У фармаце Нацыянальнай выстаўкі

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Кансультант аддзела выставачна-кірмашовай дзейнасці і рэгіянальнага супрацоўніцтва Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Батура паведамляе “К”, што 7 — 10 верасня ў горадзе Алматы пройдзе Нацыянальная выстаўка нашай краіны ў Рэспубліцы Казахстан.

 

/i/content/pi/cult/335/6142/2-2.jpg

Па словах Аляксандра Батуры, мэта выстаўкі - умацаванне станоўчага іміджа Беларусі, развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Казахстанам, садзейнічанне рэалізацыі дамоў, дасягнутых пад час візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспубліку Казахстан у маі бягучага года.

У міжнародным выставачным комплексе "Атакент Экспа" будзе прэзентаваны наш экспартны патэнцыял, прадстаўлена прадукцыя вядучых беларускіх прадпрыемстваў, што, несумненна, паспрыяе далейшаму прасоўванню айчынных навукова-тэхнічных распрацовак і адукацыйных паслуг на казахстанскі рынак.

Апрача палітычных, эканамічных мэт ёсць у выстаўкі і мэта культурнаінфармацыйная. Як распавядае галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Рахвалава, выступленні нашых творчых калектываў у Алматы станоўча паўплываюць на ўмацаванне культурных стасункаў дзвюх краін, на павышэнне інфармаванасці грамадскасці Казахстана аб культурным жыцці нашай краіны і традыцыях беларускага народа.

На адкрыцці выстаўкі выступяць ансамбль народнай музыкі і песні "Рагнеда" Заслаўскага ГДК, ансамбль песні і танца "Медуніца" Магілёўскай абласной філармоніі, вакальны гурт "Дубравушка" "Гомельхлебпрама".

А.С.