Гліна, якая сумуе па моры

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

У гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі” працуе выстаўка беларускага кераміста Тамары Курачыцкай.

/i/content/pi/cult/335/6165/9-7.jpg

У актыве Тамары Курачыцкай - дзесяць персанальных выставак. Мастачка стварае свае работы, у асноўным, для пэўных экспазіцый. Час ад часу працуе над заказамі дзяржаўных і прыватных арганізацый: падбірае гатовыя або стварае новыя вырабы для офісаў, жылых памяшканняў. Ёю створана блізу 80 эталонаў для камбіната прыкладнога мастацтва. Тамара Мікалаеўна займалася афармленнем прэзідэнт-цэнтра ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фае канферэнц-залы ў Мірскім замку.

На выстаўцы прадстаўлены яе работы, якія выкананы ў тэхніцы мазаічнага выкладвання, аб'ёмныя творы з шамотнай масы, дробная пластыка з гліны. Кожны кавалачак гліны падфарбоўваецца рознымі колерамі- глазур мастачка рэдка выкарыстоўвае ў працы. Гледзячы на творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, складана сабе ўявіць, што ўсё гэта выканана рукамі хрупкай жанчыны, бо працэс стварэння керамічнай скульптуры - даволі складаны. На ўвасабленне ж некаторых кампазіцый патрабуецца амаль паўгода. Керамічныя пано і скульптуры Тамары Курачыцкай захапляюць сваёй пяшчотнасцю, вытанчанасцю. Творы адлюстроўваюць унутраны свет мастачкі, яе стаўленне да любімай справы. Пераважаюць работы на марскую тэму: розныя па формах ракавінкі, рыбы. Як кажа сама Тамара Мікалаеўна: "Мне не хапае вады, у шырокім сэнсе гэтага слова. Я сумую па моры..." Тэма дзяцінства, раслінны і жывёльны свет надаюць асаблівую атмасферу выстаўцы, напаўняюць станоўчымі эмоцыямі, пазітывам. Захаванне моманту, яго непаўторнасці - з'яўляецца галоўным для мастачкі ў творчым працэсе.

Такія работы, як "Начная фіялка" (прысвечаная нараджэнню ўнучкі - Магдалены), "Сям'я", скульптура жанчыны з дзіцем ствараюць адчуванне ўтульнасці, цяпла хатняга агменю. Некаторыя скульптуры выглядаюць як нерукачынныя, створаныя самой прыродай. Тамара Курачыцкая хоча давесці не толькі самой сабе, але і іншым, што кераміка - гэта не толькі гліняныя гаршчкі, і ейныя работы - яскравае таму пацвярджэнне. Яны вытрыманы ў пяшчотных пастэльных тонах, таму гарманічна глядзяцца ў любым інтэр'еры.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама жывапісныя творы яе мужа Івана Курачыцкага і іх сына Андрэя, што выставіў скульптурныя кампазіцыі.

Лідзія ГОЛУБ

Гомель