Праязны па Нясвіжы

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Чым "уплесці" турыста ў "канву замка"?

/i/content/pi/cult/335/6139/7-6.jpg

Складаная і шматэтапная рэстаўрацыя колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. Да 15 жніўня там маюць завяршыцца агульнабудаўнічыя работы - такі тэрмін быў акрэслены пад час чарговага пасяджэння рэстаўрацыйнага штаба, якое адбылося 3 жніўня з удзелам старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш не сумняваецца ў тым, што гэтая задача будзе выканана: - Па вялікім рахунку, будаўнічыя работы ўжо скончаны. Сёння будаўнікі папросту выпраўляюць свае дробныя агрэхі. І засталося ім- зусім няшмат...

У гэтыя спякотныя жнівеньскія дні Нясвіжская рэзідэнцыя ўяўляе досыць дзіўную карціну: сямтам усё яшчэ завіхаюцца будаўнікі, а ў той самы час да ўваходнай брамы несупынна рушаць малыя і вялікія групы турыстаў - усіх узростаў, сацыяльных статусаў ды нацыянальнасцей. Павелічэнне колькасці наведвальнікаў замка ў параўнанні з мінулымі гадамі (не кажучы ўжо пра больш даўнія часы) відаць нават няўзброеным вокам. І гэта нават нягледзячы на тое, што для турыстаў пакуль даступная толькі пэўная частка рэзідэнцыі: яе ўнутраны двор перагароджвае "чырвоная стужка", і там пакуль яшчэ вядуцца работы. Але праз які тыдзень яна мае знікнуць, і ў дворыку замка будуць непадзельна "валадарыць" турысты./i/content/pi/cult/335/6139/7-1.jpg

Як адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Наталля Жарко, ужо ў другой палове верасня наведвальнікі здолеюць пабываць у тых залах рэзідэнцыі, якія былі закрыты для агульнага доступу многія дзесяцігоддзі. Прычым карпатлівыя рэстаўрацыйныя работы ў інтэр'ерах будуць доўжыцца яшчэ не адзін месяц - да канца гэтага года. Як адзначыў губернатар Міншчыны, спяшацца ў такой складанай справе ніяк не выпадае.

 - Але, у той самы час, варта адзначыць, што правядзенне гэтых высокамастацкіх работ зусім не перашкодзіць турыстам, - падкрэсіў Віктар Кураш.

 Па словах Наталлі Жарко, некалькі залаў будуць часова выключаны з экскурсійных маршрутаў. У той самы час, некаторым турыстам пашчасціць убачыць рэстаўратараў за працай. І перашкаджаць адно аднаму яны не будуць.

 - Падобнае спалучэнне - гэта распаўсюджаная ў Еўропе практыка, - зазначае намеснік дырэктара музея-запаведніка. - І яна засведчыла, што турысты ў такім выпадку не спазнаюць дыскамфорт, наадварот: яны з цікавасцю паглыбляюцца ў таямніцы складанай рэстаўрацыйнай работы.

Кавярняў хопіць на ўсіх

/i/content/pi/cult/335/6139/7-4.jpg Пад час нарады ў Нясвіжскім замку Барыс Батура закрануў і пытанне развіцця турінфраструктуры вакол гэтага знакавага аб'екта. Кавярняў апошнім часам у Нясвіжы паболела. Напэўна, сярод райцэнтраў сваёй "вагавой катэгорыі" гэты горад у згаданай намінацыі і ўвогуле чэмпіён. Але... У "гадзіны пік" турыстычнай актыўнасці паабедаць удаецца не ўсім ахвотным. Да таго ж, многія пункты харчавання прадстаўлены ў самым тандэнтным варыянце: брызентавыя намёты, пластыкавы посуд, распушчальная кава... Як адзначыў губернатар Міншчыны, у ваколіцах помніка сусветнага значэння такі сэрвіс выглядае несамавіта./i/content/pi/cult/335/6139/1-1.jpg

Зрэшты, як запэўніў яго старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, ужо неўзабаве месцаў у добрых кавярнях хопіць усім наведвальнікам замка. Да тых, што адкрыюцца непасрэдна на яго тэрыторыі, далучыцца і бар непадалёк ад увахода - у адной з нягеглых пабудоў савецкага часу, якая мае быць да непазнавальнасці перайначана.

 Білетны прэйскурант

 Пад час нарады з удзелам губернатара ўзнімалася і пытанне кошту білета. Сёння ён складае восем тысяч рублёў для дарослага. Як адзначыў Барыс Батура, гэтая лічба павінна ўзрасці прапарцыйна з адкрытымі для турыстаў музейнымі плошчамі.

 Пацікавіліся на гэты конт меркаваннем саміх турыстаў. Бацька вялікай сям'і Яўген Паўлавіч ахвотна пагадзіўся з тым, што плата за ўваход на такі аб'ект не мусіць быць сімвалічнай.

- Калі завершыцца рэстаўрацыя, цана білета павінна быць тысяч дваццаць,- лічыць ён. - Ды, у той самы час, і не нашмат большай, бо іначай нашай сям'і гэты замак будзе проста не па кішэні...

/i/content/pi/cult/335/6139/7-3.jpg І сапраўды, тут вельмі важна знайсці "залатую сярэдзіну": каб было нятанна, але даступна. Па словах Наталлі Жарко, варыянты цанавой палітыкі музея-запаведніка сёння прапрацоўваюцца. Пра дэталі казаць пакуль зарана, але ясна адно: палітыка гэтая будзе гнуткай.

- Магчыма, будзе ўведзены адзіны білет, які дазволіць наведаць не толькі замак, але і іншыя нясвіжскія адметнасці, - кажа намеснік дырэктара музея-запаведніка.

Натуральна, гэты "праязны па Нясвіжы" абыдзецца кліенту ў прыстойную суму. Але такі варыянт, безумоўна, не будзе безальтэрнатыўным. Ахвотныя здолеюць абраць тыя аб'екты або часткі экспазіцыі, якія ім найбольш да густу./i/content/pi/cult/335/6139/7-2.jpg

У той самы час, каласальны наплыў турыстаў, які назіраецца ўжо сёння, а заўтра, па адкрыцці ўсіх залаў, можа павялічыцца ў разы, прымушае задумацца пра такія меры, як "цанавыя бар'еры". У выпадку ўжо дзеючых еўрапейскіх турадметнасцей першай велічыні (да якіх, спадзяёмся, далучыцца і Нясвіжская рэзідэнцыя) высокія цэны білетаў абумоўлены не толькі эканамічнымі фактарамі, але і фізічнай умяшчальнасцю музейнай прасторы - любыя сцены ўсё ж не гумовыя... Таму, да прыкладу, уваход у кракаўскі Вавель - зусім бясплатны, а вось за кожны з яго музеяў турыст мусіць заплаціць асобна ды яшчэ і адстаяць немалую чаргу.

Але самае галоўнае - каб замка "хапіла на ўсіх". У тым ліку - і на людзей з невялікім дастаткам, і нават на самых "эканомных", якія ў першы раз прыехалі ў Нясвіж "чыста дзеля спартыўнай цікавасці".

Чарговая фотасесія Юрыя Іванова, зробленая з вышыні амаль 30-метровага крана, якім кіраваў машыніст Віталь Рымашэўскі, выклікала сярод выпадковых турыстаў не абы-які ажыятаж. Хтосьці ўтрапёна шчоўкаў сваім мабільнікам, а хтосьці на поўным сур'ёзе ўспрыняў гэта як дадатковую платную паслугу і пытаў, дзе прадаюць білецікі. Уласна, мы - да таго, што элементы атракцыі ды анімацыі, удала ўплеценыя ў "канву замка", безумоўна, будуць вельмі запатрабаваны. І могуць стаць добрай крыніцай дадатковых фінансавых паступленняў.

■ ■ ■

Як адзначыў Віктар Кураш, пэўныя "рабочыя пытанні" да пастаўшчыкоў і субпадрадчкаў узнікаюць і сёння. Але ўсе тыя праблемкі не маюць глабальнага характару і павінны вырашыцца ўжо неўзабаве. - Усе пытанні ўрэгуляваны, праца ідзе ў добрым тэмпе, і таму прысутнічаць сёння на гэтым рэстаўрацыйным штабе мне было вельмі прыемна, - падзяліўся пасля пасяджэння сваімі ўражаннямі Барыс Батура.

Юрый ІВАНОЎ (фота),

нашы спецкарэспандэнты

Мінск - Нясвіж - Мінск