Вярнуць моду на тэатр

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Рагачоў: пошукі новага вобраза

У Рагачове пры ГДК дзейнічае народны тэатр - найстарэйшы ў раёне.

А ўсё пачыналася ў няпростыя пасляваенныя гады. У 1947-м быў пастаўлены спектакль "Каханне Ані Бярозкі". Калектыў стаў дыпламантам Рэспубліканскага агляду-конкурсу народных тэатраў і драматычных калектываў.

Аб'яднаў жа ўсіх аматараў-тэатралаў рэжысёр-пастаноўшчык Аляксей Сількевіч. Менавіта пры ім склаўся шэраг традыцый: у тэатры павінны быць як сталыя, так і маладыя акцёры; дзень нараджэння - агульнае свята для ўсіх удзельнікаў... На жаль, не так даўно з'явілася новая традыцыя- дзень памяці Аляксея Ігнатавіча.

Доўгі час тэатр не мог знайсці таленавітага, крэатыўнага кіраўніка, які ўзнавіў бы рэпетыцыі, займаўся б дэкарацыямі, новымі пастаноўкамі, таму дзейнасць калектыву часова прыпынілася. Але ўрэшце на пасаду рэжысёра прыйшла Ірына Вішнеўская. Новы кіраўнік робіць усё магчымае, каб утрымаць тое, што гадамі было напрацавана пры Сількевічы.

Тым не менш, зала з кожнай прэм'ерай пусцела. Па меркаванні начальніка аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіла Зайцава, прычынай з'яўляецца тое, што да гэтага тэатра перастала цягнуцца моладзь. Дарэчы, у Рагачове ёсць маладзёжны тэатр "Мэтр", які карыстаецца папулярнасцю сярод маладых людзей горада. Раённыя ўлады робяць усё магчымае, каб аднавіць добрую традыцыю рагачоўцаў: па суботах наведваць тэатр пры ГДК. "Мы набылі новыя касцюмы для пастановак, зрабілі новую сцэну, займелі сучасную гукавую апаратуру і новае асвятленне, што павінна дапамагчы ўстанове прыцягнуць публіку",- кажа Міхаіл Зайцаў. Так, райвыканкам падтрымлівае тэатр. На жаль, не так актыўна ўдзельнічаюць у гэтым прадпрыемствы горада...

Аснова любой трупы - акцёры. У дадзеным выпадку гаворка- не аб прафесіяналах, а аб аматарах тэатральнага мастацтва, прадстаўнікоў самых розных прафесій. У Рагачоўскім народным гэта- работнікі культуры, рабочыя з малочнакансервавага камбіната, Беларускага металургічнага завода з суседняга Жлобіна. Словам, тэатр - ёсць, але як зрабіць яго сапраўды крэатыўным?

Мне здаецца, спачатку варта прывабіць маленькіх гледачоў у тэатр лялечнымі спектаклямі і дзіцячымі пастаноўкамі, каб стаў ён месцам агульнага сямейнага адпачынку.

Дзмітрый СІМАНАЎ

Рагачоў