Высокія адзнакі дзяржавы

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Прэзідэнт Рэспублiкi Беларусь 2 жніўня падпісаў Указ аб уганараванні дзяржаўнымі ўзнагародамі вялікай групы грамадзян краіны. У ліку іншых, шэраг высокіх адзнак дзяржавы атрымалі дзеячы культуры і мастацтва.

 

У прыватнасці, ордэнам Францыска Скарыны, згодна з Указам Прэзідэнта, узнагароджаны член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Барыс Аракчэеў і артыст Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Уладзімір Яскевіч.

Медалём "За працоўныя заслугі", у ліку іншых, адзначаны член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Уладзімір Чарнышоў.

Вялікая група работнікаў культуры і дзеячаў мастацтва ўганаравана медалём Францыска Скарыны. Гэта артысты-вакалісты Маладзёжнага тэатра эстрады Гюнеш Абасава і Аляксей Хлястоў, вядучыя майстры сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Валерыя Арланава, Тамара Мужэнка, Ала Проліч, Віктар Рыбчынскі, загадчык кафедры харэаграфіі факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская, вядучы майстар сцэны Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Алена Дудзіч, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда, члены грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Аляксей Зінчук і Леанід Хобатаў, а таксама вядучыя майстры сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь - саліст балета Дзяніс Клімук і артыст-вакаліст Станіслаў Трыфанаў.

Указам Кіраўніка дзяржавы ганаровае званне "Народны артыст Беларусі" прысвойваецца галоўнаму дырыжору Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандру Анісімаву і вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Якаву Навуменку. Заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь цяпер салістка Вялікага тэатра Настасся Масквіна і вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Сяргей Чэкерэс. Званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь прысвоена мастацкаму кіраўніку ансамбля салістаў "Класік-Авангард" Уладзіміру Байдаву, а званне заслужанага дзеяча культуры - Мікалаю Назаранку, члену грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў".

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь