Як распавядае "К" дырэктар музея Алена Мацевасян, мастак Дзмітрый Полазаў у 1920-я жыў на адной з мінскіх вуліц побач з археолагам Мікалаем Шкляевым і пісьменнікам Янкам Купалам. Не проста жылі побач, але і сябравалі. Дарэчы, менавіта Купала стаў адным з ініцыятараў фарміравання творчай экспедыцыі для папаўнення фондаў Беларускага нацыянальнага музея.
Для першай выстаўкі работ мінскіх мастакоў Дзмітрый Полазаў стварае аж тры партрэты Песняра. У сярэдзіне 1920-х мастак пераязджае ў Ленінград. З купалаўскімі партрэтамі не развітваецца нават пад час блакады. "Не прадаў, не абмяняў ні на якія прадукты харчавання,- распавядае галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Надзея Саевіч. - Бярог як зрэнку вока..."
Пасля вайны не без падтрымкі Мікалая Шкляева Полазаў піша ўдаве Песняра Уладзіславе Францаўне, што гатовы вярнуць адрэстаўраваныя ў Эрмітажы партрэты ў Мінск, але іх трэба "апрануць" у рамы і ўзяць пад шкло.
Сёння адзін з партрэтаў знаходзіцца ў існуючай экспазіцыі, другі, дзе Купала - на фоне беларускіх краявідаў,- чакае рэстаўрацыі. Трэці - адрэстаўраваны (гэтым разам - у нашым Нацыянальным мастацкім музеі) і "апрануты" так, як 60 гадоў таму хацеў гэтага Дзмітрый Полазаў. Менавіта дадзены партрэт і ўпрыгожыў новую музейную экспазіцыю. Ён - у шыкоўнай раме і пад шклом, што не блікуе.
Фота Юрыя ІВАНОВА