Леў — Левін

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Як паведаміла Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў старшыню Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, заслужанага архітэктара БССР Леаніда Левіна з 75-годдзем. “Таленавіты архітэктар, мастак і пісьменнік, Вы ўнеслі вялікі ўклад у развіццё айчыннай культуры. Створаныя па Вашых праектах будынкі і помнікі ўваходзяць у залаты фонд беларускага дойлідства і манументальнага мастацтва”, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. Прэзідэнт таксама адзначыў актыўную работу Леаніда Левіна на пасадзе старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, якая садзейнічае ўмацаванню міру і згоды на Зямлі.

/i/content/pi/cult/334/6135/pic_36.jpg"Прозвішча Левін утворана з хрысцільнага імені Леў і яго вытворных форм. Гэтае імя давалася святарам",- да такіх звестак адсылае адна з інтэрнэт-энцыклапедый. На льва Леанід Левін не падобны, гэтак сама, як і ягоную жонку Наташу я не ўяўляю львіцай. Мілыя, добрыя людзі.

Пазнаёміліся з Леанідам мы выпадкова. У лютым 1970 года (я працаваў тады фотакарэспандэнтам АПН) мне патэлефанавалі з Масквы:

- Адшукай чатырох чалавек (назвалі чатыры прозвішчы, сярод якіх было і прозвішча Левін. - Ю.І.). Яны атрымалі Ленінскую прэмію, толькі ты ім пра гэта не кажы. Патрэбны іх партрэты для публікацыі ў замежным друку...

Гэта быў аўтарскі калектыў стваральнікаў "Хатыні": архітэктары Юрый Градаў, Леанід Левін, Валянцін Занковіч і скульптар Сяргей Селіханаў.

Надта цяжка было ўтрымацца ад адказу на пытанне: "Для чаго нашы фотаздымкі спатрэбіліся?" Шчыра кажучы, Левіну - ён мне падаўся сімпатычным - я даверліва шапнуў пра будучае лаўрэацтва (пастанова публікавалася праз месяц, 22 красавіка - у дзень нараджэння Леніна), папрасіўшы нікому не казаць аб гэтым. Той кіўнуў галавой, і я зразумеў, што прагаварыўся па маладосці. Карацей, мы сталі сябрамі.

Выраз "Архітэктура - застылая музыка" належыць нямецкаму тэарэтыку мастацтва Фрыдрыху Вільгельму Ёзафу Шэлінгу. Ён быў апублікаваны ў 1842-м, хоць да яго сорак гадоў таму пра гэта казалі французская пісьменніца Жэрмена дэ Сталь і нямецкі паэт Ёган Вольфганг Гётэ.

- Для мяне музыка загучала ў пяць гадоў у гарадскім пасёлку Кара-Балты ў Кіргізіі, куды нас эвакуіравалі з Мінска,- Левін успамінае далёкі 1942-і. - Я заставаўся адзін у маленькім пакоі, і адзінай радасцю было сонца. Яно пранікала праз маленькае акенца, і ягоныя промні рассыпаліся па закопчаных сценах, пакідаючы феерычныя шматкаляровыя карціны шчасця... Промнікі вандравалі па сценах, я лавіў іх рукамі, і яны дарылі мне сваё цяпло... Сонца давала мне першыя ўрокі мастацтва...

У 1969 годзе Леанід аддаў даніну сонцу. У Бухары (Узбекістан) па праекце Левіна быў усталяваны помнік воінам-бухарцам, што загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Помнік адлюстроўваў сонечны паўкруг, чацвёртую частку якога завяршаў падаючы салдат. Ідэя выканання была містычнай. Фігура воіна з аўтаматам у руках засланіла сонца.

Але гэта было потым. У 1945 годзе Левін вярнуўся ў Мінск. Пустка, бітая цэгла, палаткі... 13-я школа па вуліцы Якуба Коласа. Гурток малявання ў Палацы піянераў на плошчы Свабоды. Настаўнік малявання Сяргей Пятровіч Каткоў. Размяшчаліся ў адным пакоі з авіямадэлістамі, фотааматарамі і тымі, хто вышываў крыжыкам.

- Мы малявалі адроджаны Мінск. Горад-фенікс. Мы - гэта Барыс і Міша Заборавы, Нэла Шчасная, Яўген Шыбнёў... У

 той час студыйцы-гурткоўцы адзначылі для сябе два значэнні шчасця. Першае - праехацца з эцюднікам на буферы трамвая. Другое - белы хлеб з цукрам. Як пірожнае!..

Нягледзячы на тое, што школа славілася хуліганствам, Левін быў адзіным медалістам у класе. Залаты медаль!

Паступае на архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. На першай жа лекцыі звярнуў увагу на косы і блакітныя вочы студэнткі, што зачароўвала сваёй непрыступнасцю. Першым разам яны пацалаваліся праз 832 дні, на трэцім курсе. Наташа Афанасьева стала жонкай праз восем гадоў знаёмства...

- Наташа! Дай мне тэлефон! Я ж чую, ён звоніць! Каму ты кажаш, што я заняты? Каму? Ты не можаш ведаць, заняты я ці вольны!

Наташа прыносіць мужу мабільны тэлефон.

- Ало! - Левін пераўтвараецца. - Добры дзень, Сяргей Іванавіч! ("Дырэктар Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны!" - мне, шэптам.- Ю.І.). Учора ў мяне быў у гасцях міністр культуры, Павел Паўлавіч Латушка. Я гутарыў з ім пра нашу ідэю дзясятай залы... Дзякуй, дзякуй! І вам усяго найлепшага!..

Мы размаўляем з Леанідам ва ўтульнай кватэры, падобнай на музей. Тут- калекцыя драўляных лыжак, што пачалася з набытай у Прыбалтыцы для шасцігадовай дачкі Галіны, самаграючыя музычныя інструменты, сярод якіх - грамафон з вялізным раструбам, сіфаніён, падобны на гарадок у табакерцы з аднайменнай казкі. Мноства званочкаў- хрустальныя, керамічныя, бронзавыя, прывезеныя з усяго свету! Масіўныя драўляныя дзверы XV стагоддзя з нерасшыфраванымі надпісамі на арабскай мове - падарунак з Бухары... Чаго тут толькі няма!..

Наша гутарка з Левіным перапыняецца тэлефоннымі званкамі. Леанід адказвае на віншаванні і аддзячвае кампліментамі.

Унікальны чалавек! Пералік створанага ім заняў бы, мусіць, усю плошчу гэтага нумара.

Увесь свет прыняў "Хатынь" творам, роўных якому няма. Гісторыя стварэння - простая. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў, былы партызан, хацеў пакінуць памяць пра мінулую вайну. Леанід Левін стварыў шмат помнікаў тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай, за што па заслугах стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і атрымаў дыплом за нумарам адзін.

Чарговай работай быў праект помніка ў спаленай вёсцы Велье, што ў Віцебскай вобласці. Працаваў разам з Валянцінам Занковічам. Машэраў паглядзеў праект і сказаў:

- Далёка ад Мінска. Ідэя - добрая, але мы пашукаем што-небудзь бліжэй...

Быў абвешчаны рэспубліканскі конкурс на мемарыяльны комплекс у спаленай вёсцы Хатынь. Удзельнічалі 11 творчых груп. Перамаглі Градаў, Занковіч, Левін і Селіханаў...

У колішняй вёсцы засталіся падмуркі ад хат, усё парасло травой. Быў месяц сакавік. Сонейка прыгравала па-веснавому. Тройка архітэктараў блукала па высокай траве і раптам пачула спеў жаўрука.

- Гук, гук, павінен быць гук!..

Не важна, хто прамовіў тыя словы. Так узнікла ідэя званоў...

 

 ■ ■ ■

Леанід Мендзелевіч Левін- мудры чалавек. Я папрасіў яго выказаць пажаданне чытачам газеты "Культура". Вось ягоныя словы: "Выхоўвайце сваіх дзяцей на культуры. Без культуры няма руху наперад!..".

На здымку: Леанід Левін (справа) разам са скульптарам Анатолем Анікейчыкам у Мемарыяльным коплексе "Прарыў".

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф