Vivat Bibliotheca!

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Сёння Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь спаўняецца 85 гадоў. Гэта слаўная і важная гадавіна ў гісторыі нашай навукі і культуры. Не менш важная, чым такі ж леташні юбілей БДУ. Зрэшты, яна і паўстала не толькі як галоўная бібліятэка адроджанай з небыцця Беларусі, але і як універсітэцкая бібліятэка, стаўшы ў 1926-ым — Дзяржаўнай, у 1932-ім — “Ленінкай”, а не так даўно атрымала статус Нацыянальнай. Паўстала, каб, поруч з тым жа БДУ, вучыць дзяцей “пана сахі і касы” высокім ведам, далучаць іх, пакаленне за пакаленнем, да святла прагрэсу і цывілізацыі. І гэтак — вось ужо цягам васьмідзесяці пяці гадоў! Цягам амаль стагоддзя! Vivat Вibliotheca!

 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka.jpg
Напярэдадні юбілею ў прасторы Нацыянальнай бібліятэкі выразна адчувалася віраванне прыемных перадсвяточных клопатаў.
Але ў той жа час у яе аддзелах
і залах ішла звыклая праца. Чытачы атрымлівалі кнігі, фонды ўзбагачаліся новымі паступленнямі, старыя выданні траплялі на рэстаўрацыю, бібліятэказнаўцы вялі запланаваныя даследаванні… І карэспандэнты “К” вырашылі паказаць на старонках газеты акурат будні Нацыянальнай бібліятэкі, штодзённыя справы яе супрацоўнікаў, зазірнуць у тое “закуліссе”, якое застаецца па-за полем зроку звычайнага наведвальніка. Мы шчыра ўдзячны ўсім, хто знайшоў магчымасць удзяліць нам увагу, нягледзячы на вялікую занятасць.

 Тэатр пачынаецца з вешалкі, а бібліятэка — з рэгістратуры, або з запісу чытачоў. Зараз у Нацыянальнай бібліятэцы іх каля 70 тысяч. Загадчык сектара запісу карыстальнікаў Святлана ПРУДКАЯ сведчыць, што ў сярэднім за дзень чытацкія білеты атрымліваюць 163 чалавекі. Рэкордныя паказчыкі даў верасень мінулага года: тады штодня ў Нацыянальную бібліятэку запісваліся прыкладна па 379 жадаючых. Сярод чытачоў пакуль пераважаюць жанчыны — 64 працэнты.
Напярэдадні юбілею ў прасторы Нацыянальнай бібліятэкі выразна адчувалася віраванне прыемных перадсвяточных клопатаў. Але ў той жа час у яе аддзелах і залах ішла звыклая праца. Чытачы атрымлівалі кнігі, фонды ўзбагачаліся новымі паступленнямі, старыя выданні траплялі на рэстаўрацыю, бібліятэказнаўцы вялі запланаваныя даследаванні… І карэспандэнты “К” вырашылі паказаць на старонках газеты акурат будні Нацыянальнай бібліятэкі, штодзённыя справы яе супрацоўнікаў, зазірнуць у тое “закуліссе”, якое застаецца па-за полем зроку звычайнага наведвальніка. Мы шчыра ўдзячны ўсім, хто знайшоў магчымасць удзяліць нам увагу, нягледзячы на вялікую занятасць.Для журналістаў, якія пастаянна супрацоўнічаюць з Нацыянальнай бібліятэкай, лепшы памочнік — аддзел сувязей з грамадскасцю. Туды мы і накіраваліся ў першую чаргу.

Карэспандэнта “К” гасцінна сустрэла загадчык аддзела Людміла КАМАРОЎСКАЯ.
— За гучнымі падзеямі не заўсёды бачны тыя арганізатары, на чые плечы кладуцца асноўныя клопаты аб іх паспяховым здзяйсненні. Пазнаёмце, калі ласка, чытачоў “Культуры” са справамі падначаленага вам аддзела.
— З пераездам у новы будынак нам давялося асвойваць цалкам новыя віды дзейнасці, чым і было выклікана стварэнне новых аддзелаў і сектараў бібліятэкі. У нашым аддзеле зараз 4 сектары. Так, усемагчымыя мерапрыемствы цяпер курыруе сектар сацыяльна-культурных праектаў.
Паколькі ў Нацыянальнай бібліятэцы ёсць Прэзідэнт-цэнтр, у ім адбываюцца сустрэчы на вышэйшым узроўні з удзелам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У мінулым годзе адбылося 6 такіх мерапрыемстваў, сёлета — 2 (прэс-канферэнцыя Прэзідэнта для кіраўнікоў беларускіх СМІ — 12 красавіка, і сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран М.Ахмадынежадам — 25 мая).У абавязкі сектара міжнародных сувязей уваходзіць падрыхтоўка да падпісання дамоў аб супрацоўніцтве з буйнейшымі замежнымі бібліятэкамі. На сёння заключана 11 такіх дамоў: з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай, з Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана, з нацыянальнымі бібліятэкамі Ірана, Азербайджана і з іншымі, а таксама пагадненне з Александрыйскай бібліятэкай у Егіпце, пратакол аб супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Кітая. Мы абменьваемся выданнямі з 311 бібліятэкамі 60 краін свету, у тым ліку з 55-цю — з краін СНД. Нашы новыя партнёры па кнігаабмене — Нацыянальныя бібліятэкі Шатландыі, Уэльса, Сербіі, Нарвегіі, Манголіі, Малдовы, Навуковая бібліятэка Эрмітажа ў Расіі і іншыя.Цалкам новым з’яўляецца і сектар экскурсійнай працы. Ён дзейнічае вельмі інтэнсіўна: прымаем па 3-4 групы турыстаў штогадзіну. Да нядаўняга часу экскурсіі па Нацыянальнай бібліятэцы праводзіліся з наведваннем агляднай пляцоўкі. Але зараз пад’ём на аглядную пляцоўку вылучаны як асобная паслуга, у разліку на тых, хто хацеў бы толькі ўбачыць з самай высокай кропкі беларускую сталіцу, і ажыццяўляецца без папярэдняга запісу. Але па-ранейшаму пераважная большасць людзей жадае наведаць найперш менавіта Нацыянальную бібліятэку, на свае вочы ўпэўніцца ў яе новых магчымасцях.Адзін з аспектаў дзейнасці сектара рэкламы мінчане і госці сталіцы могуць бачыць наглядна — гэта стварэнне бягучага радка сацыяльнай рэкламы на асветленым увечары будынку-”дыяменце”. А падчас святкавання юбілею ён будзе ззяць словамі: “Нацыянальнай бібліятэцы — 85 гадоў!”.   

За семінарам - вернісаж...

Начальніка сацыякультурнага цэнтра (СКЦ) Сяргея ШАРАМЕЦЬЕВА няпроста застаць у кабінеце. І гэта зразумела: у СКЦ вельмі разгалінаваная структура, у якую ўваходзяць Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоў, комплекс мастацкіх галерэй, Музей кнігі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, аглядная пляцоўка і нават... дзіцячы пакой.

 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka2.jpg
- Уяўленне, што ў бібліятэцы пануе ціша, якую парушае толькі шоргат кніжных старонак, састарэла, - сцвярджае Сяргей Іванавіч. - Асяродак буйной бібліятэкі мусіць быць дынамічным, напоўненым грамадска значнымі падзеямі. З моманту адкрыцця новага будынка ў Нацыянальнай бібліятэцы праведзена каля 150 мерапрыемстваў грамадска-палітычнага, навуковага, культурнага, інфармацыйна-пазнавальнага, спартыўна-аздараўленчага характару.
Міжнародную геаграфію набылі мастацкія праекты, арганізаваныя аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці, які ўзначальвае вядомы мастацтвазнаўца Фёдар Ястраб.
Першым у гэтым рэчышчы стаў "Фестываль пейзажа", прысвечаны класіку беларускага жывапісу Віталю Цвірку. Шырокі рэзананс набылі выстаўкі "Кветкавы рай", "Чалавек прыгожы", "Сеанс", "Чалавек і кола", нядаўна здзейсненае "Усведамленне міфа".
3-га верасня да "Ракурса", "Лабірынта" і "Атрыума" дадалася яшчэ адна галерэя - мабільная.
Неўзабаве павінна ўзнавіць працу і галерэя "Панарама" на 22-ім паверсе, на закрытай агляднай пляцоўцы.

Электроны каталог як "люстэрка" фондаў

Наступная наша сустрэча - з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па інфармацыйных рэсурсах Таццянай КУЗЬМІНІЧ.
- На сённяшні дзень у Нацыянальнай бібліятэцы - 8 мільёнаў 400 тысяч адзінак захоўвання, на розных матэрыяльных носьбітах, - кажа Таццяна Васільеўна. - Друкаваныя і электронныя выданні, рукапісы, мікрафільмы і іншыя віды дакументаў, створаныя як у Беларусі, так і ў замежных краінах, на 50-ці мовах свету. Цяпер працэсы захоўвання фондаў, работы з чытачамі, бібліяграфічнай і сэнсавай апрацоўкі дакументаў размежаваны, і гэта сучасны падыход, які ў межах менавіта вялікай бібліятэкі спрыяе якасна лепшаму захаванню фондаў, дыферэнцыраванаму навуковаму вывучэнню фондавых дакументаў.
Увесь фонд Нацыянальнай бібліятэкі адлюстраваны ў яе даведачна-інфармацыйным апараце. З 1993 года бібліятэка пачала ствараць электронны каталог новых паступленняў. З пачатку 1990-ых гадоў мы пачалі працаваць і над рэкаталагізацыяй нацыянальнага дакументнага патоку - маюцца на ўвазе ўсе выданні, выпушчаныя на тэрыторыі Беларусі ці датычныя нашай краіны.
Пазней тое ж сталі рабіць і ў дачыненні да перыядычных выданняў. Базы даных, створаныя на працягу многіх гадоў і цягам 2006 - 2007 гг., былі размешчаны ў адзіным электронным каталогу, які зараз фарміруецца ў новай аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэме, распрацаванай спецыяльна для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

"Беларусіка" расце

У аддзел камплектавання фондаў мы завіталі, каб даведацца пра новыя паступленні. Загадчыца аддзела Алена Сівакова прадставіла нас Іне ГАНЧАРЭНКА, якая ўзначальвае сектар бягучага камплектавання нацыянальнымі дакументамі і дакументамі краін СНД.

- Як выглядае цяперашняе камплектаванне ў параўнанні з тым, што было ў старым будынку?
- Зразумела, маштабы бібліятэкі значна павялічыліся, і ў сувязі з гэтым пашырыліся як
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka1.jpg
асартымент камплектуемай літаратуры, так і колькасць закупляемых экзэмпляраў. Нацыянальныя дакументы атрымліваем у вычарпальнай паўнаце. На выстаўцы бесплатнага экзэмпляра для службовага карыстання супрацоўнікі, якія займаюцца абслугоўваннем чытачоў, могуць пабачыць і замовіць навінкі айчынных выдавецтваў. Найбольш актыўныя пастаўшчыкі кніг для Нацыянальнай бібліятэкі - дзяржаўныя выдавецтвы "Мастацкая літаратура", "Беларуская Энцыклапедыя" імя П.Броўкі, "Беларуская навука" і іншыя. Папаўняецца калекцыя "Беларусікі Экстэрыёрыкі" - дакументаў, выдадзеных за мяжой на беларускай мове, пра Беларусь або датычных нашай краіны, або беларускіх аўтараў.
Паколькі цяпер можна стаць чытачом Нацыянальнай бібліятэкі з 16 гадоў, з'явілася патрэба ў літаратуры для юнацтва, у падручніках для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. А ўвогуле, паколькі ў нас запісаны студэнты ўсіх нашых ВНУ, жыхары розных рэгіёнаў, у іх вельмі розныя інтарэсы. Таму і чытацкі попыт настолькі шматстайны, што немагчыма вылучыць найбольш запатрабаваную тэматыку.

Рэанімацыя для хворых кніжак

Аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў выклікае ў памяці верш пра "кніжчыну бальніцу". Тут пануе ціша, нібы ў рэанімацыі, у паветры адчуваецца лёгкі пах "лекаў" - хімрэактываў. На "аперацыйным стале" рэстаўратара Ірыны Івашчанка - шкло з падсветкай. Яна кладзе на яго нотны зборнік, асцярожна расшывае яго і засяроджана праглядае кожны аркуш.
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka3.jpg
 Дыяна Муратава дэманструе аркуша-далівачную машыну.
Фондасховішча новага будынка спраектавана так, каб кнігі ды іншыя дакументы ў ім не псаваліся, не хварэлі. Але... некаторыя кніжкі, асабліва старадаўнія, набылі хваробы яшчэ да паступлення ў Нацыянальную бібліятэку, іншыя - у працэсе карыстання. Сімптомы выяўляюцца супрацоўнікамі фондасховішча падчас прафілактычных аглядаў, а дыягназы кнігам ставіць мікрабіёлаг тут жа ў лабараторыі. Злейшыя ворагі паперы - цвіль і грыбкі, мікраарганізмы.
Загадчыца аддзела Зоя Каваленка знаёміць са сваімі работнікамі. Вяртаннем кніг да жыцця заняты 10 рэстаўратараў. Іх тонкая праца патрабуе ўмелых чулых рук, якія не заменіць ніякая хітрамудрая тэхніка. Але без тэхнічнага прагрэсу і тут не абыходзіцца. Закуплены разакі для паперы і кардону нямецкай вытворчасці. Парваныя, папсаваныя аркушы нарошчвае аркуша-далівачная машына. Кнігі, якія не ў скураных пераплётах, апрацоўваюцца ў дэзінфекцыйнай камеры. Да кожнай кнігі - індывідуальны падыход. Папсаваны пераплёт замяняюць, але арыгінальную вокладку стараюцца захаваць, пакуль будзе жыць сама кніга.
Зоя Станіславаўна і яе калегі з гонарам успамінаюць выданне канца ХІХ стагоддзя - п'есу Растана "Сірано дэ Бержэрак", якая трапіла на рэстаўрацыю са значнымі пашкоджаннямі, папсаванай цвіллю. Карпатлівае аднаўленне гэтай каштоўнай кнігі доўжылася 3 месяцы, затое цяпер, перагортваючы вылечаныя старонкі, цяжка пазнаць былую гаротніцу.
- Рэстаўратар - прафесія сур'ёзная, - кажа З. Каваленка.- Трэба быць акуратным, цярплівым і, безумоўна, творчым чалавекам.

Спытай метадыста

Адзін са старэйшых аддзелаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, заснаваны ў 1937 годзе, - аддзел навукова-даследчага бібліятэказнаўства. Распавядае загадчык аддзела Марына АЛЕЙНІК:
- Канешне, якасць нашай працы пастаянна ўдасканальваецца. 7 гадоў таму, калі я прыйшла сюды, у аддзеле было 2 камп'ютэры, а зараз кожны супрацоўнік яго мае. Павелічэнне штату дазволіла праводзіць за год па тры сацыялагічныя даследаванні рэспубліканскага маштабу.
Галоўныя функцыі нашай структуры - метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк краіны і навуковыя даследаванні бібліятэчнай справы. Ажыццяўляем маніторынг дзейнасці перш за ўсё публічных бібліятэк. Адсочваем усё, што датычыць абслугоўвання чытачоў, у тым ліку матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, камплектаванне, наяўнасць аўтаматызацыі. Раз на год збіраем і аналізуем гэтыя паказчыкі і на іх аснове распрацоўваем рэкамендацыі па далейшым развіцці галіны.
Мы вывучалі ролю і месца публічнай бібліятэкі ў сацыякультурным асяроддзі рэгіёнаў. Нядаўна завяршылі актуальнае даследаванне "Інфармацыйныя патрэбы насельніцтва аграгарадкоў" у рамках Праграмы "Адраджэнне і развіццё сяла" з удзелам 98 аграгарадкоў.
Практычны плён нашай працы - выданне метадычных дапаможнікаў, у тым ліку на электронных носьбітах. Вось, напрыклад, дыскі "Бібліятэка. Дзеці. Кнігі", "Сацыялагічныя даследаванні ў бібліятэцы", якія ахвотна замаўляюць бібліятэкары. З 1970-ых гадоў вядзём даследаванне гісторыі бібліятэчнай справы ў Беларусі. Выпушчаны 4 зборнікі дакументаў і матэрыялаў, пачынаючы з дарэвалюцыйнага перыяду. Да 85-гадовага юбілею падрыхтавалі зборнік "Нацыянальная бібліятэка ў дакументах: 1922 - 2006 гады".
Любы бібліятэчны работнік можа пракансультавацца ў нас па прафесійных пытаннях. На сайце НББ ёсць раздзел "Спытай бібліятэкара", зараз збіраемся ўкараніць у рэжыме "он-лайн" падобную паслугу - "Спытай метадыста" .
Згадаю яшчэ адзін накірунак аддзела - нарматыўна-рэгламентуючае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк рэспублікі. Удзельнічаем у распрацоўцы новай рэдакцыі Закону аб бібліятэчнай справе РБ і іншых нарматыўных дакументаў, накіроўваем нашы прапановы ў Міністэрства культуры.

"Бібліятэкар - гэта прэстыжна..."

Вольга БАБКО - бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства, малады спецыяліст, які толькі робіць першыя крокі ў сваёй прафесіі. Хаця, як прызнаецца дзяўчына, напачатку яе не асабліва вабіла прафесія бібліятэкара, пакуль Вольга не апынулася на студэнцкай практыцы... у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе засталася працаваць і з якой звязвае сваю далейшую кар'еру.
- Калі казаць вобразна, - тлумачыць Вольга, - мая штодзённая праца - гэта "трымаць руку
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka4.jpg
на пульсе": мы адсочваем змены, праблемы і дасягненні ў бібліятэчнай справе ўсёй Беларусі.
Адказна і цікава займацца і распрацоўкай нарматыўнай дакументацыі, што развівае мысленне, логіку, дапамагае структурыраваць свае думкі і ведаць, што і якім чынам працуе. Нацыянальная бібліятэка - гэта таксама перспектыва, кар'ера, што немалаважна для нашага пакалення. Для жанчыны гэта і ўвогуле ідэальнае месца: і "жаночае", як часта азначаюць прафесію бібліятэкара, і перспектыўнае. Бо калі ты чаго-небудзь варты, цябе тут абавязкова заўважаць і ацэняць. Нядаўна я ездзіла ад бібліятэкі ў камандзіроўку ў Швецыю, дзе пазнаёмілася з вопытам шведскіх бібліятэкараў, якія, дарэчы, займаюць высокае месца ў грамадстве... Што для мяне праца ў Нацыянальнай бібліятэцы? Гэта гонар.
Калі я расказваю, дзе працую, у людзей рэакцыя адна: "Ух, ты!". А гэта, пагадзіцеся, прыемна.

Раз і назаўсёды

У працоўнай кніжцы Клаўдзіі ПРЭНЦ - толькі адзін запіс аб прыёме на працу. У студзені далёкага 1968 года яна прыйшла ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку імя
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka5.jpg
У
. Леніна і... знайшла сваё месца ў жыцці раз і назаўсёды. Клаўдзія Уладзіміраўна - адна са старэйшых супрацоўніц Нацыянальнай бібліятэкі. У маладым узросце добра зарэкамендавала сябе і хутка была прызначана галоўным бібліёграфам аддзела мастацтва. Цяпер яна - вядучы бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела па культуры і мастацтве.
- Галоўныя мае дапаможнікі - газеты "Культура" і "ЛіМ", часопіс "Мастацтва", - кажа К.Прэнц.
Пасля наваселля бібліятэкі ўсім давялося пераходзіць "на новыя рэйкі". І Клаўдзія Уладзіміраўна пасябравала з камп'ютэрам, мае зараз аўтаматызаванае працоўнае месца.
- Цяпер у маладых спецыялістаў значна больш магчымасцей, чым было ў майго пакалення, - канстатуе яна.
Але нядаўнія выпускнікі, ды і работнікі з вопытам, многаму вучацца ў старэйшай каляжанкі. Хто ж, як не яна, якая мела дачыненне да вытокаў сучаснай бібліятэчнай справы, можа паказаць узор таго, як трэба працаваць?!
Клаўдзія Прэнц - элегантная жанчына з прыроджанай інтэлігентнасцю. Сціпла кажа: "У бібліятэкараў - не кар'ера, а выслуга". Яна мае ўзнагароду Міністэрства культуры РБ - ганаровы нагрудны знак "За асабісты ўнёсак у развіццё культуры".
У юбілейныя для Нацыянальнай бібліятэкі дні жадаем Вам, Клаўдзія Уладзіміраўна, яшчэ доўгія гады працаваць на ўлюбёным месцы і на карысць агульнай справе!

Прафесія такая - любіць чытача

Кожны наведвальнік бібліятэкі хоча хутчэй знайсці патрэбную кнігу і пачаць працаваць з ёй. Аднак часта мы маем не спіс патрэбнай літаратуры, а толькі тэмы навуковых работ. Тады пошук неабходнай кнігі залежыць не столькі ад бібліятэчнага фонду, колькі ад прафесіяналізму бібліятэкара і яго жадання дапамагчы. А для гэтага апошняму трэба любіць сваю прафесію і свайго чытача. Прынамсі, так, як у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Раіса КАЗЮЧЫЦ, бібліятэкар залы беларускай літаратуры:
- Наш былы чытач у старым будынку - пераважна навуковец. А сёння гэта ўсе, каго аб'ядноўвае цікавасць да беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Сярод іх, канешне, ёсць тыя, хто ходзіць да нас гадамі. Напрыклад, выдавец "Беларускага кнігазбору" Кастусь Цвірка ды яшчэ шмат тых, чые імёны вы можаце сустрэць на карашках кніг у нашай зале. Часам, бывае, за спіной чытача можа сядзець сам аўтар, кнігу якога ён чытае. У нас працавалі і Шамякін, і Мележ, і Адамовіч... Цікава бачыць творчасць такіх асоб і ведаць, што сама спрыяеш ім сваёй дапамогай, сваім прафесіянальным умельствам... А калі да нас прыходзіць узнерваваны наведвальнік, мы стараемся супакоіць, улагодзіць яго, разумеючы, што нехта да нас проста не змог яму кампетэнтна дапамагчы ў пошуку літаратуры. І мы кажам кожнаму нашаму чытачу: прыходзьце да нас - мы вам рады.

Аліна ГАЙДУК, бібліятэкар залы нотных і аудыёдакументаў:
- Мы працуем з людзьмі, якія звязваюць сваё жыццё з музыкай на прафесійнай аснове. Напрыклад, з выкладчыкамі музычных школ, якія падбіраюць у нас рэпертуар для сваіх вучняў. А дзякуючы таму, што наша зала спецыялізаваная, наведвальнік можа тут жа, у нашых сценах, выбраны матэрыял прайграць на фартэпіяна. Канешне, новыя магчымасці вабяць наведвальнікаў, кола якіх пашырылася з часу пераезду ў новы будынак. Наша зала арыентуецца ў першую чаргу на беларускую і класічную музыку. Прыемна, калі музыканты прыносяць і дораць нам свае дыскі. Днямі падарыла нам свой апошні альбом Ірына Дарафеева...

Тамара ЗАЙЦАВА, бібліятэкар залы дакументаў па мастацтве:
- Нашы чытачы - людзі творчых прафесій: мастакі, артысты, рэжысёры, архітэктары, тэатральныя дзеячы, мастацтвазнаўцы...І звычайна перад тым, як распачаць свой новы праект, яны прыходзяць да нас. Напрыклад, ставіцца новы спектакль - прыходзіць мастак-пастаноўшчык, шукае артэфакты той эпохі, у якой будзе адбывацца дзея.
Бо ў нас захоўваюцца не толькі традыцыйныя выданні - кнігі, перыёдыка, альбомы, - але і паштоўкі, плакаты, рэпрадукцыі, гравюры. Нам прыемна, што адзін з аўтараў праекта нашай бібліятэкі - Крамарэнка - чытач нашай залы. Перад тым, як увасобіць свае думкі ў чарцяжы і канструкцыі, ён перагартаў у нашай зале гару выданняў, каб вывучыць заходні вопыт. Дарэчы, мы часта бачым плён сваёй працы. Гэта палотны, якія прыносяць нам удзячныя мастакі, гэта творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія аздабляюць нашу залу. Канешне, нас запрашаюць на выстаўкі, прэм'еры - у знак удзячнасці... Да нас прыходзяць і проста аматары мастацтва. Мова мастацтва зразумелая ўсім, хто хоча яе зразумець. А наша задача - дапамагчы ім у гэтым.

Нервовая сістэма "дыямента"

Мабыць, найбольш відовішчная тэхналагічная навацыя Нацыянальнай бібліятэкі, якая нязменна прыцягвае здзіўленыя погляды і экскурсантаў, і чытачоў, - гэта тэлеліфт. Коцяцца туды-сюды па рэйках пад шкляным дахам стылабата
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka7.jpg

 Кантэйнеры выходзяць на лінію.

серабрыстыя
кантэйнеры, гудуць ненавязліва, развозяць замоўленыя кнігі ў чытальныя залы.
Вядучы інжынер аддзела аўтаматызаванай сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі (АСТП) Аляксандр Суслаў адказвае за ўчастак, які займаецца абслугоўваннем тэлеліфта, як яго называюць у народзе. Але правільная назва - транспартная сістэма адраснай дастаўкі выданняў. А "Тэлеліфт" - гэта фірма, якая вырабляе камплектуючыя для яе.
Разам з А.Суславым мы пабывалі на адной са станцый кіравання і візуалізацыі, дзе двое дыспетчараў сочаць па маніторах за перамяшчэннямі кантэйнераў. Кіруюць іх рухам спецыяльныя камп'ютэры - так званыя кантролеры. У бібліятэцы размешчаны 27 такіх станцый. Максімальны адрэзак часу, за які кантэйнер з літаратурай можа даехаць з кнігасховішча да адной з чытальных залаў, - 10 хвілін паводле разлікаў. Але на практыцы самы доўгі шлях - з 13-га паверха праз 15-ты на 1-шы - здзяйсняецца ў межах 7-мі хвілін. Плануецца давесці транспартную лінію да 16-га паверха фондасховішча.
Тым днём, калі мы рабілі гэты рэпартаж, па бібліятэцы курсіравалі 47 кантэйнераў. Па меры патрэбы іх колькасць можа павялічвацца да 65-ці. Самымі напружанымі месяцамі ў эксплуатацыі сістэмы тэлеліфта былі сакавік - красавік: мабыць, таму, што ў гэты час бібліятэку напаўнялі студэнты, якія рыхтаваліся да сесіі. Тады кантэйнерам, напакаваным кнігамі, даводзілася стартаваць да 2000 разоў на дзень.
 /i/content/pi/cult/129/615/Biblioteka6.jpg
Самім жа аддзелам АСТП загадвае Мікалай ГАЛУШКА. У кампетэнцыю аддзела ўваходзіць абслугоўванне аўтаматыкі жыццезабеспячэння будынка Нацыянальнай бібліятэкі. 30 супрацоўнікаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў БДУІР і БНТУ, сочаць за станам ацяплення і... холадазабеспячэння, вентыляцыі, кандыцыяніравання, сувязі, кантралююць мікраклімат фондасховішча. "Па чарзе нясём вахту і ўначы, - кажа М.Галушка, - бо пакінуць такі будынак без нагляду нельга".
Пэўна, АСТП можна вобразна назваць нервовай сістэмай Нацыянальнай бібліятэкі, якая пранізвае ўсе яе памяшканні. 1600 адчувальных датчыкаў - нервовых канчаткаў - шлюць сігналы на дыспетчарскія пункты.

 

Падрыхтавалі Святлана ІШЧАНКА, Святлана КАСЯЧЭНКА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА