“Арсенал” мяккіх аблокаў

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

На мяжы рэальнасці і касмічнасці

/i/content/pi/cult/335/6160/9-2.jpg

Сёлета тонкі жывапісец з дызайнерскай адукацыяй Сяргей Пыжыкаў святкуе 60-годдзе. Бясспрэчна, лепшы падарунак да юбілею творцы - персанальную выстаўку у Палацы мастацтва - зрабіў Беларускі саюз мастакоў.

Асноўная частка экспазіцыі - лірыкафіласофскія палотны, поўныя алегорый і сімвалаў. Улюбёны жанр мастака - пейзаж - прадстаўлены ва ўсіх сваіх праявах, ва ўсіх адценнях: ад сонечнай раніцы да разгулу стыхіі. І тым не менш, увасобіць на палатне стан прыроды - не першачарговая задача мастака. Яго творы - не адлюстраванне рэсчаіснасці, наадварот: свае сюжэты Пыжыкаў знаходзіць на мяжы рэальнага і касмічнага, уяўнага і метафізічнага. Жывапісныя метафары мастака вельмі ёмістыя: на палотнах не ўбачыш мноства дэталей і падрабязнасцей - сэнс і звышідэя твора будуць відавочнымі дзякуючы некалькім штрыхам. Сярод пышных аблокаў - невялічкі астравок з хаткамі сярод дрэў ("Рай зямны"), лініі дрэва па/i/content/pi/cult/335/6160/9-1.jpgступова пераходзяць у лініі маланкі ("Метамарфозы") - такі прыём метафарычнай мінімалістычнасці вобразаў уласцівы ўсім работам мастака. Дарэчы, своеасаблівай метафарай на палотнах Пыжыкава выступае і колер: цікава, што асноўны колеравы арсенал жывапісца складаюць адценні блакітнага, але агульны настрой твораў - вельмі цёплы.

 Увогуле, работы мастака вылучаюцца лёгкасцю, празрыстасцю, пейзажы Пыжыкава нібыта зацягнуты лёгкай дымкай. Дасягаецца такі эфект не у апошнюю чаргу дзякуючы матэрыялам, з якімі працуе творца, - акрылу і тэмперы. У адрозненне ад алею, які выглядае больш цяжка, а таксама пакідае бляск, фарбы на воднай аснове дазваляюць незвычайным пералівам на палотнах Пыжыкава ператварацца ў фантастычныя выявы. І, у той жа час, лёгкі мазок майстра прадстаўляе гледачу надзвычай рэалістычныя, жывыя праявы рэчаіснасці: аблокі на ягоных палотнах такія мяккія, што хочацца да іх дакрануцца, а паветра такое празрыстае, што хочацца падысці да карціны і, непрыкметна для іншых наведвальнікаў, удыхнуць яго...

На выстаўцы прадстаўлены і акварэльныя эцюды, якія нельга пакінуць без увагі: здзіўляе, як усяго некалькімі мазкамі, па сырым, без дробных дэталей і прамаляваных элементаў, мастак стварае паўнавартаснае прыроднае асяроддзе. Адчуванне прасторы, уласцівае вялікім палотнам аўтара, бачнае і ў акварэльных работах.

Дарэчы, тое, што Сяргей Пыжыкаў не толькі скончыў аддзяленне дызайну БДТМІ, але і выкладае дадзеную спецыяльнасць у БНТУ, адбіваецца і на жывапісе майстра. Па словах самога творцы, працэс стварэння новага мастацкага вобраза - гэта выбудоўванне паралелей і асацыяцый, што з'яўляецца асновай нараджэння ідэй у дызайне. Большасць сюжэтаў (асабліва гэта датычыцца міфічных, "іншапланетных" пейзажаў) - пераасэнсаваныя з'явы асяроддзя.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ