Напрыканцы ліпеня ў рамках праекта "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011" у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстаўка "Прадметы дэкору традыцыйнага жытла: малюнкі на шкле".
У экспазіцыі прадстаўлены 46 малюнкаў на шкле разнастайнай тэматыкі з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, дзе захоўваюцца калекцыі, што адлюстроўваюць традыцыі, рамёствы і заняткі беларусаў канца ХІХ - першай паловы ХХ стагоддзя.
У іх ліку - унікальная калекцыя малюнкаў на шкле, многія з якіх захаваліся ў адзінкавым асобніку.
Тэхніка жывапісу на шкле была распаўсюджана ў заходнееўрапейскіх краінах, адкуль трапіла на тэрыторыю Беларусі. Тут яна набыла папулярнасць сярод сялян, якія пісалі на шкле абразы і выстаўлялі іх на покуці. У 1-й палове ХХ стагоддзя шырокае распаўсюджанне атрымалі маляваныя рамкі для фота, жаночыя партрэты, пейзажы, нацюрморты з букетаў кветак.