Дванаццаць ў Кінагорадзе

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

“Cinemalism”: сола на гукавых кінамерыдыянах

/i/content/pi/cult/335/6171/11-2.jpg

Адной з частак ІІ Міжнароднага кінафоруму стаў "Кінагорад Метропаліс". Ён аб'яднаў у сабе фестываль маладога кіно і традыцыйную кінашколу, пад час якой сотні маладых кінематаграфістаў з розных краін былога СССР мелі магчымасць паказаць свае стужкі і атрымаць веды ад шэрагу старэйшых калег з сусветнымі імёнамі. У пецярбургскім "Кінагорадзе" прымала ўдзел і беларуская дэлегацыя, што сабрала тузін маладых прафесіяналаў. Дваццацішасцігадовага Аляксея КАЗЛОЎСКАГА можна ў шырокім сэнсе назваць яркім прыкладам сучаснага маладога мастака, сфера дзейнасці якога - уся даступная аўдыявізуальная прастора, а інструменты - найноўшыя тэхналогіі. Цяпер Аляксей, ён жа Alexei De Bronhe, вучыцца на рэжысёра кіно і тэлебачання на факультэце экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а паралельна выступае ў кафэ і начных клубах з відэасэтамі і прапагандуе свой асобны жанр, які называе "сінемалізм". Менавіта пра серыю імпрэсіянісцкіх замалёвак аб родным горадзе і зайшла гаворка на пачатку інтэрв'ю...

- Я нарадзіўся ў Мінску. Можа, менавіта таму люблю здымаць наш горад, асабліва- ноччу, калі ён заціхае, ягоны тэмпарытм сцішваецца, ты можаш "злавіць" яго начную прастору, "расцягнуць" яе, адчуць атмасферу горада... У мяне ёсць фільм, які так і называецца: "Гукавыя мерыдыяны Мінска". У ім праз гукі горада я раскрываю сваё стаўленне да яго, выяўляю свой характар. Мне падабаецца мой горад, падабаецца яго здымаць.

- Бачу, кіно і музыка цікавяць цябе ў аднолькавай ступені...

 - Кіно і музыка ў мяне ў крыві з самага дзяцінства. У шэсць гадоў я пачаў маляваць коміксы і ўжо тады адчуваў сябе рэжысёрам, прыдумляў нейкія, як сёння назваў бы, драматургічныя канструкцыі. Але ў той час мяне захапіла музыка - нават скончыў першы клас музычнай школы. Праўда, быў такі непаседлівы, што бацькам давялося перавесці мяне ў харэаграфічны клас. Менавіта там я адчуў і зразумеў, што такое пластыка, тэмп, рытм, зразумеў класічную музыку. На шчасце, родныя на мяне ў гэтым сэнсе не "націскалі", за фартэпіяна сядзець не прымушалі. Можа, таму класіку я вельмі люблю, асабліва - Баха. І ўжо ў восьмым - дзявятым класах паглыбіўся ў музыку, пачаў пісаць сваю на сінтэзатары. Урокі зусім закінуў, сядзеў на задняй парце, пісаў музыку і вершы на яе, а ўвечары наведваў музычную школу. Нават не ведаю, што са мною здарылася б, каб не паступіў пасля дзявятага ў Гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Мяне ў той час цікавілі зусім іншыя рэчы, чым аднакласнікаў, і ў гімназіі-каледжы я трапіў у спрыяльныя абставіны - тут выспеў інтарэс да электроннай музыкі, у якой я ўжо на той час выдатна разбіраўся.

- Дык усё-такі: музыка ці кіно?..

- Спачатку здавалася, што - музыка. Вось і пасля гімназіі-каледжа паступіў у вучылішча імя Глінкі, дзе, як і ў гімназіікаледжы, навучаўся на кантрабасіста, і там, і там наведваў класы кампазіцыі, вывучаў сучасную музыку. Але не бачыў сябе ў далейшым у складзе сімфанічнага аркестра... Таму, як заўсёды, нечакана для сябе самога паступіў у Акадэмію мастацтваў на завочны курс рэжысуры кіно і тэлебачання.

Магія кіно

 - Чаму вырашыў стаць рэжысёрам, а не тым жа гукааператарам?

- Ведаеш, калі я трапіў на фестывалі ў Санкт-Пецярбург, Рым, убачыў свае творы на вялікім экране, то раптам зразумеў: ішоў да сваёй мэты - быць рэжысёрам- з дзяцінства, усе дваццаць гадоў. Нічога выпадковага ў жыцці не бывае - усё, пачынаючы з малявання коміксаў у дзяцінстве, вяло мяне да рэжысуры. Але музыка і кіно для мяне каштоўныя ў роўнай меры.

- На іх заснаваны твае візуальныя творы, якія сёлета былі адабраны на форум Live Meeting Performance ў сталіцы Італіі...

- Так. Гэта буйны фестываль, які праходзіць цягам пяці дзён у трохпавярховым кінатэатры з мноствам глядзельных залаў. У ім удзельнічаюць рэжысёры, музыканты, дызайнеры, людзі іншых прафесій, звязаных з сучасным медыямастацтвам. Мае творы з цыкла "Cinemalism" удзельнічалі ў секцыі "Cinematic room", таксама я прадстаўляў работы беларускіх фільммейкераў, якія збіраю на сваім лэйбле, а потым дэманструю як у Мінску, так і ў іншых гарадах Беларусі і за яе мяжой, суправаджаючы паказы лекцыямі. Дарэчы, паглядзець стужкі можна з дапамогай Інтэрнэта, праз тыя ж сацыяльныя сеткі.

 - Шмат якія карціны сённяшніх маладых фільммейкераў больш нагадваюць творы відэаарту, чым кінамастацтва...

- Што да мяне, мне даспадобы ўсё-такі кіно... Не магу сказаць пра нейкія "арыенціры" ў прафесіі: яны ў мяне досыць часта змяняюцца, кожны раз падабаюцца ўсё новыя аўтары, хутчэй, нават асобныя стужкі, а не рэжысёрскія стылі. Тым не менш, сярод сваіх любімых магу назваць стужку "Байцоўская рыбка" Фрэнсіса Форда Копалы. Здавалася б, такая простая, чорнабелая карціна, а як уражвае! Падабаецца фільм "Пі" Дарэна Араноўскі, кінапаэзія Джана Імоў у ягонай карціне "Герой"...

 - Відавочна, табе даспадобы паэтычныя стужкі, тыя, у якіх прысутнічае так званая магія кіно...

 - Гэты выраз ужываецца надта часта, але я адчуваў яго сэнс толькі два разы ў жыцці: на праглядах стужак Аляксея Германа "Хрусталёў, машыну!" і "Мой сябра Іван Лапшын", калі без аніякага 3D я трапіў у глыбіню твора кінамастацтва... Пэўна, "магія кіно" - гэта калі ўсю прыгажосць фільма нельга спасцігнуць з дапамогай розуму: яна ёсць нешта няўлоўнае. Тое ж самае тычыцца і маіх работ: ніколі не магу растлумачыць, нават самому сабе, як у мяне атрымліваецца стварыць тую або іншую стужку. Нават пры тых жа самых пачатковых умовах, з тым жа ракурсам немагчыма двойчы дабіцца аднолькавага эфекту. Я спрабаваў паўтарыць свае эксперыменты ў межах праекта "Cinemalism", і нічога не атрымлівалася: іншы настрой, іншае адчуванне пасля прагляду.

Наш "дэсант" у сусветным "Кінагорадзе"

- У "Кінагорад" я трапіў вельмі проста: перадаў дыскі са сваімі работамі - і раптам даведаўся, што прайшоў адбор. Як і LMP, "Кінагорад" уяўляў з сябе форум маладых прафесіяналаў або тых, хто толькі імкнецца імі стаць, з праглядамі, семінарамі, абмеркаваннямі. Усе ўдзельнікі- рэжысёры, сцэнарысты, аператары, прадзюсары - мелі магчымасць наведваць лекцыі па сваім профілі. Апрача таго, з майстар-класамі выступалі Аляксандр Сакураў, Сяргей Лазніца, Эдуард Арцем'еў, Нік Паўэл ды іншыя вядомыя кінематаграфісты. Лекцыі зводзіліся, у асноўным, да таго, каб распавесці, як з мінімумам наяўных сродкаў, мінімумам людзей на пляцоўцы зняць патрэбную стужку. У прынцыпе, нічога абсалютна новага ў плане інфармацыі асабіста для мяне ў гэтых сустрэчах не было, а вось паслухаць цікавых рэжысёраў ды людзей іншых датычных да кіно прафесій было вельмі карысна.

 - Хто з выступоўцаў і ўдзельнікаў "Метропаліса" спадабаўся больш за астатніх?

 - "Незалежны" кінематаграфіст Коры МакЭбі, які не толькі выступаў, але і паказаў сваю стужку "Амерыканскі астранаўт". Ён зняў яе ў 2001 годзе і з таго часу возіць яе па розных краінах ды гарадах, дэманструе на фестывалях. У прынцыпе, гэта менавіта тое, якой я бачу сваю будучыню як творцы: незалежна ад буйных бюджэтаў і кампаній здымаць свае карціны і прадстаўляць іх гледачу ў свеце.

 - У "Метропалісе" прымаў удзел даволі вялікі "дэсант" маладых беларускіх фільммейкераў. Чым адрозніваліся вашы стужкі ад карцін равеснікаў з іншых краін?

 - Так, наша дэлегацыя была самай вялікай пасля расійскай, аб чым нават паведамілі ў вечар адкрыцця "Кінагорада". І, насамрэч, мы досыць адрозніваліся і ў плане паводзін, і настроем сваіх работ. Стужкі маладых творцаў з Расіі куды больш жорсткія, сацыяльна арыентаваныя, накіраваныя на адлюстраванне грамадскіх праблем, па форме - максімальна набліжаныя да рэалізму, нават натуралізму, дзесьці ў стылі дацкага кінаманіфесту "Догма". Сярод расійскіх работ шмат было і спроб зняць "галівудскі блокбастар" са спецэфектамі. У нас былі больш "асабістыя" стужкі, у якіх шмат увагі надавалася псіхалогіі, адчуванню ўнутранага свету чалавека. Наша кіно было больш паэтычным.

Акадэмія vs. Кінашкола

- Які карысны досвед ты атрымаў ад наведання "Метропаліса"?

- Досвед стасункаў з калегамі з розных краін і гарадоў. На жаль, часу для ўсталявання кантактаў у "Кінагорадзе" было не так шмат: расклад майстар-класаў і праглядаў быў досыць насычаны, даводзілася знаёміцца з суседзямі позна ўначы, калі асноўная праграма заканчвалася... Цікавілі рэчы, непасрэдна звязаныя з вытворчасцю стужак. Аказалася, што амаль уся практычная інфармацыя з майстаркласаў "Кінагорада" была мне вядомая па занятках у Мінску. Бясплатнае навучанне ў прыватнай кінашколе я атрымаў як пераможца конкурсу "КінаVarka". Таму, калі я прыехаў у "Кінагорад", прынцыпова новага для мяне там не было.

- Чым адрозніваецца навучанне на факультэце экранных мастацтваў БДАМ і ў прыватнай установе?

 - Адрозніваецца сур'ёзна, але веды, што я атрымаў у гэтых установах, дапаўняюць адно аднаго. Дакладна магу сказаць, што без семінараў па гісторыі кіно, якія вядзе Галіна Шур у БДАМ, і лекцый Аляксандра Багуслаўскага ў кінашколе мае веды былі б няпоўнымі. Хачу падзякаваць і свайму майстру - Сяргею Кацьеру. Для сваіх студэнтаў ён робіць усё магчымае і дае нам куды больш, чым прадугледжана праграмай.

- Якім ты бачыш будучае кіно і сваё будучае?

- У прынцыпе, сучаснае кіно імкнецца менавіта да таго, каб рэжысёр меў як мага менш пасрэднікаў у выглядзе членаў здымачнай групы паміж сваімі задумамі і гатовай стужкай. Я мару аб тым, каб пашырыць прастору глядацкіх адчуванняў у кіно, але не з дапамогай шырокавугольных аб'ектываў або стэрэа, а дзякуючы нейкай новай, яшчэ не распрацаванай, тэхніцы, якая дазволіць гледачу пранікаць у эмацыйную прастору фільма, знаходзіцца ўнутры яе. Зараз мне ўсяго дваццаць шэсць гадоў. А, згодна з усходняй філасофяй, мужчына лічыцца маладым да трыццаці двух. Я такую філасофію прымаю - у трыццаць тры паглядзім, ці здолею я дасягнуць усяго запланаванага...

Гутарыў Антон СІДАРЭНКА