Код да Клецка: “кругасветка” з ідэямі

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Ад уласнага Букінгемскага да інвестыцый у Радзівілімонты

/i/content/pi/cult/335/6167/10-3.jpg

"Культура" выправілася ў выязную рэдакцыю на Міншчыну ў межах трохмесячнага марафона круглых дат у гісторыі штотыднёвіка. Мяркуйце самі: толькітолькі, у ліпені, выйшаў тысячны нумар газеты, у жніўні 1991-га быў прыняты дакумент аб заснаванні выдання, а 14 кастрычніка споўніцца роўна дваццаць з даты выхаду ў свет першага нумара. Выязная ж рэдакцыя для журналіста - не раўнуючы, як палёт на вышыні ў многія тысячы метраў для пілота. Толькі не за штурвалам, не ў кабіне, а- у пасажырскім салоне: менавіта там, перад ілюмінатарам, заўважаеш тонкасці ўзлёту і пасадкі, раўнаважнага курсу. Падаецца, падобныя палёты надзвычай карысныя не толькі для пілотаў, але і для нас, журналістаў. Гэта, апроч усяго іншага, найлепшая школа, нават своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі. Асабліва актуальныя яны сёлета - у Год прадпрымальнасці.

Ход "К"

У суботу, сабраўшыся ля рэдакцыі, мы вызначылі кірунак руху- Клецк. А што ж там? "Славутыя Радзівілімонты", - прамовіў, сядаючы ў мікрааўтобус, рэдактар аддзела Ілья Свірын, што разам са спецкарам Юрыем Чарнякевічам літаральна папярэднім вечарам вярнуўся з велатура па Віцебшчыне. "А які там Цэнтр культуры!"- падзяліўся меркаваннем рэдактар аддзела Яўген Рагін, адгортваючы старонкі толькі набытага томіка паэзіі Галіча. "Ды і наогул, горад ўпершыню згадваецца ў летапісах ажно з 1127 года, а яшчэ..." - "гістарыёграф" Кастусь Антановіч прапанаваў "прагугліць" усе вабноты раёна, але, як выявілася, мы выправіліся ў суботнюю дарогу без мабільнага Інтэрнэта. Выхадны!

А чаму б не шоу? /i/content/pi/cult/335/6167/10-2.jpg

Праз тры кіламетры пасля выезду за межы сталіцы стала зразумела: нас чакае "кругасветка" па Міншчыне культурнай. На першым прыпынку "візу" для ўезду ў рэгіён нам паставілі "Дубінскія жартачкі". "Абсалютна ўнікальны калектыў, мусіць, адзіны на ўсю вобласць у сваім арыгінальным жанры,- адзначыў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, які таксама сустракаў "культураўцаў". - І запатрабаваны". Прынамсі, такія артысты любога здзівяць за які дзясятак хвілін: жарты, песні, нават падарункі!.. Адзін з іх, пантофлік на немалым абцасе, можна было б і прымерыць каму з рэдакцыйных прыгажунь, ды яго прызначэнне - сейф. "Пад правільна пасаджаны кактус і грошы цякуць", - атрымліваем інструкцыю ад артыстаў з Валожыншчыны, што выпраўляліся на фэст "Гліняны звон" у Івянцы.

Па дарозе да Стоўбцаў хтосьці выказаў меркаванне: маўляў, а ці не пакрыўдзяцца знакамітыя Аўцюкі на тое, што Міншчына займела сваю "жартоўную сталіцу"? Адказ галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Галіны Ляйко адназначны: "Ані! Уладзімір Ліпскі, галоўны аўцюковец, неаднойчы наведваў Дубіна і ацаніў гумарыстаў". Застаецца толькі дадаць: цяпер самы час "раскруціць" калектыў. Дарэчы, а чаму б тым самым абласным метадцэнтрам, чые кіраўнікі нядаўна ўвайшлі ў склад Рэспубліканскага савета па сваім профілі, не прадставіць па пары лепшых калектываў-гумарыстаў і не "прапіярыць" іх у агульным шоу? Падаецца, такая праграма займела б глядацкі і, адпаведна, фінансавы попыт. Ды і сувеніры разыдуцца "на ўра".

Дарэчы, Галіна Ляйко, якая далучылася да "культураўцаў", распавядала ці не пра кожны клуб і адметнага творцу ў населеных пунктах, што трапляліся па дарозе. Адзначыла яна і "Коласавых землякоў". Ансамбль сустрэў нас у Вішняўцы, што на Стаўбцоўшчыне, каб перадаць віншаванне ад калегжурналістаў з мясцовага "Прамяня", а таксама ўручыць вялізны каравай. Дарэчы, ужо ў самім Клецку на сцэне Палаца культуры словы віншаванняў з тысячным нумарам і надыходзячым 20-годдзем "К" перадалі калектывы мясцовай газеты "Да новых перамог!" і капыльскай "Слава працы".

Пра брэнды ў Стоўбцах і Нясвіжы

/i/content/pi/cult/335/6167/10-1.jpgПасля гасцявання на роднай зямлі Якуба Коласа, дзе папраўдзе ўсе ганарацца сваім зямляцтвам з класікам слова (чым не вынік таго, як мае працаваць паняцце брэнда), выправіліся ў Нясвіж, прыбыўшы акурат да гарадской ратушы. "Ратушы, бадай, адзінага горада Беларусі, што мае на сваім гербе выяву арла", - падзяліўся з намі начальнік мясцовага аддзела культуры Аляксандр Круглік, запрашаючы прыняць удзел у сустрэчы з... Радзівіламі. На ганак ратушы выйшлі артысты ў аксаміце і золаце, паказаўшы майстар-клас на тэму "Як за тры хвіліны сабраць натоўп турыстаў у цэнтры горада". Нашы "спецыялісты па крэатыве" заўважылі: "Чым не традыцыя, каб колькі разоў на дзень на плошчу з ратушы выходзілі нашы слынныя "продкі" і віталі мясцовых жыхароў і гасцей Нясвіжа? Гэта ж - відовішча, як змена варты каля Букінгемскага палаца ў Лондане ці папскія гвардзейцы ў Ватыкане!". І сапраўды, ад кожнага выхаду можна распачынаць турмаршрут.

Хоць і нядоўгім было спатканне з Нясвіжам, але мы паспелі заўважыць: тураб'екты ў горадзе не застаюцца па-за ўвагай заезджых. "А вяселлі ў ратушы прыязджаюць праводзіць нават мінчане", - дадала дэталь да агульнай карціны Галіна Ляйко. Ход канём? Не, проста рацыянальны падыход да прыцягнення турыстаў з поглядам у будучыню. Пагадзіцеся, праз колькі гадоў нясвіжскія сужэнцы абавязкова прывязуць сюды сваіх дзетак...

Пытанні пра інвестпраекты

 /i/content/pi/cult/335/6167/10-4.jpgПерад уваходам у Клецкі РЦК - афіша выстаўкі Юрыя Іванова. Акрамя падзей гісторыі Беларусі з 1962-га да дзён сённяшніх, намі чыталася ў экспазіцыйных банерах яшчэ адно: гісторыя і нашай газеты, прынамсі, за апошнія амаль дзесяць гадоў. Тыя з чытачоў, хто бачыў выстаўкі Іванова з цыкла "Паміж белым і чорным...", таксама памятаюць эксклюзіўныя партрэты ды пейзажы, кадры са знакавых аб'ектаў гісторыі і культуры, здымкі момантаў рэпетыцый тэатральных спектакляў і канцэртаў, кіназдымак і выставак, што надрукаваны ўпершыню на старонках "Культуры". Ды і сярод таго паўтара дзясятка партрэтаў знакамітых дзеячаў культуры Беларусі, падораных Юрыем Івановым Цэнтру культуры, нямала кадраў з "культураўскай" гісторыяй. Зрэшты, падобнае пачынанне сведчыць: знакавых асоб нацыянальнай культурнай прасторы патрэбна "ведаць у твар". Мо якраз перадача фотамайстрам сваіх работ у Клецк стане прыкладам і для іншых устаноў сферы: распачынаць уласную фотаабо жывапісную калекцыю?

"Пішыце пра культуру нашай зямлі, нашых артыстаў, падтрымлівайце іх, праз газету падказвайце і надалей тыя моманты, на якія варта звярнуць увагу, каб удасканаліць сферу, так бы мовіць, знутры", - сказаў са сцэны Цэнтра культуры пад час сустрэчы з чытачамі намеснік старшыні Клецкага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Мікалай Мацуль. "Вашы падказкі, аналітыка і інфармацыя важныя для нас",- дадала начальнік аддзела культуры Святлана Чалык.

Ілья Свірын звярнуў увагу Мікалая Мацуля на занядбаныя Радзівілімонты, прапанаваўшы выехаць на месца і разам з мясцовымі ўладамі хоць папярэдне прыкінуць, што ж рабіць з унікальным помнікам палацавай архітэктуры. Намеснік старшыні райвыканкама зазначыў: прапановы аб інвестыцыях у аб'ект раён ужо меў, аднак калі патэнцыйны фундатар (нашчадак колішніх уладальнікаў) прыехаў і пабачыў маштабы работ, ягоны імпэт згас. "Іншых альтэрнатыў пакуль не маем", - дадаў Мікалай Мацуль, на што "культураўцы" прапанавалі выезд прэс-тура ў раён для валанцёрскай дапамогі аб'екту і ягонага піяру щ СМІ.

Зазначым, інвестпраектаў на Клеччыне дастаткова. Ёсць сярод іх і тыя, да выканання якіх прыцягнуты замежныя інвестары. Аднак на 2011ы ахвотных укласці грошы ў аб'екты культуры і спадчыны, паводле сайта райвыканкама, пакуль няма. А зацікавіць, падавалася б, ёсць чым: апрача Радзівілімонтаў, мяркуецца аднавіць сядзібна-паркавы комплекс "Цясноўка", а таксама ўзвесці туркомплекс у Галынцы на аснове рэштак старадаўняй сядзібы.

Вяртаючыся да нашай паездкі, зазначым: інтарэс выклікаў і транспартны сродак, што перавозіў нас па Клецкім раёне. "Новы мікрааўтобус набыты за кошт сродкаў абласнога ўпраўлення культуры і ўласна ўкладанняў Клеччыны", - зазначыла Святлана Чалык. "Няўжо толькі для гасцей скарыстоўваеце шыкоўны аўтобус?" - запытаўся Юрый Чарнякевіч, які год таму наведваў раён. Аказалася, транспарт у вольны ад гастролей мясцовых творцаў час выконвае функцыі аўтаклуба. І тэхнікай ён забяспечаны. Дарэчы, вадзіцель Аляксандр Пічурэнка аказаўся кіраўніком мясцовага духавога аркестра і ансамбля мажарэтак- брэндавых для раёна і вобласці калектываў. І сам ён віртуозна валодае саксафонам...

■ ■ ■

Зразумела, уразіла нас і праграма, якой прымалі ў Цэнтры культуры. Тут ёсць свая "саламяная мода", свае "песняроўскія" традыцыі, што творча развівае мясцовы ансамбль "Неруш"... Галоўнае ж, што мы імкнуліся вынесці з паездкі, - гэта камертон чытацкіх жаданняў: якой быць газеце, на што звярнуць увагу найперш у палёце нашага "лайнера" пад назвай "Газета "Культура". Усё сказанае запомнілі і занатавалі. Наперадзе ж- новыя выязныя рэдакцыі. Мо прыедзем якраз да вас, як і на гасцінную Міншчыну, што намаганнямі абласнога ўпраўлення культуры і асабіста Анатоля Акушэвіча арганізавала выязную рэдакцыю.

Фота Юліі САВІЦКАЙ

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах