У гонар Дарагастайскага і ягонай “Гіпікі”

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Яшчэ адзін літаратурны помнік, створаны на беларускай зямлі, вяртаецца да чытачоў. Напрыканцы жніўня ў выдавецтве “ЮНІПАК” выйшла з друку “Гіпіка, альбо Кніга пра коней” Крыштафа Монвіда Дарагастайскага.

 /i/content/pi/cult/128/613/Gipiki.jpg
Як вядома, упершыню “Гіпіка” пабачыла свет у 1603 г. у Кракаве, у друкарні Анджэя Пятркоўчыка. Гэта быў фактычна першы ўзор кнігі навукова-папулярнага жанру — дапаможнік па конегадоўлі і ветэрынарыі, напісаны грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага, ды яшчэ адным з яго сенатараў, вялікім маршалкам. Крыштаф Монвід Дарагастайскі карыстаўся пры жыцці агульнай павагай шляхты як ВКЛ, так і Кароны Польскай: дзяржаўны дзеяч, які не баяўся спрачацца з самім каралём, дыпламат, гераічны абаронца Бацькаўшчыны на ратных палях, навуковец, пісьменнік, мецэнат, падарожнік у мірны час… Аднак дасюль гэты надзвычай цікавы і багаты на годныя ўчынкі лёс заставаўся нібы ў цені гісторыі, амаль не закрануты ўвагай айчынных даследчыкаў. Таму ў першым беларускамоўным выданні “Гіпікі” змешчана біяграфія яе аўтара, сабраная па крупіцах з польскіх крыніц.
Асабліва каштоўнымі тут аказаліся працы сучаснага даследчыка жыцця і пісьмовай спадчыны Дарагастайскага — доктара габілітаванага, прафесара Яна Серадыкі з горада Аполе, у прыватнасці, яго кніга “Князёўна і бедны слуга”, аповед пра сямейнае жыццё вялікага маршалка.
Напрыканцы новага выдання, у дадатку пад назвай “Акрамя “Гіпікі” змешчаны выбраныя вершы і дакументы Дарагастайскага з Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве і ягоны ж “Парадак, паводле якога каб жонка мая і чэлядзь, якая пры ёй будзе, сябе паводзілі…” — гэтая строгая інструкцыя, напісаная раўнівым мужам уласнаручна на час яго ад’езду да гарачых падуанскіх крыніц, маецца ў Бібліятэцы Чартарыскіх у Кракаве. Завяршаюць дакументальную частку тэстамент вялікага маршалка (пераклад яго апошняга волевыяўлення выкананы паводле копіі, якая захоўваецца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве) і генеалагічная табліца Дарагастайскіх.
Кніга, адноўленая ў фармаце А4, мае каштоўнасць і як мастацкі альбом, бо на яе старонках адлюстраваны 44 гравюры слыннага мастака Тамаша Макоўскага, якія былі фактычна недаступныя аматарам ыяўленчага мастацтва. (Адзіны на Беларусі старадаўні экзэмпляр “Гіпікі”, перавыдадзены ў XVIII ст. са спрошчанымі ілюстрацыямі-дрэварытамі, захоўваецца ў аддзеле кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі.) Высакаякасную электронную копію першай “Кнігі пра коней”, з якой рабіліся ілюстрацыі для сучаснага выдання, даслаў выдавецтву Фонд князёў Чартарыскіх пры Нацыянальным музеі ў Кракаве, усталяванню кантактаў з якім паспрыяў Польскі Інстытут у Мінску. У новай кнізе можна ўбачыць таксама прыжыццёвыя партрэты Крыштафа Дарагастайскага і яго жонкі Соф’і, герб Дарагастайскіх “Ляліва”, факсімільныя адбіткі старонак з першага выдання “Гіпікі” і “Парадку”, аўтограф вялікага маршалка…
Пераклала “Гіпіку” са старапольскай мовы на беларускую Святлана Ішчанка, рэдактар гісторыка-краязнаўчага аддзела газеты “Культура”. Пераклады архіўных дакументаў выкананы сумесна з вядучым палеографам аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Германам Брэгерам. У падрыхтоўцы кнігі да друку, складанні каментарыяў удзельнічала вялікая творчая група: навукоўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, гісторыкі, мовазнаўцы, пісьменнікі…
Прэзентацыя “Гіпікі” адбылася падчас культурна-спартыўнага свята “Дні
 /i/content/pi/cult/128/613/Gipiki3.jpg

   Гравюры Тамаша Макоўскага з "Гіпікі".

Дарагастайскага”, якое праводзілася 25 — 26 жніўня з нагоды адкрыцця аднайменнага з кнігай коннаспартыўнага цэнтра “Гіпіка” на роднай для Крыштафа Монвіда Ашмяншчыне.
Уласна кажучы, коннаспартыўны цэнтр у вёсцы Грынцы існаваў ужо шмат гадоў, але зараз ён бярэ новы накірунак — пачынае працаваць таксама і ў якасці асяродка аграэкатурызму і здаровага адпачынку. (Больш падрабязную інфармацыю пра гэта можна знайсці ў новым выданні “Гіпікі”.) Праўленне КСЦ на чале са старшынёй Наталляй Золінай разам з раённым кіраўніцтвам зацікаўлена ў распрацоўцы конных і іншых турыстычных маршрутаў па Ашмянскім краі. Таму цэнтр “Гіпіка” падтрымаў праект выдання кнігі і ўшанавання памяці свайго папярэдніка, магната-конегадоўца.
Свята распачалося з выстаўкі карцін па выніках пленэру ў памяць К.М. Дарагастайскага, які правяла група мастакоў “Pleneria” на чале з Ігарам Гардзіёнкам. (Выкананы ім па матывах гравюры 1605 г. партрэт вялікага маршалка змешчаны ў пачатку кнігі.)Частка гэтых твораўпадорана Ашмянскаму раёну. Адкрыццё КСЦ “Гіпіка” віталі намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга, старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Валянціна Лузіна. У ліку ганаровых гасцей з нагоды выхаду кніжнага помніка мелі слова таксама дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, загадчык аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Кірэева, палеограф Герман Брэгер. Адзін з першых экзэмпляраў “Гіпікі” галоўны рэдактар выдавецтва “ЮНІПАК” Валерый Дубоўскі ўрачыста ўручыў школьнікам з Мураванай Ашмянкі — колішняга ўлюбёнага маёнтка Дарагастайскага.
У гэтыя дні ў Грынцах упершыню прайшлі спаборніцтвы па канкуры на Кубак К.М. Дарагастайскага, у якіх паказвалі спрыт, мужнасць і ўменне ладзіць з канём як вопытныя спартсмены, так і пачаткоўцы. У найбольш складаным пераадольванні перашкод першае месца заняў майстар спорту Сяргей Антановіч на кані па мянушцы Гіпноз з ДЮСШ “Камунар” Навагрудскага раёна. У канкуры на маладых конях лепшай парай сталі майстар спорту Іна Кучарава і Рэгіён з той жа ДЮСШ. А потым былі паказальныя выступленні трэнера “Гіпікі” па выездцы Святланы Лойка і яе выхаванак — неверагодна прыгожы канкан на конях. І, пэўна, Дарагастайскі ўсцешыўся б, пабачыўшы такіх годных прадаўжальнікаў сваёй справы. Ён марыў, каб у Рэчы Паспалітай з’явіліся вышэйшыя школы коннай язды на ўзор іспанскай і неапалітанскай, але манежная язда пачала ўваходзіць у моду на нашых землях толькі ў XVIII стагоддзі…
Свята працягваў канцэрт з удзелам самадзейных і прафесійных калектываў. І нарэшце ў вечаровым небе рассыпаўся феерверк пад скандзіраванне юных спартсменаў-коннікаў: “Гіпіка! Гіпіка!”. Радасна, што добры пачатак ушанаванню памяці К.М. Дарагастайскага пакладзены і яго ўлюбёная справа прадаўжаецца землякамі. У планах кіраўніцтва Ашмянскага раёна і цэнтра “Гіпіка” — пракладка турыстычнага маршруту ў Мураваную Ашмянку, да рэшткаў маёнтка вялікага маршалка, стварэнне прысвечанай яму музейнай экспазіцыі.

Андрэй КАШТАНАЎ
Мінск — Грынцы — Мінск