Джокер у “буціку” Сезон 2010 — 2011

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Асаблівасці нацыянальнага тэатральнага плавання

/i/content/pi/cult/335/6159/8-3.jpg

 Традыцыйна спакойныя летнія месяцы, калі тэатральныя калектывы краіны, ахопленыя адпачынкам, рыхтуюцца да чарговых скарэнняў творчых вяршынь, на старонках "К" мы падводзім вынікі мінулага сезона. Дакладней - дзелімся ўласнымі назіраннямі ды ўзнікаючымі з гэтай нагоды думкамі. Бо вынік, як вядома, мае на ўвазе пэўнае падвядзенне рахункаў, зафіксаванае дакладна акрэсленым часавым прамежкам. Тэатральнае ж мастацтва каштоўнае, у першую чаргу, не вынікам, а тым працэсам, які яно спараджае (калі гэта атрымліваецца), стымулюе і, у ідэале, нават развівае.

Які сезон запар лаўлю сябе на думцы, што беларускія творцы не вельмі песцяць нас, гледачоў, тэатральнымі падзеямі: надта ж доўга даводзіцца прыкідваць, калі хтосьці з "нетэатральных" прыяцеляў спрабуе выведаць пра "стопрацэнтны" спектакль, паход на які пры любым раскладзе не станецца марнаваннем часу. У такіх выпадках немінуча даводзіцца "распачынаць торг": выпытваць, чаго канкрэтна чалавек жадае ад паходу ў тэатр, да чаго схіляецца... У выніку адчуваеш сябе кансультантам у "буціку сцэнічнага мастацтва", які высвятляе густы патэнцыйнага пакупніка для таго, каб выбраць і прапанаваць яму той тавар, які калі не задаволіць яго, дык, па меншай меры, не выкліча адмоўнай рэакцыі. І так хочацца мець "у кішэні" хаця б пару-тройку назваў, якія, бы картачныя джокеры, можна было б дастаць у любым выпадку і сказаць: вось тут - не прагадаеш!

Дакрануцца - гэта вам не тыцнуць пальцам! /i/content/pi/cult/335/6159/8-4.jpg

Зрэшты, асабіста мне мінулы сезон падарыў адзін такі беларускі спектакль, які, уласна кажучы, не фігуруе ў катэгорыі "тэатральнага прадукту", а цалкам адпавядае паняццю твора мастацтва. Гэта- "Вянчанне" Вітальда Гамбровіча ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек у пастаноўцы Аляксандра Янушкевіча. І як летась "Драй швэстэрн" Аляксея Ляляўскага ў гэтым жа тэатры "выцягнуў" увесь сезон, так сёлета такім выратавальным кругам сталася работа Аляксандра Янушкевіча.

Не спыняючыся падрабязна на самім спектаклі ("К" друкавала рэцэнзію на яго ў №24 за 2011 г.), хочацца адзначыць той факт, што "Вянчанне" ў пастаноўцы Янушкевіча - гэта калі не ўзор, то дакладна - напамінак пра тое, якога ўзроўню творчыя задачы мусіць ставіць перад сабой рэжысёр для таго, каб ягоная пастаноўка не проста "прадавалася", але і была цікавая з пункта гледжання мастацтва, развіцця і руху творчай думкі. Бо не сакрэт, што за апошні час (нездарма ХХ стагоддзе лічылася векам рэжысёрскага тэатра) сама сутнасць гэтай прафесіі істотным чынам змянілася. У першую чаргу- у сувязі з новымі рэпертуарнымі рэаліямі. Калі раней на сцэне класіка зусім не мела дамінуючых пазіцый і прэм'ерай называлася першае публічнае выкананне твора, задача рэжысёра ў значнай ступені заключалася ў тым, каб матэрыялізаваць свет герояў драматурга і іх думкі. Сёння ж, калі ў шэрагах пастановак сапраўдныя "прэм'еры" на сцэне здараюцца ў разы радзей, а персанажы Шэкспіра, Чэхава ды іншых класікаў ўжо даўно сталі добра вядомымі, рэжысёр перастае цікавіць гледача выключна як "праваднік" драматургіі на сцэну. Публіка ў зале чакае: што ж можа і хоча сказаць ім сам рэжысёр сёння, звяртаючыся да таго або іншага драматургічнага твора? Якія думкі, што хвалююць яго, акажуцца сугучнымі з тым, чым жыве і аб чым думае глядач?

Як паказвае мінулы сезон, акурат гэта многія рэжысёры, асабліва сталічныя, чамусьці не бяруць альбо не жадаюць браць у разлік. Яны разважаюць пра адукацыйную функцыю тэатра, і пад гэтай "шыльдай" займаюцца тым, што чарговы раз "пераказваюць" на сцэне даўно вядомыя класічныя творы. Маўляў, гэта - для тых, хто яшчэ не здолеў прачытаць саму п'есу ў арыгінале. А потым здзіўляюцца, чаму пасля прагляду такіх спектакляў, як, прыкладам, "Вяселле Крачынскага" Сухава-Кабыліна ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, глядач выходзіць зусім не з унутраным піетэтам, а з адчуваннем таго, што яму папросту "папаўнялі інтэлектуальны багаж". Ды, прынамсі, грашыць гэтым не толькі сталіца- бадай, адным з самых яскравых "узораў" падобнага падыходу да драматургічнага матэрыялу і, адпаведна, да гледачоў, стаўся спектакль "Даходнае месца" А.Астроўскага на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра ў пастаноўцы Рыгора Гольдмана. Вывучаны акцёрамі тэкст, дэкарацыі і мізансцэны ў стылі ХІХ стагоддзя, "выбудаваныя" акцёрскія "жарсці" і- перакананасць у тым, што гэтага цалкам дастаткова для таго, каб забяспечыць будучаму спектаклю поспех.

Піяр пад час...

/i/content/pi/cult/335/6159/8-2.jpgЯшчэ адной тэндэнцыяй, якая сёлета значным чынам абвастрылася ў сталіцы, стала імкненне прыцягнуць журналістаў, крытыкаў да асвятлення тых самых прэм'ер паводле запраграмаванай самім тэатрам лініі. Маўляў, яны павінны адчуць усю важнасць і неабходнасць плячо ў плячо з тэатрамі займацца згаданым "адукаваннем народных мас" і тлумачыць патэнцыйным спажыўцам, што тыя прадукты, якія выходзяць на сцэнах нашых акадэмічных тэатраў,- гэта апрыёры ўзоры высокага мастацтва, і сумнявацца ў апошнім не выпадае.

Калі ж крытыкі "чамусьці" не пагаджаюцца з такой пастаноўкай пытання і кажуць, што здольныя самастойна ацаніць мастацкую вартасць таго або іншага спектакля, узнікае другая "песня"- пра тое, што па-сапраўднаму зразумець вартасць пастаноўкі можна толькі пасля яе дзясятага-пятнаццатага паказу на публіку. Ды толькі ў гэтым выпадку чамусьці ўзнікае заканамернае пытанне: чаму ж самыя дарагія кошты тэатры ўстанаўліваюць акурат на прэм'ерныя паказы, калі яны апрыёры, па прызнанні саміх жа рэжысёраў, яшчэ "сырыя" і "недашліфаваныя"? І каму з гледачоў цікава чытаць рэцэнзіі на падзеі паўгадавой даўніны?

Між тым, "ведучыся" на піяр вакол імёнаў і калектываў навідавоку, здараецца, што падзеі, якія насамрэч мусілі б быць у цэнтры ўвагі, застаюцца быццам бы ўбаку. Іх галоўныя "дзейныя асобы" з прычыны ўласнай сціпласці не крычаць аб поспехах, і тое, чым па праве можна было б ганарыцца, не знаходзіць увагі і, адпаведна, шырокага асвятлення.

У мінулым сезоне акурат так сталася з надзвычайнай перамогай айчынных лялечнікаў з Брэста. Беларускі калектыў, які цягам апошніх гадоў стаў вядомы ў Еўропе як адна з моцных тэатральных труп, сёлета на ХV Сусветным фестывалі тэатраў лялек у Празе заваяваў тры дыпломы - за лепшую рэжысуру, сцэнаграфію і музычнае афармленне, - а таксама найвышэйшую ўзнагароду форуму - Гран-пры! Першым у гісторыі сусветнай "алімпіяды" лялечнікаў (гл. "К" № 26 за 2011 г.) ён сабраў такую колькасць адзнак. І- прадэманстраваў, што сапраўднае мастацтва не патрабуе "тлумачэнняў" адносна ўласнай прагрэсіўнасці і важнасці, бо не заўважыць яго немагчыма. Вось толькі шкада, што ў Беларусі гэтая падзея прайшла без нагод для далейшых разваг. Бо вартая яна таго, каб дэталёва ўгледзецца ў "прычыны" поспеху брэсцкага калектыву, больш пільна прааналізаваць і, магчыма, пераняць той вопыт, які гэты тэатр назапасіў у сваёй творчай дзейнасці. Ды - не хапіла ініцыятывы: брэстаўчане заняты тым, што рыхтуюцца скарыць новыя міжнародныя творчыя форумы, а тыя, каму варта было б паўзірацца ў брэсцкі феномен, увагі падзеі чамусьці не надалі.

 "Памер" не мае значэння/i/content/pi/cult/335/6159/8-1.jpg

 Пра тое, што сучасны тэатр страчвае свайго разумнага, інтэлектуальнага гледача, усё актыўней ператвараючыся ў "фабрыку" па вытворчасці "тэатральнага прадукту", у апошнія гады не пісаў толькі лянівы. Так, тэндэнцыя гэтая відавочная настолькі, што абмінуць яе ўвагай немагчыма. Ды ўсё ж сітуацыя мінулага сезона прадэманстравала, што не ўсё так лінейна, як можа падацца на першы погляд. І, па-ранейшаму, далёка не ўся глядацкая аўдыторыя складаецца выключна са "спажыўцоў"- што прыемна, немалую частку публікі складаюць тыя, хто прыходзіць у тэатр з пэўнымі чаканнямі і "патрабавальнасцю" да відовішчаў, якія будуць прадстаўлены на сцэне. І ў гэтым плане паказальным стаўся спектакль "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў рэжысуры Мікалая Пінігіна, заяўлены яго стваральнікамі як "адкрыццё" вытокаў прафесійнага тэатра на Беларусі. Пастаноўка, бюджэт якой называюць ці не самым вялікім за ўсю гісторыю прафесійнага драматычнага тэатра ў нашай краіне, заяўлялася як творчае адкрыццё і будучы шэдэўр сучаснага нацыянальнага мастацтва. Аднак у выніку яна выклікала даволі шырокія абмеркаванні і супярэчнасці ў адносінах да таго сцэнічнага выніку, які прапанаваў тэатр. Асабіста я паглядзела спектакль двойчы: п е р ш ы раз- у коле тэатральнай публікі, пад час адкрытай здачы пастаноўкі, і другі - праз пару месяцаў, разам са "звычайнымі" гледачамі. І, што важна, многія з тых пытанняў, якія прыпісваліся "спакушанасці" гледачоў-тэатралаў, узнікалі і ў звычайных людзей, што прыйшлі ў тэатр за ўласныя грошы. Міжволі ўзгадалася выказванне аднаго з тэатральных класікаў наконт таго, што публіку не падманеш!..

Фота Юрыя ІВАНОВА, Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і з архіва газеты.

(Заканчэнне будзе.)