“Цалаваў я, цалаваў...”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Калінкавіччына: песня і казка

/i/content/pi/cult/334/6133/pic_35.jpgЯны чакалі ледзь не паўдня. А мы разам з начальнікам аддзела культуры Віктарам Левановічам на службовым легкавіку кружылі па Калінкавічах, заехалі ў Дудзічы і Юравічы, а ва Углы трапілі толькі апоўдні. 

Маленькая вёсачка на адну звілістую вуліцу, знакамітая ў раёне тым, што тут жыве Песня. А "гадуюць" яе жанчыны з аматарскага аб'яднання "Спадчына". Менавіта яны і прызначылі мне "рандэву".

Гэтых людзей звычайна называюць носьбітамі нашай традыцыйнай культуры. Хоць і дакладна, але крыху сухавата. Напэўна, найперш тут варта сказаць, што ў кожнай з жанчын - няпросты жыццёвы лёс, дзе апрача песні іншага адхлання для душы проста не было. І песня, пачутая ў дзяцінстве, станавілася абярэгам, тымі крыламі, што ўзнімаюць над светам і далучаюць да спеўнай прасторы продкаў.

 І такімі "крылатымі" Углы багатыя. Гэта Ніна Іванаўна Салавянчык, Алена Фёдараўна Пінчук, Паліна Фёдараўна Стрэльчанка, Глафіра Сямёнаўна Скародзька, Вольга Парфіраўна Банчук, Груня Мікалаеўна Шынкарэнка... А кіруе "Спадчынай" ледзь не 20 гадоў Галіна Аднаральчык - дырэктар суседняга Беразнянскага СДК.

А песні ў кабет - розныя. Пра тое, як казак (беларускі!) на вайну ішоў, як маладая з маладым развітвалася, якая зямля наўкола - цудоўная, як жыта родзіць і як кружляе бусел над Юравічамі...

Іх трэба слухаць, фатаграфаваць, запісваць іх песні і згадкі пра маладосць. І рабіць гэта варта скрупулёзна ды сістэмна, каб пасля не атрымалася, як у той песні "Спадчыны": "Цалаваў я, цалаваў - не нацалаваўся... Як у садзе салавей, не нашчабятаўся..."

На здымку: ансамбль "Спадчына".

 Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"