Кветкавы гадзіннік паказвае кветкавы час

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

На пытанні “Культуры” адказвае дырэктар УП “Зеленбуд” Кастрычніцкага раёна сталіцы Кацярына МІЛЬГУЙ.

 /i/content/pi/cult/128/614/Kvetki3.jpg
— Ці праўда, Кацярына Сцяпанаўна, што кветкавы гадзіннік ля ратушы сапраўды ідзе?
— Канешне, ідзе, і паказвае, дарэчы, самы дакладны час. Гэта адзін з самых вялікіх нашых сюрпрызаў мінчанам, усім беларусам да 940-годдзя сталіцы. Такі гадзіннік ёсць у Маскве на Паклоннай гары. Але нам трэба было зрабіць свой варыянт, свой гадзіннікавы механізм. Ім займаліся дасведчаныя інжынеры з “Інтэграла”. А гадзіннік быў усталяваны ў нашым Кастрычніцкім раёне. Заўважыў гэтую арыгінальную рэч мэр Мінска і прапанаваў: “Няхай ваш цудоўны гадзіннік пабачаць усе, хто прыйдзе на Свята горада”. Абралі для яго месца ля ратушы.
— Кожны горад павінен мець свой гадзіннік — сонечны, пясочны, а цяпер вось яшчэ і кветкавы…
— Гэта — пазнака новай культуры кветкаводства. Паглядзіце, як пераўтварылася наша старадаўняя сталіца за апошнія некалькі гадоў. Заўважна абнавіў работу “Зеленбуд”.Кветкі, так бы мовіць, выціскаюць за гарадскія межы нават буйныя заводы. Вось лета сышло, а кветкі будуць радаваць вока да снегу! Саджаем іх штодня…
— А якое яно, Кацярына Сцяпанаўна, гарадское кветкаводства? У часіны майго юнацтва яно пачыналася з невялічкай клумбы ля дома, дзе расло ўсяго некалькі відаў кветак, у асноўным аксаміткі і астры…
— Мінск — гэта мора кветак! У азеляненні прымае ўдзел вялікая колькасць людзей і тэхнікі. У парку “Зеленбуда” — некалькі трактароў, ёсць самыя розныя машыны і прыстасаванні… Я, да прыкладу, вялікая прыхільніца вертыкальнага азелянення.
— А што гэта такое?
— Кветкі ў кашпо, на металічных каркасах і разнастайных падстаўках. Фантазіі няма межаў. А каменныя горкі? Іх мноства, і ля кожнага валуна расце свая кветка. Гэтыя рознакаляровыя ручайкі нібы выцякаюць з-пад камянёў… Я вельмі люблю петунію ампельную, сурфінію пляцістую. Гэтыя кветкі ўстойлівыя ў гарадскім асяродку і надзвычай прыгожыя.
— Хапае спраў і для ландшафтных архітэктараў?
— Без іх мы як без рук! Раімся, просім дапамогі, каб кветкі ўпісваліся ў гарадскі асяродак арганічна, вытанчана і адмыслова.
— Каб для кожнага гараджаніна на кожным кроку быў свой нечаканы букецік?
— Менавіта так! Наш прафесійны абавязак — ператварыць Мінск у квітнеючы сад. Але трэба, каб усё было на сваім месцы і не назаляла. На Захадзе гэтае пытанне даўно вырашана, хоць праграмы азелянення ў розных краінах істотна адрозніваюцца. Вось і мы жадаем, каб кветкавы Мінск не быў падобны на іншыя замежныя праекты. Каб не было “пустых”, бясколеравых дзён: адкрасуе адна кветка — адразу пачынае радаваць вока іншая.
— Гэта і ёсць бесперапынны кветкавы эфект?
— Працэс, сапраўды, бесперапынны. Да таго ж, трэба працаваць незаўважна, каб ніхто асабліва не заўважаў, не звяртаў увагі на нашых кветкаводаў… Якія толькі кветкі ні саджалі сёлета кропельным шляхам: браткі, маргарыткі, турэцкія гваздзікі, незабудкі… Вы ж разумееце, кветкі самі па сабе не квітнеюць, іх трэба даглядаць — праполваць, падкормліваць, паліваць. Гэтым займаюцца дасведчаныя людзі, якія, як правіла, прыходзяць да нас без адукацыі, але ўцягваюцца ў гэтую працаёмкую, але цікавую справу…
— Нават селянін столькі на ўласнай градцы не працуе!
— Ад кветак не хочацца сыходзіць. Герань, сальвія, бегонія не адпускаюць.
— А мушкаты саджаеце?— А гэта і ёсць герань, па-народнаму — “мушкат”… Добра растуць дэкаратыўная капуста, цынія.
— Дарэчы, Кацярына Сцяпанаўна, а чаму ў горадзе апошнім часам няма на клумбах руж?
— Не паверыце: крадуць! Усе цяпер наўкола — дачнікі. Бывала, выкопвалі па 500 руж.
— Вось не чакала!
— Трэба вучыцца саджаць столькі кветак і ў такіх месцах, каб не з’явілася жаданне іх ірваць. Хіба ж станеш ахоўваць клумбы? Самі гараджане і павінны іх аберагаць, а не толькі любавацца кветкамі.“Кветкі сталіцы” — гэта вялікі праект “Зеленбуда”, многіх вучоных кветкаводаў. Сёлета, у Год дзіцяці, у нашым Кастрычніцкім раёне ён называецца “Няхай заўжды будзе сонца”: неба серабрыстае — з цынерарыя, промні — з лімоннага і апельсінавага тагетыса. Атрымалася! І не засталася наша праца незаўважанай сярод гараджан.
— Ці ёсць свой стыль у Мінску кветкавым?
— Я аддаю перавагу вольнаму стылю. Творчасць — непрадказальная. Хоць, натуральна, ёсць у сталіцы традыцыйны стыль азелянення. Я б назвала яго нечаканым, бо ўсе кветкаводы пастаянна шукаюць штосьці сваё, адмысловае.
— Мяне вельмі здзівілі сёлета мальвы. З вясковых кветнікаў яны сягнулі, нібы даўгалыгія дзяўчаткі, у гарадскія кварталы, прытуліліся ля шматпавярховікаў.
— Сённяшнія гараджане ў большасці сваёй — учарашнія вяскоўцы. Так што мальвы, нават махровыя, у Мінску прыжыліся. Вабіць вока і мальва традыцыйная… Раскажу вам, адкуль з’явілася наша знакамітая пярэстая курыца — кветкавая кампазіцыя, на якую прыязджаюць паглядзець не толькі мінчане. Гэта кавалачак вёскі ў горадзе. Некалькі
 /i/content/pi/cult/128/614/Kvetki2.jpg

 "Курыца".

аднапавярховых дамкоў, якія яшчэ не знесены, і раптам з-за павароту нібы выскоквае гэтая кветкавая курыца — адна такая на ўвесь Мінск.
— Падабаецца мне і фантан з кветак.
— Так! Трохметровая кампазіцыя таксама вабіць і здзіўляе… Але кветкі не толькі на вуліцах, але і ў дварах, на балконах, ля пад’ездаў. Такія конкурсы ладзім штогадова. Імкнёмся жыць цікава!
— Сёлета якім кветкам аддаяце перавагу?
— Гіяцынтам, цюльпанам, крокусам. Шмат лілей з’явілася ў гэтым годзе.
— І апошняе пытанне, Кацярына Сцяпанаўна. Арабескі ў аэрапорце — нібы ў Парыжы і Версалі. З чаго яны зроблены?
— З белай мармуровай крошкі і чырвонага ценісіту. Упрыгожанне доўгачасовае, не толькі да Свята горада.

Вольга ЯГОРАВА, наш спецкар.
Фота аўтара