Міратворчае святло

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Майстар-клас: пазітыўны ракурс

Міжнародны сацыяльна-культурны праект "Майстар-Міратворац" быў арганізаваны ў 2009 г. пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Па словах ініцыятара праекта мастака Іларыі Вечар, у будучыні плануецца рэгістрацыя праекта ў UNESCO. "Майстар-Міратворац" аб'ядноўвае аднадумцаў, якія зацікаўлены ў развіцці і папулярызацыі пазітыўнага ў выяўленчым мастацтве ды народных промыслах. Праект мае на ўвазе развіццё рамёстваў, аказанне дапамогі дзеячам культуры і мастацтва.

Для ўдзельніцы праекта Аляксандры Дзятлавай творчасць - гэта працэс пазітыўнага перажывання. Калі ўзнікае стан захаплення, тады з'яўляецца і патрэба падзяліцца натхненнем з гледачом.

А вось меркаванне мастака Рыгора Даніляна, аднаго з удзельнікаў праекта: - Звацца Майстрам мае права тая асоба, якая з любоўю ставіцца да сваёй справы служыць людзям, сваёй краіне, чалавецтву. Сапраўдны майстар заўсёды нясе ў сябе святло...

Сёння ў праекце ўдзельнічае больш за дзесяць майстроў. Праведзена звыш трыццаці дабрачынных выставак рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўняў. Удзельнікі ладзяць майстар-класы па кераміцы, батыку, бяросце, жывапісе, графіцы.

Надзея ЗАЙЦАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ