Кніга і фотавыстаўка "Цярноўнік крэсаў" прысвечана жыццю выдатнага ўраджэнца зямлі беларускай - Эдварда Вайніловіча, фундатара аднаго з архітэктурных сімвалаў сучаснага Мінска - Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці. Знакавай для музея гэтая экспазіцыя стала яшчэ і таму, што ўпершыню на ёй паўсталі невядомыя для беларускай гісторыі выявы прадстаўнікоў знакамітага шляхецкага роду Ваньковічаў з іх сямейнага фотаархіва.
Фотаздымкі і кніга нібы дапаўняюць адно аднаго, маляўніча адлюстроўваючы прадстаўленыя на выстаўцы вобразы людзей, больш дэталёва раскрываюць іх характары, асаблівасці натуры. Выява чалавека, падмацаваная словам-успамінам яго родных, дазваляе нібы па-іншаму "зірнуць яму ў вочы", паглыбіцца ў яго ўнутраны свет, пабачыць шматграннасць натуры ў шматлікіх, няўлоўных для хуткага позірку, нюансах і тонкасцях, вымушае затрымлівацца ля кожнага з партрэтаў, раскрываючы ў іх новыя дэталі, цікавыя падрабязнасці і адметнасці лёсаў кожнага з членаў двух знакамітых беларускіх шляхецкіх родаў - Ваньковічаў і Вайніловічаў.
Яны парадніліся яшчэ ў XIX стагоддзі, калі Ганна з Ваньковічаў узяла шлюб з Адамам Вайніловічам. Такім чынам, сын апошняга, Эдвард, быў унукам іншага Эдварда - Ваньковіча - маршалка шляхты Мінскага павета, старшыні Мінскага губернскага міравога суда, буйнога памешчыка, уладальніка абшарных земляў у Мінскай губерні. Таксама ў XIX ст. яму належаў дом па вуліцы Валоскай у Мінску (цяпер - Інтэрнацыянальная, 33а), дзе сёння размяшчаецца музей. Ён, як і сто гадоў таму, гатовы не толькі сабраць пад сваім дахам нашчадкаў былых уладальнікаў, але і ўсіх тых, хто неабыякавы да слаўнай гісторыі сваёй краіны.
Варта адзначыць, што гэтая культурная падзея стала магчымай пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Ганна АНДРЭЙЧУК, малодшы навуковы супрацоўнік філіяла "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя"
На здымках: Эдвард Вайніловіч і яго бабуля Міхаліна Ваньковіч з Манюшкаў.