“Вугал погляду” на art

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Калекцыі імёнаў і куратарскія каціроўкі

/i/content/pi/cult/335/6154/pic_5.jpgУ адным з сусветна вядомых часопісаў ёсць рубрыка "Правілы жыцця". У Таццяны БЕМБЕЛЬ адно з іх, на маю думку,- наступнае: быць заўжды ў цэнтры падзей. "І - заставацца назіральнікам", - дадала мая суразмоўца парадаксальнасці нашым разважанням. Але зусім не парадоксамі, а канкрэтнымі вынікамі і перспектыўнымі праектамі аперыравала ў час нашай гутаркі кіраўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, мастацтвазнаўца, вядучая тэлепраграмы "Страсці па культуры" на тэлеканале "ЛАД", куратар шматлікіх выставачных і іншых культурных праектаў у Беларусі і за мяжой. Таццяна Алегаўна прыйшла на сустрэчу адразу пасля абмеркавання з рэдактарам канала праектаў на новы эфірны сезон, таму і першае пытанне было менавіта пра іх.

- Тэма, якая мне цяпер цікавая і якую запланавалі вынесці на экран найперш, - вяртанне каштоўнасцей. Як мастацтвазнаўца я "пільную" яе даўно, але цяпер праз сродкі мас-медыя ёсць магчымасць артыкуляцыі на новым узроўні. Засяродзім увагу аўдыторыі на двух момантах: вяртанне прадметаў, датычных нашай гісторыі і культуры, і- вяртанне імёнаў, з'яў, інфармацыі. Сам "вугал погляду" на працэс вяртання імёнаў мяне надзвычай хвалюе. Запаўненне лакун, датычных нашых суайчыннікаў, мяркую, сёння ўсё больш актуальнае. Дарэчы, колькі дзён таму мела гутарку на гэтую тэму са старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімірам Шчасным. Ён прыме ўдзел у адной з праграм не толькі як прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, але і як даследчык, эксперт па тым, лічу, пакуль яшчэ малавывучаным, перыядзе ў гісторыі мастацтва Беларусі, вядомым у свеце як Парыжская школа.

- Менавіта пад назвай "Вяртанне імёнаў" штонумар "Культура" друкуе даследаванні пра мастакоў, народжаных і ўзгадаваных Беларуссю...

- Чым не доказ надзённасці тэмы? Акрамя імёнаў Шагала, Суціна, менш вывучанага Крэменя (калі мы згадалі менавіта Парыжскую школу), што ўжо большменш трывала ў мастацтвазнаўчым асяродку (вылучу тут якраз замежных спецыялістаў) звязваюцца з Беларуссю, я назвала б шэраг іншых. Па меры магчымасцей наша галерэя ў рамках праекта "Прыватная калекцыя" цягам пяці гадоў прадстаўляе зборы спецыялістаў і калекцыянераў шырокай публіцы. Магчымасці галерэі- сціплыя, але ў нашай справе галоўнае- пачаць, а потым "на лаўца і звер бяжыць". Адкрыццё апошняга часу для мяне: адзін з такіх збіральнікаў, пецярбуржац Аляксей Радзівонаў, цягам тых самых пяці гадоў актыўна прыкладае намаганні па вяртанні на Беларусь імені Роберта Геніна- ураджэнца вескі Красавічы, што пад Клімавічамі на Магілёўшчыне, майстра з плеяды Парыжскай школы. З пецярбургскім калегам абмяркоўваем пытанне, як сумесна зладзіць выстаўку ў Мінску.

- Згадваючы калекцыянераў, ці можна, хаця б збольшага, сістэматызаваць зборы твораў мастацтва, што захоўваюцца ў прыватных фондах, і чые аўтары звязаны з нашай зямлёй?

- Канкрэтны прыклад: творы Леаніда Шчамялёва, творчасцю якога мы ў галерэі займаемся апрыёры, нават з дапамогай самога аўтара і даследчыкаў, па наяўнасці ў прыватных зборах улічаны пакуль не ўсе. Такая дакладная база даных пра наяўнасць ды месцазнаходжанне работ усіх аўтараў - выхадцаў з Беларусі, аб якой вы кажаце, - гэта праграма-максімум. На жаль, няма цэнтра, каб вакол яго закруціўся працэс. Ім мог бы стаць Музей прыватных збораў, ідэя якога лунае ў паветры, аб ім мару і я. Але і зараз магчыма скласці прыкладнае ўяўленне аб "карце твораў". Безумоўна, работы выхадцаў з Беларусі сёння каціруюцца ў свеце, імі даражаць. І што цікава: у апошні час становіцца ўсё больш замежных збіральнікаў, якія наладжваюць кантакты з нашымі галерэямі, музеямі ды спецыялістамі, нават хочуць дапамагчы вярнуць сёе-тое на Беларусь.

- У Галерэі Шчамялёва аспект вяртання каштоўнасцей рэалізуецца пэўным чынам у двух праектах - "Прыватная калекцыя" і "Memorum". Мо варта падысці і да распрацоўкі праекта, наўпрост звязанага з вяртаннем імёнаў?

- Як казала ўжо, нашы магчымасці, як фінансавыя, так і кадравыя, у плане разгортвання падобных доўгатэрміновых праектаў - надзвычай сціплыя. Задача пры рэалізацыі тых жа "...Калекцыі" і "Memorum"a - артыкуляцыя ўвагі на з'яве. Як толькі адкрыюцца больш сур'ёзныя магчымасці - ведаем, што рабіць, з кім і як. Адзін з маіх выставачных праектаў-мар - поўнамаштабная панарама мастацтва Беларусі. Маю на ўвазе, зразумела, і паказ работ, што захоўваюцца ў прыватных калекцыях. Апроч карцін, там мусіць прысутнічаць і карта, дзе будуць пазначаны мясціны, адкуль родам іх стваральнікі. Тое магла б быць эфектыўная піяр-акцыя для краіны.

- Наконт карты: гэта, апроч Віцебска Шагала, Смілавічы Суціна, Гомель Кікоіна, Клімавічы Геніна, Жалудок Крэменя, Зембін Надзеі Лежэ...

- Я не забывалася б і пра Хруцкага, Бялыніцкага-Бірулю, Сергіевіча і шматлікія іншыя "трансгранічныя" імёны...

- Мо прыцягненне бізнесу, артыкуляванне ўвагі на прэстыжы падобнага кшталту калекцыі, у тым ліку і "нагляднай картай" (тое ж, лічыце, - гатовая схема маршрутаў для арт-турыстаў і ўкладанняў у аб'екты культуры ды інфраструктуру), паспрыяла б вяртанню работ вядомых майстроў на Беларусь у фармаце адмысловага музея?

- Ведаю, што набыццё буйной калекцыі работ майстроў 1-й паловы ХХ стагоддзя і прывоз яе на Беларусь у бліжэйшы час запланаваны адной з прыватных фінансавых структур. Пра вынікі казаць зарана, але, здаецца, справа ідзе. Дай божа! Дарэчы, падказала спецыялістам імя таго самага Роберта Геніна, шэраг першакласных твораў якога выйшаў на еўрапейскі арт-рынак з прыватных збораў. Працуючы на рэалізацыю пэўнага праекта, я пераканалася: адшукаць грошы пад канкрэтную ініцыятыву - магчыма, было б моцнае жаданне і "мускулісты канцэпт", як кажа адзін крэатыўны калега. Паверце, як парадаксальна гэта ні гучыць, інвестарам з далёкага і блізкага замежжа таксама няпроста знайсці, каму аддаць свае грошы: патрэбны больш-менш якасныя і цікавыя прапановы. Яскравая ідэя - дэфіцыт. Нашы праблемы таксама часта палягаюць у адсутнасці прадуманага фандрайзінгу, ініцыятывы на месцах, у шэрагу юрыдычных нюансаў... Зразумела, актуальным ды неабходным застаецца і абмен вопытам у сферы культуры краіны. Скажам, наша галерэя часцяком выпраўляецца ў рэгіёны, у тыя ж Мастацкі музей Георгія Паплаўскага ў Бабруйску, у Карцінную галерэю Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі (абмяняемся выстаўкамі ў верасні), наладжвае кантакт з вілейскім музеем і выставачнай залай, каб, папершае, прадэманстраваць фонды, а падругое - падзяліцца карысным вопытам з калегамі. Бо далёка не кожная ўстанова культуры можа накіраваць спецыяліста на семінар, тым больш - за мяжу.

- Пытанні дзяржаўна-прыватнага, міжнароднага супрацоўніцтва адразу сведчаць аб запатрабаванасці сферы ў прафесійных эканамістах, маркетолагах... Карацей, упіраемся ў кадравую праблему. Ці маем рэальна адпаведныя патрабаванням сучаснага арт-працэсу кадры?

- Тых жа менеджараў сацыякультурнай дзейнасці рыхтуе БДУКіМ, выпускаюць ВНУ і музейшчыкаў. Аднак праблема ў тым, што канчатковая падрыхтоўка спецыяліста - заўсёды пытанне практыкі, гадоў пяці працы ў пэўнай установе, тым больш, калі яна "завязана" на сучасным мастацкім працэсе. Прыклад? У нашай галерэі працуе Марыя Міхайлава (яна публікуецца і на старонках "К", што я ўсяляк падтрымліваю), якая скончыла БДУ па музейнай спецыялізацыі. Цягам некалькіх гадоў назіраю рост маладога спецыяліста: уменне ствараць экспазіцыю, пісаць эксплікацыю, ажыццяўляць куратарства канкрэтнага праекта... Цяпер Марыя рыхтуе даклад па музейным маркетынгу на прыкладзе нашай галереі для канферэнцыі ў Чэхіі. Але ўдзел будзе дыстанцыйным. Існуе шэраг іншых праблем у кадравым аспекце пытання. Уявім: утвараецца цэнтр, які мае на мэце прасоўванне сучаснага мастацтва і пошукам сродкаў для яго развіцця. Паўстае пытанне, з аднаго боку, аб адпаведных спецыялістах - не па дыпломе, а па якасці практыкі, а з іншага- пра адпаведны штатны расклад: пакуль у даведніках, што рэгламентуюць пасады ва ўстановах культуры, няма назваў "куратар", "фандрайзер", толькі пачынаюць з'яўляцца маркетолагі і менеджары... Я сутыкнулася з гэтай праблемай, калі распрацавала летась праект Цэнтра міжнароднага культурнага супрацоўніцтва як інструменту пошуку і атрымання інвестыцый у галіну. Нават, калі структура ўтворыцца, кіраўнік не зможа афіцыйна ўзяць на працу тых людзей, якія патрэбны для дасягнення запланаванага выніку. Удзячная Міністэрству культуры краіны, што пад час пасяджэння калегіі сёлета запрасілі акрэсліць, у прыватнасці, і гэтую праблематыку. Можа, наш вопыт дапаможа ўдасканаліць стратэгію развіцця сферы.

- Але ж пытанні са штатамі ў большасці выпадкаў можна вырашаць на мясцовым узроўні... Дарэчы, чым не тэма для чарговага эфіру "Страсцей па культуры"?

- Такія тэмы, як мадэрнізацыя сферы культуры, яе дзяржаўнага сегмента, актуалізацыя патэнцыялу, вартыя таго, каб быць агучанымі і абмеркаванымі на тэлеэкране. І нашу аўдыторыю, якая складаецца не толькі з прафесіяналаў сферы, а з тых жа фізікаў, інжынераў, медыкаў і іншых "проста культурных людзей", яны "зачэпяць". Дарэчы, я неаднойчы адзначала, што сярод калекцыянераў мастацтва менавіта "тэхнароў" - найбольш. У шырокім сэнсе, бачу гледачоў ток-шоу культурнай элітай, і не толькі сталічнай, але і рэгіянальнай. Вядома, прадумваючы тэматыку, нельга забывацца і на рэйтынгі. Сутнасць ток-шоу вымагае вострых момантаў і "страсцей", а страсці "па культуры"- найперш страсці духу і інтэлекту.

- Пытанне як да куратара шматлікіх праектаў: якім чынам рыхтаваць спецыялістаў для прэзентацыі contemporary art, скажам, на чарговым, 55-м Венецыянскім біенале?

- Найперш скажу, што contemporary art, хаця і гучыць тое парадоксам, - гэта для мяне асабіста ўжо не тое каб зусім сучаснае... Тое, што некалі было яго першаснай "пратэстнай сутнасцю", пошукам новага, у наш час моцна камерцыялізавалася, "агламурылася", забяспечылася моцнай фінансавай дынамікай, абрасло сваім істэблішмэнтам, стала глабальным інстытутам, які патрабуе новага "прадукту" штодзень... Існуе глабальная сістэма, інфраструктура, яна працуе, і ўсё ОК. Сама "актуальнасць" стала таварам, і гэта мяне раздражняе не толькі як прафесіянала, але і як спажыўца культуры. Для мяне ўсё больш актуальным робіцца "неактуальнае", пазачасавае. У contemporary art мы вымушаны праходзіць этапы развіцця ў паскораным рэжыме. У хуткім часе, спадзяюся, увойдзем у сістэму, пераадолеем наіўныя захапленні, набяромся вопыту. І вучыцца, і стажыравацца ў гэтай галіне таксама трэба. А там, можа, і наш уласны геній на падрыхтаванай глебе з явіцца... Калі ж весці гаворку пра куратараў, як іх рыхтаваць... Ды проста: ставіць у асістэнты да лепшых куратараў хаця б з Вільнюса, Кіева, Варшавы, Масквы... З правам прымаючага боку адсылаць назад стажора, калі не спраўляецца. Натуральны адбор: жорстка, але эфектыўна. Я так буду рабіць, калі ў мяне будзе магчымасць дасылаць сваіх выхаванцаў.

- Наколькі моцныя сілы ў творчай моладзі, каб выканаць куратарскую праграму таго ж Біенале?

- Пакаленне 22 - 25-гадовых мне падабаецца імпэтам і няўрымслівасцю. Ёсць адукаваныя, падрыхтаваныя, таленавітыя. Першае, што прыйшло на памяць з нядаўніх куратарскіх работ маладых- праект Аксаны Жгіроўскай "Aeternus et momentum", што быў прадстаўлены ў сталіцы сёлета. Ёсць і іншыя, на якіх з задавальненнем затрымліваецца маё вока. І ім трэба дапамагчы арганізацыйна, а ў астатнім- даць месца і назіраць за працай.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах