Калі надыдзе “Час любіць”?

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Да пачатку “Часу любіць!” засталося 40 дзён — менавіта так хочацца сказаць пра чарговы, шаснаццаты па ліку, Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, які сёлета пройдзе ў гасцінным Брэсце з 9 па 17 верасня.

І менавіта так гучыць дэвіз сёлетняй тэатральнай сустрэчы ў больш як тыднёвым фестывальным рэжыме.

Па традыцыі, "Белая вежа" прадстаўляе тэатральнае мастацтва калектываў з розных краін свету, гарманічна спалучаючы прадаўжальнікаў нацыянальных традыцый і калектывы, чый асноўны творчы шлях - эксперымент. За паўтара дзесяцігоддзя свайго існавання ў рамках гэтага знанага ў свеце форуму на брэсцкіх сцэнах сваё мастацтва прадэманстравалі тэатральныя калектывы з больш чым паўсотні краін свету. І сёлета ўжо не адзін дзясятак творчых груп выказаў сваё жаданне наведаць са спектаклямі горад над Бугам.

Не будзем раскрываць сакрэтаў фестывальнай афішы - няхай яны да пары да часу захаваюць сваю інтрыгу. Скажам толькі, што і сёлета, як заўсёды, брэсцкая "Белая вежа" парадуе гледачоў пастаноўкамі сусветнай і нацыянальнай драматургіі, эксперыментальнымі паказамі, у тым ліку ў жанры пластыкі і сучаснай харэаграфіі, лялечнымі спектаклямі і маладзёжнымі работамі, велічнымі прадстаўленнямі і многім іншым з таго, што цягам свайго "жыцця" выклікала цікавасць прыхільнікаў мастацтва.