не толькі архітэктурную, але і мемарыяльную каштоўнасць: падобна на тое, менавіта тут юны прыказчык Ян Дамінік Луцэвіч стаў паэтам Янкам Купалам, напісаўшы свае першыя беларускамоўныя вершы...

Добрым намерам дваццацігадовай даўніны не было наканавана ажыццявіцца.

 - Менавіта з "двухсхілавага даху" ўсё і пачалося, - распавядае дырэктар Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый Стрыжнёў. - На пачатку 1990-х хтосьці вырашыў скарыстаць яго для пабудовы агароджы. І для мясцовых жыхароў тое стала пэўным сігналам...

Разборка помніка спадчыны на цэглу адбывалася імкліва: як кажуць у народзе, руйнаваць - не будаваць... Таму замест неакласіцыстычных рызалітаў мы бачым нібы абгрызеныя парэшткі сцен. Добра яшчэ, што захавалася самая прыгожая частка палаца - васьмігранная вежа, якая вылучае яго з мноства амаль аднатыпных пабудоў той эпохі. Яна надае руінам рамантычны каларыт - нават нягледзячы на іх стан...

Ён - проста жудасны. На самой вежы выраслі ладныя дрэўцы, сцены і падмуркі шчыльна аточаны бур'яном, старыя лёхі былі ператвораны ў сметнік...

 У аддзеле культуры Сенненскага райвыканкама пра гэтую праблему, безумоўна, ведаюць. Але... толькі разводзяць рукамі: маўляў, для раённага бюджэту такі аб'ект - непад'ёмны. Хаця нават элементарныя захады па добраўпарадкаванні- не кажучы ўжо пра прэвентыўную кансервацыю - здатныя пераўтварыць гэтыя руіны ў сапраўдную турадметнасць.

Тым больш, сядзіба Свяцкіх - найкаштоўнейшы ў раёне помнік архітэктуры. А агулам такіх аб'ектаў, якія маюць афіцыйны статус, - усяго тры!

Натуральна, іх колькасць ніколі ўжо не павялічыцца. Застаецца толькі парупіцца пра ўнясенне ў Дзяржаўны спіс тых старых будынкаў, якія адпаведнага статуса пакуль не маюць. У нашай гутарцы Дзмітрый Стрыжнёў сам закрануў гэтую тэму, адзначыўшы, што ён ужо рыхтуе дакументы на некалькі такіх аб'ектаў.

Зрэшты, вернемся да сядзібы. Апрача палаца, у яе комплекс уваходзіў і гаспадарчы двор, які сведчыў пра маштабы бізнес-амбіцый свайго ўласніка Карла Свяцкага. Большасць яго манументальных пабудоў сёння таксама закінутыя ды паціху пераўтвараюцца ў руіны, і "прагрэс" - відавочны. Фотаздымкі, зробленыя ўсяго восем гадоў таму, сведчаць: на бровары тады яшчэ быў дах. Сёлета ж мы яго ўжо не заспелі...

У свой час інтэрнэт-рэсурсы распаўсюдзілі прыемную вестку: знайшоўся прадпрымальнік, які наважыўся ўзяцца за адраджэнне сядзібы Свяцкіх. У райвыканкаме яго сустрэлі сапраўды прыязна ды без усялякіх бюракратычных фармальнасцей прадалі яму за сімвалічную цану некалькі тых самых гаспадарчых будынкаў (на жаль, руіны самога палаца цікавасці ў інвестара не выклікалі). Новыя гаспадары заяўлялі пра высакародныя мэты: зрабіць з набытых будынкаў турыстычна-дзелавы цэнтр, ладзіць там канферэнцыі і прэзентацыі сваіх новых праектаў, прымаць заезджых гасцей.

 Але, як кажуць, воз і пасюль там. На тэлефанаванні дырэктара музея Дзмітрыя Стрыжнёва прадстаўнікі сумеснай беларуска-латвійскай фірмы адказваюць, што на сядзібе былі праведзены геадэзічныя прамеры і цяпер робіцца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт гэтых аб'ектаў.

Але ж робіцца яна досыць доўга: ужо амаль чатыры гады. І ўвесь гэты час гістарычныя будынкі стаяць занядбаныя і без асаблівага догляду. І ці ператворацца яны калі-небудзь у шыкоўны турыстычны цэнтр - гэта пакуль пытанне. Зрэшты, будзем апытмістамі...

(Працяг будзе.)

Ілья СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Чашніцкі раён - Сенненскі раён - Аршанскі раён - Мінск

 Фота аўтараў