Тэхналогія стажыровак

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

У мінулым нумары “К” акцэнтавала ўвагу на працы Міністэрства культуры краіны па арганізацыі замежных стажыровак студэнтаў ВНУ сферы і работнікаў культуры за мяжой. А 28 ліпеня пастановай Савета Міністраў № 1010 быў вызначаны парадак накіравання навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры на навучанне (стажыроўку) за межы Беларусі.

 

У прэс-службе беларускага Урада адзначаюць, што пастанова прынята ў мэтах павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы культуры, стварэння ўмоў для засваення перадавога замежнага вопыту працы, прагрэсіўных форм і метадаў педагагічнай і культурнай дзейнасці, а таксама забеспячэння рацыянальнага выкарыстання сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Накіраванне на навучанне (стажыроўку) за межы краіны ажыццяўляецца на падставе міжнародных дагавораў Беларусі, дагавораў, што заключаюцца паміж установай адукацыі ў сферы культуры (арганізацыяй культуры) нашай краіны і замежнай арганізацыяй, міжнародных і нацыянальных праектаў і праграм у сферы адукацыі і культуры.

З вучнямі і студэнтамі або іх законнымі прадстаўнікамі, аспірантамі, дактарантамі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, педагагічнымі работнікамі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікамі культуры, якія накіроўваюцца на стажыроўку, установамі адукацыі ў сферы культуры, арганізацыямі культуры заключаецца дагавор (яго тыпавая форма зацвярджаецца Міністэрствам культуры па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі). Пералік арганізацый замежных дзяржаў, дзе плануецца навучанне, зацвярджаецца Мінкультуры штогод да 10 студзеня.

Фінансаванне навучання за межамі Беларусі (у тым ліку аплата паслуг за навучанне, праезд, арэнду жылога памяшкання, сутачныя для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры, а таксама харчаванне ў памеры сутачных для навучэнцаў) ажыццяўляецца за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і іншых крыніц, не забароненых беларускім заканадаўствам.

Для правядзення адбору кандыдатаў на навучанне ва ўстановах адукацыі ў сферы культуры штогод да 20 студзеня з ліку педагагічных работнікаў, кіраўнікоў кафедраў, факультэтаў, аддзяленняў, вядучых вучоных ствараецца адборачная камісія, склад якой зацвярджаецца саветам установы адукацыі. На падставе рашэння адборачнай камісіі складаецца спіс кандыдатаў, рэкамендаваных для навучання. Рашэнне аб накіраванні на навучанне прымаецца кіраўніком установы адукацыі ў сферы культуры.

Накіраванне на навучанне за межы Беларусі ажыццяўляецца для ўдасканалення і паглыблення ведаў і навыкаў па меры неабходнасці, але не больш за два разы на год для аднаго чалавека. Тэрмін навучання можа складаць не больш за тры месяцы ў год.

Асноўнымі крытэрыямі адбору навучэнцаў з'яўляюцца высокія вынікі ў культурнай і інтэлектуальнай дзейнасці (наяўнасць званняў лаўрэата, стыпендыята, дыпламанта спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, узнагарод міжнародных, рэспубліканскіх і іншых мастацка-творчых мерапрыемстваў), вучэбнай дзейнасці (сярэдні бал паспяховасці - не ніжэйшы за 6 балаў па дзесяцібальнай шкале), навукова-даследчай дзейнасці (наяўнасць навуковых публікацый, удзел у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, конкурсах навуковых работ), актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

 Накіраванне на стажыроўку педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры ажыццяўляецца па меры неабходнасці, але не больш як адзін раз у пяць гадоў для аднаго работніка. Тэрмін стажыроўкі не павінен перавышаць пяць месяцаў.

Асноўныя крытэрыіі адбору для накіравання на стажыроўку: высокія вынікі, дасягнутыя ў педагагічнай або культурнай дзейнасці; распрацоўка ўласных методык выкладання; наяўнасць дзяржаўных узнагарод, званняў лаўрэата, дыпламанта мастацка-творчых мерапрыемстваў, вопыту персанальных выставак, удзел у пленэрах, работа ў складзе рэжысёрска-пастановачнай групы ў мерапрыемствах з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; правядзенне сольных канцэртаў; стварэнне творчых праектаў; здольнасць да засваення і ўкаранення інавацыйных педагагічных і культурных тэхналогій, перадавога сусветнага вопыту.