Год, прысвечаны спадчыне

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Шэраг значных міждзяржаўных мерапрыемстваў запланаваны ў рамках Года гісторыка-культурнай спадчыны ў СНД, якія рэалізуюцца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц Садружнасці.

 

Адметна, што шэраг акцый адбудзецца і ў гарадах, што сёлета набылі статус Культурных сталіц СНД - Гомелі і Ульянаўску.

Сярод іншых падзей, вылучаюцца мерапрыемствы пад адкрытым небам - Летнія школы археолагаў краін СНД. Літаральна днямі чарговая іх змена адкрылася ў Азербайджане, Кыргызстане, Малдове. Як паведамляюць у МФГС, у Малдове, апрача мясцовай моладзі сабраліся археолагі-пачаткоўцы з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Расіі. Яны будуць даследаваць помнікі мінуўшчыны ў мікразоне "Трынка" на паўночным захадзе краіны. "Стварэнне шмаграннага ўяўлення аб археалогіі і прафесіі археолага магчымае толькі шляхам прыцягнення зацікаўленых студэнтаў да працы ў комплексных экспедыцыях ", - мяркуе кіраўнік школы, дырэктар Археалагічнага цэнтра Інстытута культурнай спадчыны Алег Лявіцкі.

Сярод найбольш знакавых мерапрыемстваў у рамках Года гісторыка-культурнай спадчыны ў СНД, што чакаюцца ўвосень, варта назваць VI Форум творчай і навуковай інтэлегенцыі і ўручэнне прэміі "Садружнасць дэбютаў" у Кіеве, Міжнародны семінар-трэніг па пытаннях спадчыны ў Алматы. Будуць працягвацца і пошукавыя работы, якія распачаліся ў рамках праекта "Вахта Памяці краін СНД-2011".

Да Года гісторыка-культурнай спадчыны прымяркуе восеньскія гастролі Маладзёжны сімфанічны аркестр Садружнасці.