Зарабляць на сябе, або Эканоміка жанру, памножаная на прастору рынку

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Каментарый з нагоды

Каментарый да ўзнятай на "круглым стале" праблематыкі даў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл КАЗЛОВІЧ:

- Сёння эстрадная (папулярная) музыка пранізвае ўсе ўзроўні сучаснага жыцця беларусаў. Яна пастаянна гучыць па радыё, тэлебачанні, на канцэртах у закрытых памяшканнях і на адкрытай прасторы - вуліцах і плошчах, у хатніх умовах, грамадскім транспарце, - у мабільных тэлефонах, размяшчаецца ў Інтэрнэце. Дзякуючы даступнасці, лёгкасці ўспрыняцця ў сферу папулярнай музыкі ўцягнута сёння вялікая колькасць насельніцтва рэспублікі, пераважную частку якога складае моладзь. Гэтая музыка надзвычай запатрабавана грамадствам, яна ўтварае, хочам мы таго ці не, асобны і даволі маштабны пласт сучаснай культуры Беларусі.

Таму эстраднаму мастацтву надаецца ўвага з боку дзяржавы, накіраваная, найперш, на стварэнне адпаведных умоў для яго развіцця. Не застаецца ўбаку і Міністэрства культуры краіны, пастаянна аналізуючы сітуацыю і разглядаючы праблемы, якія ўзнікаюць. Так, год таму адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі, на якім падрабязна абмяркоўваўся шэраг пытанняў, звязаных з развіццём айчыннага эстраднага мастацтва і шоубізнесу. Былі прыняты адпаведныя рашэнні, якія ўжо на сёння далі плён.

Эстрада павінна зарабляць на сябе сама - такая практыка прынята ва ўсіх цывілізаваных краінах. Разам з тым, усведамляючы вялікую запатрабаванасць грамадства ў эстраднай музыцы, неабходна ствараць спрыяльную глебу для яе развіцця - перш за ўсё эканамічную, бо гэта фундамент усёй сістэмы функцыянавання эстрады ў краіне. Мастацтва эстрады, як вядома, патрабуе значных фінансавых укладанняў: гэта і стварэнне новых песень, і аранжыроўкі, і касцюмы, і запісы фанаграм... Таму неабходны канкрэтныя захады па стварэнні і развіцці сістэмы прадзюсарства ў краіне. Каб такая сістэма склалася і спраўна функцыянавала, неабходны спрыяльныя ўмовы для актыўнага прыцягнення прыватнага капіталу. Гаворка ідзе перш за ўсё пра стварэнне падатковых ільгот.

З гэтай мэтай Міністэрствам культуры была ініцыявана падрыхтоўка адпаведнага Указа Кіраўніка дзяржавы. Такі дакумент зусім нядаўна быў падпісаны - гэта і ёсць канкрэтная рэальная мера, накіраваная, у тым ліку, на стварэнне ўмоў для прафесійнага станаўлення айчыннай шоу-індустрыі. З іншага боку, важны элемент развіцця эстраднага мастацтва - наяўнасць рынку. На жаль, сёння масавы беларускі слухач не спяшаецца аддаваць свае грошы на канцэрты айчынных выканаўцаў. У гэтай справе маглі б дапамагчы тэлеканалы: сёння толькі яны валодаюць значным рэсурсам, з дапамогай якога можна паспяхова вырашаць пытанні папулярызацыі беларускіх артыстаў. Па сутнасці, тэлеканалы выступаюць самі па сабе моцнымі прадзюсарскімі цэнтрамі. Ну, і канешне ж, гэта радыёстанцыі, сістэма выпуску і рэалізацыі прадукцыі - СD, DVD ды інш. Трэба спадзявацца, моцным імпульсам для далейшага плённага развіцця эстрады стане і ўручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне эстраднага музычнага мастацтва, якая нядаўна была заснавана. Сёлета вынікі развіцця нашай эстрады за год будуць упершыню падведзены на такім высокім узроўні - Нацыянальнай прэміі, прычым адразу па шэрагу намінацый. Заснаванне Нацыянальнай прэміі- таксама значны дзяржаўны крок, накіраваны на падтрымку нашых лепшых здабыткаў у сферы эстрады.

Усе гэтыя і многія іншыя захады па ўмацаванні эстраднага мастацтва знаходзяць адлюстраванне і зацікаўленае абмеркаванне на старонках "Культуры" і многіх іншых выданняў. Дадзены "круглы стол" у рэдакцыі газеты - чарговы таму доказ. Яшчэ больш грунтоўны разгляд акрэсленай праблематыкі адбудзецца непасрэдна пад час ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Форум, нагадаю, пройдзе 26 - 28 жніўня, і ў яго межах будзе праведзены "круглы стол", прысвечаны стварэнню, выкананню, распаўсюджанню і папулярызацыі песень айчынных кампазітараў на тэксты беларускіх аўтараў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"